“Развіццёвая азбука”

Сучасным грамадствам усё глыбей і глыбей усведамляецца неабходнасць ажыццяўлення навучання і выхавання на шырокім гісторыка-культурным фоне. Сёння настаўнікі імкнуцца ў працэсе навучання выхоўваць у школьнікаў пачуццё прыналежнасці да свайго народа і яго традыцый, гонару за ўнікальную культуру Беларусі. У гэтым імкненні можа дапамагчы праект “Развіццёвая азбука”, які сёння распрацоўваецца і паспяхова вырашае праблему культуралагічнай кампетэнцыі навучэнцаў малодшых класаў.

У 2016/2017 навучальным годзе я пачала праца­ваць настаўніцай пачатковых класаў у сярэдняй школе № 24 Віцебска і адзначыла, што дзеці адчуваюць цяжкасці пры адказе на пытанне аб народах, якія жывуць у Беларусі, дапускаюць памылкі ў імёнах вядомых землякоў і апісанні важных для кожнага беларуса гістарычных па­дзей.

З мэтай вырашэння гэтай праблемы я распрацоўваю праект “Развіццёвая азбука”. Пры дапамозе азбукі навучэнцы могуць атрымаць не толькі займальную інфармацыю аб літары, але і звесткі аб людзях, якія праславілі нашу краіну сваёй працай, аб жывёльным свеце Рэспублікі Беларусь, аб цікавых фактах, якія тычацца беларускіх гарадоў і свету ў цэлым.

Да азбукі можна звяртацца на працягу перыяду навучання ў пачатковай школе. Адбор матэрыялу для гэтага праекта праходзіў у адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі малодшых школьнікаў і ўзроўнем іх ведаў.

Азбука для зручнасці падзелена на блокі пэўнай тэматыкі.

Блок “Факты аб Беларусі”

Матэрыял уключае пазнавальную інфармацыю:

* аб адным з гарадоў Беларусі: гісторыя ўзнікнення, займальны факт, даведка аб паходжанні назвы горада і г.д.;

* аб жывёльным свеце Беларусі (дзеці знаёмяцца з якой-небудзь жывёлай, што водзіцца ў нашай краіне, у азбуцы коратка апісаны звычкі жывёлы, яе знешні выгляд; дзеці знаёмяцца і з прадстаўнікамі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь);

* аб вядомай асобе, якая праславіла нашу краіну (гэтая інфармацыя не абмежавана часавым прамежкам).

Інфармацыя блока “Факты аб Беларусі” важная не толькі для пашырэння кругагляду дзяцей, але і для атрымання ведаў у галіне гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь. Блок, які ўключае факты аб Беларусі, пазначаны спецыяльным значком.

Блок “Падарожнічаем па свеце”

“Развіццёвая азбука” знаёміць школьнікаў з займальнымі фактамі аб славутых мясцінах, прыродных з’явах, якія можна ўбачыць толькі за межамі Беларусі. Само слова зашыфравана пры дапамозе парадкавага нумара літары ў алфавіце. Гэтая інфармацыя важная для школьнікаў не толькі для пашырэння кругагляду, але і для выхавання пачуцця павагі да традыцый, да культуры іншай краіны. Выхаванне павагі да іншых краін і народаў актуальна для сучасных школьнікаў, якія вучацца і выхоўваюцца ў полікультурнай шматнацыянальнай краіне.

Блок “Гуляем разам”

У гульнявой форме дзецям прапаноўваецца выканаць розныя заданні, звязаныя з пэўнай літарай: адгадаць загадку, назваць слова на пэўную літару і г.д. Блок суправа­джаецца выявай, якая пачынаецца на пэўную літару, і пазначана пэўным знакам.

У прапанаваных тэкстах і заданнях літара, якая вывучаецца, адзначана пэўным колерам: галосная — чырвоным, зычная — сінім. Дзецям можна прапанаваць палічыць выдзеленыя колерам літары. Сама ж выява літары суправа­джаецца гістарычнай даведкай аб ёй, вершам. Акрамя тэкстаў, у азбуцы дадзены і тэматычныя выявы. У заха­пляльнай для дзяцей форме вывучаная літара звязваецца з вобразам вядомай асобы, жывёлы, горада, славутай мясціны — з’яўляецца асацыятыўная сувязь.

Гэтая метадычная знаходка носіць універсальны характар. Яе можна прымяняць не толькі на ўроках рускай мовы, але і на ўроках беларускай мовы, літаратурнага чытання, розных пазаўрочных мерапрыемствах.

У 2016/2017 навучальным годзе праект “Развіццёвая азбука” праходзіў апрабацыю на базе сярэдняй школы № 42 Віцебска ў паралелі навучэнцаў 2-х класаў.

Праект быў прадстаўлены на раённым этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і адзначаны дыпломам II ступені. Таксама азбука была адзначана на гарадскім і абласным этапах конкурсу.

Настасся НІКІЦІНА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 42 Віцебска.