Работа з адоранымі дзецьмі ў рэгіянальнай адукацыйнай сістэме

Адораным прынята называць таго, хто валодае арыгінальнасцю мыслення, гібкасцю розуму, умее знаходзіць альтэрнатывы вырашэння праблем, здольны да аналізу і сінтэзу пры рашэнні лагічных задач. Адоранае дзіця імкнецца да пошуку новай інфармацыі, новых ведаў, праяўляе звышадчувальнасць да праблемы, здольнасць да прагназавання, таму варта стварыць дакладную сістэму выяўлення і навучання адораных, якая будзе садзейнічаць эканамічнаму і культурнаму развіццю краіны.

Мы прапаноўваем мадэль дзейнасцi вучэбна-метадычнага кабінета па арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі ў рэгіянальнай адукацыйнай сістэме. Мадэль складаецца з сямі блокаў (напрамкаў), якія цесна ўзаемадзейнічаюць адзін з адным. Арганізацыйна-метадычны напрамак уключае ў сябе павышэнне кваліфікацыі адміністрацыі і педагогаў праз правядзенне інструктыўна-метадычных нарад, семінараў, кансультацый, пастаянна дзеючага псіхолага-педагагічнага семінара па рабоце з адоранымі навучэнцамі, а таксама ўключэнне дадзенага пытання ў планы метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў. Для адміністрацыі ўстаноў адукацыі, якія курыруюць работу з адоранымі навучэнцамі, у пачатку навучальнага года право-дзяцца інструктыўна-метадычныя нарады па пытаннях арганізацыі работы школы па выяўленні і развіцці дзіцячай адоранасці (падбор кадраў для работы з адоранымі дзецьмі, спосабы выяўлення адораных навучэнцаў, планаванне работы на навучальны год, удасканаленне школьнай метадычнай сістэмы і прадметных падсістэм, забеспячэнне ўмоў для сістэматычнага павышэння майстэрства настаўнікаў, якія працуюць у гэтым напрамку; узаемадзеянне школ з установамі вышэйшай адукацыі — прыцягненне выкладчыкаў да работы з адоранымі навучэнцамі, спосабы каардынацыі і кантролю адміністрацыі за якасцю правядзення мерапрыемстваў з адоранымі навучэнцамі, методыка правядзення ў школах круглых сталоў і кансіліумаў, работа школы па арганізацыі даследчай дзейнасці).

На працягу навучальнага года вучэбна-метадычны кабінет праводзіць семінары для педагогаў і адміністрацыі па тэмах “Формы і метады работы з адоранымі навучэнцамі”, “Самаўдасканаленне педагога”, “Увядзенне ў даследчую дзейнасць”, “Узаемадзеянне школы з сям’ёй адоранага дзіцяці”. Пастаянна дзеючы псіхолага-педагагічны семінар праводзіцца для педагогаў-псіхолагаў, настаўнікаў-прадметнікаў, якія працуюць з адоранымі навучэнцамі, па тэмах “Што такое геній?”, “Інтэлект і крэатыўнасць”, “Школьная псіхалагічная служба і адораныя дзеці”.

Вялікую цікавасць для адміністрацыі і педагогаў уяўляе правядзенне майстар-класаў. Іх тэматыка вызначаецца на падставе запытаў зацікаўленых асоб, а таксама праблем, выяўленых па выніках работы за папярэдні год. Загадчык вучэбна-метадычнага кабінета і метадысты сістэматычна праводзяць індывідуальныя і групавыя кансультацыі для педагогаў і адміністрацыі школ, у тым ліку і для прызначаных намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце.

Інфармацыйны блок уключае ў сябе забеспячэнне нарматыўнай прававой і праграмнай дакументацыяй (аўтарскія праграмы факультатываў, палажэнні аб навукова-даследчым таварыстве, прадметным тыдні, метадычных фарміраваннях, палажэнні конкурсаў, віктарын, турніраў, загады аб правядзенні школьнага і раённага тураў прадметных алімпіяд і інш.). Па выніках работы выпускаецца друкаваная прадукцыя ў выглядзе рэкамендацый, памятак, розных зборнікаў. Інфармацыя канцэнтруецца ў вучэбна-метадычным кабінеце, ва ўстановах адукацыі ў друкаваным і электронным варыянтах. Сістэматычна ў раёне абагульняецца вопыт педагогаў, якія маюць высокія вынікі работы з адоранымі дзецьмі, выдаюцца брашуры, публікуюцца артыкулы ў газетах і часопісах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

