Развіццё крэатыўных здольнасцей на ўроках беларускай літаратуры

Сучаснае грамадства прад’яўляе да чалавека ўсё больш высокія патрабаванні. Для таго каб быць запатрабаваным у грамадстве, неабходна быць крэатыўным, незаменным. А для гэтага важна, каб і дзейнасць чалавека, і яго маўленне насілі творчы характар.


Маўленне — адзін з важных паказчыкаў духоўнай культуры асобы, таму праблема развіцця маўлення вучняў, асабліва на ўроках роднай літаратуры, набывае ўсё большае грамадскае значэнне. На мой погляд, вельмі важна ў наш хуткабежны час асаблівую ўвагу ўдзяляць развіццю крэатыўных здольнасцей вучняў, іх жаданню авалодаць словам. Крэатыўнасць — лацінскі тэрмін, які перакладаецца як “творчасць” або “стварэнне з нічога”. На Захадзе крэатыўнасцю абазначаюць тэхналагічны элемент творчасці. У нашай моўнай культуры крэатыўнасць успрымаюць значна шырэй, таму што гэта новая і яшчэ не зусім зразумелая з’ява. Да пачатку інфармацыйнай эпохі мала хто ведаў аб крэатыўнасці. Грамадству было дастаткова паняцця творчасці, якая стала высока цаніцца яшчэ ў эпоху антычнасці. Культ творчасці захоўваўся ў сярэдневякоўі, новым часе.

Многія лічаць, што творчасць і крэатыўнасць — сінонімы. Гэта памылковая думка. Творчы працэс заснаваны на натхненні аўтара, яго здольнасцях, традыцыях, якія захоўвае аўтар. Калі ж гаварыць аб крэатыўным працэсе, то галоўным яго складнікам становіцца прагматычны аспект, гэта значыць першапачатковае разуменне, навошта трэба нешта ствараць, як, для каго і што ствараць. Крэатыўнасць па-за творчасцю немагчыма. Гэта толькі тэхналогія арганізацыі творчага працэсу, якая не мае сэнсу сама па сабе, якія б задачы перад ёй ні ставіліся. Менавіта ў крэатыўнасці, уменні творча падыходзіць да вырашэння разнастайных сітуацыйных задач знаходзіцца крыніца самарэалізацыі і самаразвіцця асобы, якая ўмее аналізаваць праблемы, што ўзнікаюць, усталёўваць сістэмныя сувязі, выяўляць супярэчнасці, знаходзіць іх аптымальнае вырашэнне, прагназаваць магчымыя наступствы.

На ўроках літаратуры вучні найчасцей працуюць па вызначанам плане, ствараючы пэўныя адукацыйныя прадукты, кіруючыся тэмай урока або яго этапамі, таму калі мы гаворым аб творчасці на ўроках літаратуры, то можам мець на ўвазе менавіта развіццё крэатыўнасці. Урокі літаратуры валодаюць багатымі магчымасцямі для творчага развіцця і ўзбагачэння вучняў, вывучэнне мастацкіх твораў спрыяе развіццю і ўдасканаленню іх вуснай і пісьмовай мовы, фарміруе асобу навучэнца.

Як настаўніца беларускай мовы і літаратуры асаблівую праблему бачу ва ўзнікненні супярэчнасцей паміж зніжэннем цікавасці да чытання ў маладога пакалення і патрэбай падтрымліваць устойлівую эмацыянальную цікавасць да літаратуры і чытання; паміж колькасцю гадзін па літаратуры і метадычнымі патрабаваннямі да выхавання і навучання чытача; наяўнасцю калекцыі лепшых твораў айчыннай і замежнай дзіцячай літаратуры і павелічэннем колькасці навучэнцаў, якія абмяжоўваюцца чытаннем літаратуры толькі па школьнай праграме і ў скарочаным варыянце.

Я заўважыла, што цікавасць да словатворчасці, да развіцця чытацкай кампетэнцыі вучняў і самавыяўлення праз творчасць на ўроках выклікаюць розныя формы работы: літаратурныя гульні, творчыя практыкумы, паэтычныя рынгі, складанне маналогаў ад імя герояў, стварэнне рэчыўна-сімвалізаваных выяў вобразаў літаратурнага твора, прэзентацыя літаратурнага героя. У выніку падобнага крэатыўнага ўспрымання і асэнсавання мастацкага твора дзеці развіваюць камунікатыўную кампетэнцыю, вершаваны слых, пачуццё рытму, атрымліваюць уяўленне пра мастацкія творы, іх стварэнне, спрабуюць пісаць самі.

