Развівацца, расці і… вырошчваць

Галоўная мэта раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў — метадычнае забеспячэнне павышэння якасці адукацыі ва ўстановах адукацыі горада і раёна, удасканаленне прафесійнай кваліфікацыі педагогаў. Планаванне работы аб’яднання ажыццяўляецца на аснове адукацыйных патрэб педагогаў. На пасяджэнні мы запрашаем прадстаўнікоў метадычных службаў, выступленні якіх утрымліваюць не толькі пазнавальную інфармацыю, але і практычныя рэкамендацыі па арганізацыі работы ў школе і на прышкольным участку. Акрамя традыцыйных форм правядзення РМА, стараемся выкарыстоўваць выязныя экскурсіі.

Так, пры наведванні Арэхаўскай школы была арганізавана экскурсія ў мясцовую цяплічную гаспадарку, дзе вырошчваюць агародніну адкрытага і закрытага грунту. У зімовых цяпліцах спелі агуркі і таматы: тэхнолаг пазнаёміў нас з агратэхнічнымі метадамі вырошчвання гэтых культур. Атрыманыя звесткі, безумоўна, будуць карысныя для настаўнікаў біялогіі, паколькі 8 школ раёна і 1 гарадская маюць на сваіх прышкольных участках цяпліцы. Далей наш шлях ішоў праз кансервавы цэх, дзе ажыццяўляецца перапрацоўка нестандартнай прадукцыі. Мы прадэгуставалі агароднінныя кансервы, бярозавы і таматны сокі і зрабілі выснову, што цяпер будзем набываць прадукцыю менавіта гэтай гаспадаркі. У завяршэнне наведалі мясцовую царкву, якая мае вельмі цікавую архітэктурную асаблівасць: бярвенні пры будаўніцтве ўкладвалі не гарызантальна, а вертыкальна — практычна частакол з купалам.

На пасяджэнне па тэме “Выкарыстанне эфектыўнага педагагічнага вопыту ў выкладанні біялогіі” ў школу № 20 быў запрошаны член асацыяцыі адукацыі для ўстойлівага развіцця загадчык практыка-развіццёвага комплексу “Парк экалагічнай культуры” Валерый Анатольевіч Роткін. Госць адразу далучыўся да працы: вызначыў актуальныя экалагічныя праблемы прасторы школы і правёў семінар па азеляненні. Настаўнікі ажыццявілі віртуальную экскурсію, паспрабавалі сябе ў ролі дызайнераў. Раней навучэнцамі школы была праведзена даследчая работа па вывучэнні ўрадлівасці глебы на прышкольным участку. На семінары, выкарыстоўваючы атрыманыя дзецьмі даныя, Валерый Анатольевіч даў канкрэтныя рэкамендацыі па высадцы тых раслін і драўняных парод, якія камфортна адчуваюць сябе на характэрных для гэтай тэрыторыі малаўрадлівых суглінкавых глебах. Не менш цікавіла настаўнікаў, як ідзе рэалізацыя экалагічнага праекта UmweltmachtSchule, у якім навучэнцаў і педагогаў падтрымлівае Інстытут імя Гётэ ў рамках ініцыятывы “Школы-партнёры будучыні”. У прыватнасці, у рамках праекта для падтрымання відавой разнастайнасці былі высаджаны 13 туй, а таксама праведзена вапнаванне глебы для паляпшэння яе якасных паказчыкаў (фінансаванне інстытута).

Настаўнікі біялогіі актыўна супрацоўнічаюць з Аршанскім лясгасам. На пасяджэнне па тэме “Аптымальнасць выбару метадаў навучання біялогіі” мы запрасілі намесніка дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Юрыя Алегавіча Мяжэвіча. Удзельнікі РМА наведалі новы гадавальнік паблізу вёскі Чырвонай Харкоўкі. На яго тэрыторыі ў 23,4 гектара высаджаны 7 мільёнаў саджанцаў ліставых і іглічных парод. У найбліжэйшы час тут будуць вырошчваць дэкаратыўна-пасадачны матэрыял. Лепшыя асобнікі ўпрыгожаць наш горад і тэрыторыі школ. Юрый Алегавіч расказаў пра асаблівасці пасадкі і вырошчвання многіх драўняных парод. А школа № 20 атрымала ў падарунак ад шэфскага прадпрыемства 10 саджанцаў сасны для пасадкі на прышкольным участку.

Наступным прыпынкам быў Копыскі дэндрарый. Настаўнікі здзейснілі экскурсію па прысадах, пазнаёміліся з флорай гэтага цудоўнага кутка прыроды. Вяртаючыся назад, мы дзяліліся сваімі ўражаннямі, абмяркоўвалі і планавалі з улікам убачанага работу на прышкольным участку. Вынікам стала акцыя па зборы ягад на тэрыторыі дэндрарыя. Усе сабраныя ягады былі бязвыплатна перададзены ў Бабініцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Пасля такіх пасяджэнняў РМА падымаецца настрой, загараюцца вочы, з’яўляюцца новыя ідэі. І важна, што яны заўсёды знаходзяць падтрымку як сярод калег, так і з боку кіраўніцтва — у нашага куратара з аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аксаны Васільеўны Крыўко і дырэктара школы Таццяны Анатольеўны Кажарновіч. А значыць, працяг будзе.

Наталля ЛАЗАРЭВІЧ,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 20 Оршы, кіраўнік РМА.