Дзейнасць вучэбна-метадычнага кабінета ў рамках дыягнастычнага напрамку дае магчымасць своечасова выяўляць адораных дзяцей, вопытных педагогаў, навучэнцы якіх маюць высокія вынікі ў алімпіядах, конкурсах. Вучэбна-метадычным кабінетам распрацавана Excel-табліца, пры дапамозе якой можна адсочваць вынікі адоранага дзіцяці на працягу ўсяго перыяду навучання ў школе. Адным з прыярытэтных напрамкаў работы кабінета з’яўляецца ўдасканаленне адукацыйнага працэсу: цеснае супрацоўніцтва з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава, Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны. Іх выкладчыкі праводзяць заняткі міжшкольных факультатываў па розных прадметах для падрыхтоўкі навучэнцаў да экзаменаў, цэнтралізаванага тэсціравання, алімпіяд.

У раёне існуюць міжшкольныя факультатывы, трэнерскі клуб, дзе заняткі праводзяць вопытныя педагогі раёна, ствараюцца інавацыйныя праекты, арганізоўваецца даследчая дзейнасць. Метадысты сацыяльна-псіхалагічнай службы праводзяць трэнінгавыя заняткі з адоранымі дзецьмі, дзе яны вучацца асновам публічнага выступлення, уменню валодаць сабой у складаных сітуацыях. У летні перыяд на базе адной са школ раёна арганізоўваецца работа профільнага лагера “Эрудыт” для адораных навучэнцаў. У рамках супрацоўніцтва з Даўгаўпілскім аддзелам адукацыі Латвійскай Рэспублікі штогод праводзяцца канферэнцыі, конкурсы, алімпіяды з удзелам таленавітых дзяцей. Дзейнічае летні міжнародны лагер.

Неад’емная частка дзейнасці вучэбна-метадычнага кабінета — забеспячэнне конкурснага руху. Метадысты арганізоўваюць усе раённыя конкурсы і мерапрыемствы. Забяспечыць якасную дзейнасць у рабоце з адоранымі навучэнцамі немагчыма без кантрольна-аналітычнага блока. Кантроль і аналіз ажыццяўляюцца ў рамках размеркавання гадзiн школьнага кампанента, вядзецца кантроль за наведвальнасцю навучэнцамі школьных, міжшкольных факультатываў, трэнерскага клуба. У рамках вывучэння дзейнасці ўстаноў адукацыі кантралюецца забяспечанасць дэманстрацыйнага асяроддзя, вызначаецца ўзровень абсталявання бібліятэкі, падрабязна вывучаецца і аналізуецца дзейнасць школ па рабоце з адоранымі дзецьмі (планы работы школ з адоранымі навучэнцамі, індывідуальныя планы педагогаў, графікі работы, якасць правядзення ўрокаў і факультатыўных заняткаў, выніковасць удзелу школ у алімпіядах, конкурсах і іншых мерапрыемствах). Інфармацыя заслухоўваецца на метадычных саветах, нарадах пры начальніку, саветах аддзела адукацыі, спорту і турызму. Даюцца рэкамендацыі, аказваецца метадычная дапамога.

Вялікая ўвага надаецца стымуляванню і падтрымцы адораных дзяцей, педагогаў, якія працуюць з дадзенай катэгорыяй навучэнцаў. У кожнай установе адукацыі створаны стэнды “Імі ганарыцца школа”. Стала традыцыйным правядзенне раённай вучнёўскай канферэнцыі па ўзнагароджанні таленавітых дзяцей, пераможцаў конкурсаў і мерапрыемстваў рознай накіраванасці. На канферэнцыю запрашаюцца педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў, бацькі адораных навучэнцаў. Усім уручаюцца дыпломы, падзякі, памятныя прызы. Штогод шэфскія арганізацыі аказваюць грашовую дапамогу навучэнцам, якія сталі пераможцамі раённага конкурсу “Вучань года”. Загадам аддзела адукацыі, спорту і турызму ўстанаўліваюцца прэміі педагогам, навучэнцы якіх дасягнулі высокіх вынікаў. За апошнія гады ў нашым раёне павялічыўся працэнт навучэнцаў-пераможцаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый (з 43 да 62%). Павысіўся працэнт выканання заданняў на трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды (з 15—30% да 56—70%).

На наш погляд, такая мадэль дае магчымасць сістэматызаваць работу ўсіх звёнаў у рэгіянальнай адукацыйнай сістэме па рабоце з адоранымі дзецьмі і значна павысіць выніковасць у гэтым напрамку.

Ірына ЧУМАКОВА,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму
Віцебскага раённага выканаўчага камітэта.