Важным для развіцця крэатыўных здольнасцей вучняў я лічу і фарміраванне ў школьнікаў станоўчай матывацыі да навучання. У гэтым вялікую ролю адыгрывае выкарыстанне на ўроках метадаў і прыёмаў тэхналогіі дзелавой і займальнай гульні.

Нельга не адзначыць таксама інфармацыйныя сродкі навучання. З вялікай ахвотай вучні рыхтуюць прэзентацыі. Спачатку разам са мной, а з цягам часу гэта становіцца індывідуальным творчым заданнем. Інфармацыйныя сродкі навучання фарміруюць уменні самастойна шукаць, аналізаваць і падбіраць пэўную інфармацыю, арганізоўваць, пераўтвараць, захоўваць і перадаваць яе.

На мой погляд, для будучай паспяховай сацыялізацыі выпускнікоў школы важна навучыць дзіця правільна выказваць свае думкі, а таксама навучыць паважаць сваіх таварышаў і слухаць іх. Арганізоўваецца і праца ў парах і групах (для абмеркавання ўчынкаў герояў), якая дапамагае зносінам, бо кожны навучэнец мае магчымасць гаварыць з зацікаўленым суразмоўцам.

Улічваючы чытацкія запыты вучняў, іх імкненне да самавыяўлення праз крэатыўную дзейнасць на ўроку, я вылучыла найбольш упадабаныя і запатрабаваныя дзецьмі формы і метады работы на ўроках літаратуры:

1. Вырашэнне праблемна-пошукавых сітуацый.

2. Гутаркі-дыскусіі, якія вучаць школьнікаў разважаць, выказваць сваю думку, творча абараняць яе.

3. Выкарыстанне прыёму слоўнага малявання.

4. Слоўнікавая работа паводле малюнкаў (уласных ілюстрацый).

5. Элементы драматызацыі, інсцэніроўкі літаратурных твораў.

6. Складанне маляваных “дыяфільмаў” або сцэнарыяў па прачытаных творах.

7. Вядзенне і абмеркаванне чытацкіх дзённікаў з ацэнкай герояў і падзей.

8. Урокі чытацкага майстэрства з заахвочваннем тых, хто шмат чытае і знаходзіць “залацінкі” ў літаратурных творах.

9. Стварэнне прэзентацый паводле сюжэта, вобразаў або мастацкіх асаблівасцей твора.

10. Падрыхтоўка завочных экскурсій па мясцінах, апісаных у творы.

11. Складанне віктарын-загадак.

12. Крэатыўная рэклама прачытанага твора.

13. Складанне вершаў па зададзеных рыфмах.

14. Напісанне ўласных літаратурных твораў у працяг прачытаных.

15. Конкурсы чытання вершаў на памяць.

Гаворачы пра поспехі маіх вучняў, а значыць, і пра паспяховасць работы па развіцці крэатыўных здольнасцей школьнікаў, трэба адзначыць, што за пяць гадоў прымянення методык развіцця крэатыўнасці на ўроках беларускай літаратуры мы з вучнямі склалі больш за 20 вершаваных сцэнарыяў, 16 разоў выступалі з пастаноўкамі перад гледачамі на розных мерапрыемствах мясцовага і раённага ўзроўню, даслалі 17 артыкулаў у газеты — “Настаўніцкую газету” і “Аршанскую газету”, 7 разоў размяшчалі творчыя нататкі на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага раённага выканаўчага камітэта, сістэматычна выступаем з тэатралізаванымі літаратурнымі пастаноўкамі перад вучнямі нашай школы і іх бацькамі. Па ініцыятыве і пры садзейнічанні адміністрацыі Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна ў 2014/2015 навучальным годзе ў школе пачаў работу літаратурна-драматычны гурток “Арт.by.”. У ім займаюцца шматлікія прыхільнікі літаратурнай творчасці, колькасць якіх расце з кожным годам.

Вынікі работы яскрава сведчаць, што падобны вопыт увянчаўся поспехам, а значыць, наперадзе шмат новых знаходак, цікавых літаратурных адкрыццяў, крэатыву і захаплення чароўным светам літаратуры.

Наталля МАРОЗАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна.