Сяброўства дашкольнікаў і кадэтаў

Вялікая работа па выхаванні патрыятычных пачуццяў у дзяцей дашкольнага ўзросту вядзецца ў яслях-садзе № 24 Полацка. У выніку сістэматычнай, мэтанакіраванай выхаваўчай і адукацыйнай работы ў выхаванцаў фарміруюцца элементы грамадзянскасці і патрыятызму. Стала ўжо традыцыяй супрацоўніцтва нашай дашкольнай установы з Полацкім кадэцкім вучылішчам.

У рамках праграмы пераемнасці паміж ступенямі адукацыі яго навучэнцы нядаўна пабывалі ў гасцях у дзяцей са старшай групы “Вясёлка”. Музычна-спартыўнае свята стала свайго роду сустрэчай пакаленняў, у якім прынялі ўдзел дашкольнікі, кадэты, таты і дзядулі нашых выхаванцаў. Мерапрыемства было запланавана з мэтай фарміравання маральна-патрыятычных пачуццяў падрастаючага пакалення. Свята пачалося з выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Урачыста і велічна гучалі з вуснаў прысутных дарослых і дзяцей знаёмыя словы: “Мы, беларусы — мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі…” Пасля выканання гімна выхаванцы старшай групы прадэманстравалі сваё ўменне маршыраваць, спяваць і выконваць каманды, пасля іх выступлення надышла чарга кадэтаў паказаць сваю спартыўную падрыхтоўку і ваенную выпраўку. З вялікім задавальненнем гаспадары і госці свята прымалі ўдзел у конкурсах “Чыя каманда хутчэй пастроіцца?”, “Дружныя разведчыкі”, “Салдацкая каша”, эстафеце “Марш-кідок у поўнай выкладцы”. А падчас сумесных эстафет станоўчыя эмоцыі перапаўнялі і малых, і дарослых. Крануў і запомніўся ўсім прысутным “Ваенны вальс” у выкананні выхаванцаў дашкольнай установы, прысвечаны воінам, якія абаранялі нашу Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. І апошнім этапам стала фота на памяць — усёй дружнай кампаніяй.

Мерапрыемства пакінула незабыўныя ўражанні. Мы вельмі хочам, каб словы “мужнасц­ь”, “абавязак”, “гонар”, “сумленне” былі для нашых выхаванцаў зразумелыя з дзяцінства і сталі ладам жыцця. Малышы заўсёды з павагай і зайздрасцю глядзяць на падцягнутых, спрытных, разумных і прыгожых кадэтаў, імкнуцца быць падобнымі на іх. Педагагічны калектыў ясляў-сада дзякуе намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Полацкага кадэцкага вучылішча Людміле Альбертаўне Чура за падтрымку, пераемнасць сувязей школы і дашкольнай установы і спадзяецца на новыя радасныя суст­рэчы з навучэнцамі-кадэтамі!

Ірына ДЗЯНІКІНА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 24 Полацка.