Незвычайны педагагічны вопыт

Прэзентацыя праграмы “Свет у разнастайнасці” адбылася ў яслях-садзе № 90 Віцебска з удзелам студэнтаў філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Фота да матэрыяла: Незвычайны педагагічны вопыт.
Ініцыятарамі сустрэчы сталі дэкан філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, доктар педагагічных навук, прафесар, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Уладзіміравіч Нікалаенка і загадчыца ясляў-сада № 90 Ала Іосіфаўна Чыркова, дзякуючы якім была ўвасоблена ў жыццё новая мадэль супрацоўніцтва ўніверсітэта і ўстановы дашкольнай адукацыі. Па словах Сяргея Нікалаенкі, у перспектыве да супрацоўніцтва ў рамках праграмы плануецца далучыць яшчэ некалькі дзіцячых дашкольных устаноў Першамайскага раёна Віцебска. Яны ўжо адгукнуліся на гэтую ідэю.

— Нам захацелася, каб знаёмства дзяцей са светам, разнастайнасцю культур, традыцый, абрадаў адбывалася праз правільна прадуманую праграму, — праінфармаваў Сяргей Мікалаевіч. — Дашкольнікі павінны бачыць і разумець, што свет разнастайны, а мы ім у гэтым дапаможам. Для студэнтаў гэта каштоўны вопыт. Яны шмат даведаліся пра тое, як вучыць дзяцей, гуляць з імі, задзейнічаць усю групу і знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага. Нам вельмі важна, каб студэнты, прымаючы ўдзел у праграме, рыхтаваліся да сваёй будучай прафесіі і жыцця. Мы не збіраемся спыняцца толькі на знаёмстве з Туркменістанам і Кітаем, паколькі ў ВДУ імя П.М.Машэрава вучацца прадстаўнікі больш як 30 краін. Паступова будзем падключаць іх да больш маштабнай работы.

Фота да матэрыяла: Незвычайны педагагічны вопыт. Фота да матэрыяла: Незвычайны педагагічны вопыт.
Праграма разлічана на дзяцей 5—6 гадоў, у яслях-садзе сфарміраваны групы хлопчыкаў і дзяўчынак па 10 чалавек. Нестандартная ідэя выклікала цікавасць ва ўсіх. З вялікім задавальненнем на інавацыю адгукнуліся бацькі дашкольнікаў. Студэнты разам з выхаванцамі сада вучылі словы-прывітанні, спявалі песні, расказвалі аб нацыянальнай культуры і традыцыях краін Кітая і Туркменістана.

— Дзякуючы гэтай ідэі, мы даведаліся шмат новага і цікавага, атрымалі велізарны эмацыянальны зарад ад дзяцей, незабыўныя ўражанні, якімі хочацца падзяліцца з усімі, — расказаў студэнт філалагічнага факультэта Бабамырат Піргулыеў. — Спачатку было складана, прысутнічала хваляванне, але мы сабраліся і перамаглі яго. З задавальненнем знаёмілі дзяцей са сваімі нацыянальнымі традыцыямі, вучылі іх новым словам. Ад дзяцей праменіліся цеплыня і шчырасць, я ўспомніў сябе ў такім узросце. Хачу падзякаваць дэкану філалагічнага факультэта за магчымасць прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве, далучыцца да культуры Беларусі і расказаць аб сваёй, а таксама завесці новыя знаёмствы.

Фота да матэрыяла: Незвычайны педагагічны вопыт. Фота да матэрыяла: Незвычайны педагагічны вопыт. Фота да матэрыяла: Незвычайны педагагічны вопыт.
— Студэнты — дарослыя дзеці, якія хутка змаглі знайсці агульную мову з нашымі дашкольнікамі, — адзначыла Ала Іосіфаўна. — У адносінах паміж імі панавалі любоў, павага і падтрымка. Дзеці з вялікай цікавасцю знаёміліся з традыцыямі, мовай краін, з ахвотай далучаліся да гульняў, якія ім прапаноўвалі незвычайныя госці.

У рамках праграмы супрацоўніцтва філалагічнага факультэта і дзіцячых дашкольных устаноў у найбліжэйшы час адбудуцца прэзентацыі кнігі “Калі цябе сустрэне казка…” кандыдата філалагічных навук дацэнта Ганны Віктараўны Навасельцавай. У кнізе прадстаўлены шэраг аўтарскіх казак і казачных апавяданняў, дзе ўвасоблена мастацкая рэканструкцыя матываў і вобразаў з беларускага і сусветнага фальклору. Адметная казачная рэчаіснасць зацікавіць аматараў літаратуры фэнтэзі рознага ўзросту, у тым ліку і самых маленькіх. Зборнік будзе карысны пры вывучэнні беларускага фальклору і славянскай міфалогіі. Дзякуючы такім ініцыятывам, ствараюцца ўмовы для развіцця камунікатыўнасці, набываецца педагагічны вопыт, а маленькія дзеці вучацца адгукацца на дабрыню. Спадзяёмся, праект будзе развівацца і далучаць новых удзельнікаў.

Аліна КАРПЫЗІНА,
студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.