Новая восеньская гісторыя

Наўрад ці знойдзецца чалавек, які б не любіў прыгажуню восень! Сярод іншых пор года восень — самая вялікая модніца. Яе ўборы такія рознакаляровыя — і чырвоныя, і жоўтыя, і зялёныя, і аранжавыя. Восень, як і дзяўчына, можа быць непрадказальнай, загадкавай.

Фота да матэрыяла: Новая восеньская гісторыя.Менавіта восеньская пара аб’яднала навучэнцаў 7—8 класаў і сабрала на восеньскае свята ў актавай зале гімназіі № 3 Віцебска, каб падарыць усім цудоўныя імгненні і пазітыўны настрой. Тут у чароўны восеньскі вечар сабраліся ўдзельніцы і гледачы конкурсу “Міс восень — 2018”.

Такі конкурс, па ініцыятыве педагога-арганізатара Уладзiслава Маёрава, у нашай гімназіі праводзіўся ўпершыню.

На конкурсе выпрабаванні ў некалькіх намінацыях ганарова прайшлі Дарына Спірыдонава, Софія Чыстаклетавая, Ксенія Пашко, Ірына Азарава, Паліна Кузьміч і Аляксандра Шапурава. У конкурсных выпрабаваннях дзяўчаты змагаліся за галоўны ганаровы тытул сезона — “Міс восень — 2018”.

Ацэньвалі творчыя, паэтычныя, артыстычныя і кулінарныя здольнасці ўдзельніц члены журы: намеснікі дырэктара гімназіі Святлана Іванаўна Андрэева, Валерый Барысавіч Трацэўскі, Вольга Іванаўна Голава, а таксама незалежныя эксперты, запрошаныя госці свята — выконваючы абавязкі першага сакратара Кастрычніцкага раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Яўген Васільевіч Пашкевіч і старшыня Віцебскага абласнога савета грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Ірына Сяргееўна Яленская.

Уладальніцай кароны “Міс восень — 2018” і галоўнага прыза стала вучанiца 8 “В” класа Аляксандра Шапурава, якая набрала максімальную колькасць балаў. Яна пакарыла журы і гледачоў не толькі сваёй прыгажосцю, але і артыстызмам, паэтычнымі і кулінарнымі здольнасцямі.

Арганізатары конкурсу выказваюць вялікую ўдзячнасць за спонсарскую падтрымку Віцебскаму абласному савету грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” i асабiста Iрыне Сяргееўне Яленскай, таксама Кастрычніцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і асабіста Яўгену Васільевічу Пашкевічу.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.