Разам з людзьмі ў пагонах

Арганізацыя і функцыянаванне профільных ваенна-патрыятычных лагераў — адна з найбольш эфектыўных форм удзелу Узброеных Сіл і ўстаноў адукацыі ў рабоце па ваенна-патрыятычным выхаванні дапрызыўнай моладзі і папярэджанні правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Улічваючы важнасць абазначанай работы, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь аказвае неабходную дапамогу ўстановам адукацыі ў выхаванні моладзі ў духу высокай грамадзянскасці і патрыятызму, падрыхтоўцы юнакоў да службы ва Узброеных Сілах.


Сумесна са 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадай у Віцебскім гарадскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі створана сістэма па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў, якая ўключае ў сябе комплекс мерапрыемстваў па фарміраванні патрыятычных пачуццяў і свядомасці падлеткаў у працэсе выхавання і навучання. У плане супрацоўніцтва на працягу навучальнага года прадугледжаны сумесны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні розных мерапрыемстваў: свят, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый.

У мэтах арганізацыі вольнага часу вучняў у летні перыяд, стварэння ўмоў для аздараўлення, фарміравання актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі, ваенна-патрыятычнага выхавання, прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў штогод на базе 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады функцыянуе аздараўленчы лагер ваенна-патрыятычнага профілю з дзённым знаходжаннем “Патрыёт”.


За дзесяць гадоў свайго існавання лагер набыў добрую славу ў моладзі, трапіць сюды мараць многія. Але асноўны ўпор робіцца на прыцягненне навучэнцаў ад 12 да 16 гадоў з няпоўных, прыёмных, шматдзетных сем’яў, а таксама дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Гэта самы складаны ўзрост, перыяд станаўлення асобы, калі хлопчыкам як ніколі неабходна мужчынская дапамога. “Патрыёт” — не проста лагер дзіцячага адпачынку, а яшчэ і выдатная магчымасць пашырыць кругагляд, атрымаць новыя веды, набыць сяброў. Падлеткі не толькі аздараўляюцца, праходзяць своеасаблівы курс маладога байца — першапачатковую ваенную падрыхтоўку, нароўні з вайскоўцамі вывучаюць асновы ваеннай справы. Распарадак дня ў лагеры максімальна набліжаны да армейскіх будняў. Вайсковай часцю прадастаўлена магчымасць карыстацца вучэбна-матэрыяльнай і спартыўнай базай, матэрыяльна-тэхнічнай маёмасцю. Для правядзення мерапрыемстваў далучаецца інструктарскі склад з ліку афіцэраў, прапаршчыкаў і найбольш падрыхтаваных сяржантаў і салдат.

Рэалізацыя аздараўленча-адукацыйных задач прадугледжвае выкарыстанне шырокага спектра форм і метадаў работы па патрыятычным і ваенна-патрыятычным, фізічным выхаванні, якія ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з адукацыйнай праграмай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ваенна-патрыятычнага профілю. Праграма складзена такім чынам, каб кожны дзень быў максімальна напоўнены цікавымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі. З дапамогай сяржантаў, замацаваных за кожным атрадам, будучыя абаронцы Айчыны вучацца маршыраваць, знаёмяцца з гісторыяй і традыцыямі ўнутраных войск, спасцігаюць асновы армейскага побыту і прыёмы самаабароны. Праводзяцца вучэбныя заняткі па страявой, агнявой, інжынернай, ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы, арганізоўваюцца паказальныя выступленні і сустрэчы з прадстаўнікамі МУС, МНС, ДАІ. Акрамя гэтага, вялікай папулярнасцю ў хлопчыкаў і дзяўчынак карыстаюцца спартыўныя спаборніцтвы і ваенізаваныя эстафеты, квест-гульні, конкурсы і віктарыны на ваенна-патрыятычную тэматыку, лазертаг. Яны наведваюць памятныя мясціны Віцебска, выставы, музеі і кінатэатры.


Дзе яшчэ, як не ў арміі, хлопчыкі могуць разабраць-сабраць аўтамат, павысіць узровень фізічнай падрыхтоўкі, паўдзельнічаць у займальнай ваенізаванай эстафеце, а галоўнае, адчуць, што такое калектыў?! Максімальная колькасць часу прысвячаецца практычным заняткам, каб падлеткам не было калі гультайнічаць. Намеснікі камандзіраў воінскіх часцей па ідэалагічнай рабоце згодна з планам праводзяць выхаваўчыя гадзіны, знаёмяць з гісторыяй Узброеных Сіл, Вялікай Айчыннай вайны. На працягу змены з падлеткамі праводзяцца прафілактычныя гутаркі, дэманструюцца фільмы пра шкоду алкаголю, курэння і наркотыкаў. Строгая дысцыпліна ў спалучэнні з армейскай зладжанасцю суправаджае ўвесь працэс выхавання і навучання. Выніковым мерапрыемствам профільнай змены з’яўляецца марш-кідок у раён вучэбнага палігона 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.

Педагогі і людзі ў пагонах імкнуцца да таго, каб за праведзены ў лагеры час навучэнцы не толькі даведаліся, што такое ваенная падрыхтоўка, але і набылі правільныя жыццёвыя арыенціры, паверылі ў сябе, свае сілы. Хочацца засцерагчы падлеткаў ад памылак, далучыць да здаровага ладу жыцця. Адным словам, робіцца ўсё магчымае, каб у армейскай абстаноўцы падлеткі і адпачылі, і атрымалі пэўныя веды, якія абавязкова спатрэбяцца ім у жыцці.

Анжаліка ПАЎЛЕНКА,
метадыст Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.