Тут жыве прыгажосць…

У нашым дзіцячым садзе ўжо трэцяе дзесяцігоддзе працуе выхавальнік Наталля Віктараўна Васільева — добры, прыгожы, далікатны чалавек, прафесіянал. Амаль увесь час яна працуе ў ясельнай групе. Колькі ўвагі, дабрыні і цярпення патрабуюць малышы, яна добра ведае. Мне хочацца расказаць пра яшчэ адзін яе талент — мастацкі.

У Наталлі Віктараўны — выключны густ і залатыя рукі. Кожнае памяшканне ў садку, тэрыторыя дашкольнай установы аформлены менавіта ёй. Таму мы маем свой стыль. Сучасны сябра “інэт” дапамагае нам знайсці цікавыя ідэі, а Наталля Віктараўна ўвасабляе іх у жыццё.

Так, на нашым будынку з’явілася кацяня “Банцік”, дзеці раніцай і вечарам вітаюць яго. Летам па зялёнай траўцы ў садок шыбуе мама качка з качанятамі, высокае дрэва агароджвае плот “Сям’я”, у прыгожую шпакоўню вясной засяляецца птушынае сямейства. А зімой нашы яблыні “апранаюць” шыкоўныя шалікі (такі ўбор называецца ярн-бонбінг). У гэтым годзе мы аформілі на тэрыторыі фотазону “Тут любоў жыве”. Бацькі з дзецьмі фатаграфуюцца разам, а нам прыемна, што ў сямейным альбоме застанецца памяць і пра нас.

Мы ствараем прыгажосць для таго, каб нашы малышы разумелі, што іх тут чакаюць і любяць.

Марына КРАЎЦОВА,
загадчык ясляў-сада № 8 Наваполацка.