Не толькі яблычныя сакрэты

“Яблычныя сакрэты” — гэта чарговая кніга, якую прэзентавалі ў пачатковых класах 8-й школы Оршы аўтары Галіна і Сяргей Трафімавы. Маленькія чытачы раней ужо разгадвалі іх “Елачныя сакрэты” і “Зорныя загадкі”, даведаліся, “Колькі тайнаў у дожджыка” і “Ці растуць на залатым дрэве залатыя яблыкі”, зачытваліся “Арэхавымі гісторыямі”, зазірнулі ў “Мяшкі з сюрпрызамі”, вывучалі “Азбуку пешахода” і “Бярозавы алфавіт”, пасябравалі з Дзедам Прыродаведам, пабачылі, якое яно, “Здароўе на талерцы”, і шмат яшчэ якіх кніг аршанскіх пісьменнікаў Трафімавых не прайшлі міма ўвагі вучняў 1—4 класаў.


У школьнай бібліятэцы на вялікім стэндзе не змясціліся ўсе прэзентаваныя кнігі Галіны Уладзіміраўны і Сяргея Анатольевіча з іх аўтарскімі надпісамі. Вось і на апошняй прэзентацыі, што праводзіла бібліятэкар Т.С.Паўлючэнкава пры актыўным удзеле настаўніц пачатковых класаў Л.І.Жураўлёвай і Г.Г.Радомскай, а таксама настаўніцы музыкі А.А.Даронінай, ішла нязмушаная пазнавальная гутарка, якія ж бываюць яблыкі (высветлілася, што і “залатыя”, і “кітайскія”, і “мядовыя”, і “Адамавы”, і нават… “сметанковыя” — экзатычная анона з тропікаў Паўднёвай Амерыкі, знешне нагадвае нашы суніцы, а белая пахучая маса плода растае ў роце, нібы марожанае ці смятана). Калі пісьменнікі паслухалі ў выкананні другакласніц Лізы Філіпавай, Аліны Лабаноўскай і Леры Кавалёвай песеньку пра наш другі хлеб — бульбу, дзе яе таксама называюць “землянымі яблыкамі”, то былі вельмі ўсцешаны цудоўным выкананнем і пашкадавалі, што не пачулі такую сімпатычную песеньку раней, інакш абавязкова ўключылі б яе ў свае “Яблычныя сакрэты”.

Імёны Трафімавых на слыху ў кожнай школе і шматлікіх чытацкіх аўдыторыях. Іх “Аршанскі буквар” стаў, без перабольшання, настольнай кнігай аршанскіх школьнікаў. За параўнальна невялікі адрэзак часу таленавітымі аўтарамі напісана каля паўтары сотні патрэбных і цікавых кніг, больш за трыццаць з іх выдадзены ў апошнія тры гады. Для пачатковай школы створаны дапаможнікі да курса “Чалавек і свет”.

Трафімавы вядомы як дыпламанты рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі “Дзіцячая літаратура”, ім прысуджана прэмія імя Петруся Броўкі (намінацыя “Літаратура для дзяцей”). І пералік творчых дасягненняў можна працягваць. Хочацца толькі дадаць, што Галіна Уладзіміраўна атрымала званне “Чалавек года Віцебшчыны — 2014” (“Культура, мастацтва, духоўнае адраджэнне”). Вучням 8-й школы пра знакамітых аршанскіх літаратараў вядома многае, таму дзеці могуць ганарыцца, што такія знакамітыя людзі, як Трафімавы, заўсёды знаходзяць час і ніколі не адмаўляюцца ад запрашэння прыйсці ў госці да школьнікаў, расказаць пра свае новыя выданні, падарыць іх школьнай бібліятэцы. Наогул, у школе ўжо ёсць вялікі вопыт літаратурных сустрэч. У свой час тут чыталі свае творы Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Сяргей Законнікаў, Давід Сімановіч, аршанскія паэты з мясцовага літаратурнага аб’яднання пры “Аршанскай газеце” “Дняпроўскія галасы”. Магчыма, такой добрай традыцыі паспрыяў і той факт, што ў другой палове 50-х гадоў мінулага стагоддзя ў школе № 8 настаўнічаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч.

Наш імклівы час з навейшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі мае, на жаль, і адваротны бок медаля: дзеці сталі мала чытаць. Між тым ніякая электронная версія мастацкага твора не заменіць у поўнай меры звычайную кнігу, якая прыйшла да нас з глыбінь стагоддзяў, з шалясценнем старонак, з пахам друкарскай фарбы, кнігу, якая многім пакаленням была надзейным спадарожнікам у жыцці, мудрым дарадцам. Школа вызначыла прыярытэт у маральным выхаванні: вярнуць дзяцей да кнігі, заахвоціць іх да чытання, прычым пачынаючы з 1 класа. Рэалізацыі гэтай задачы вельмі дапамагае цеснае супрацоўніцтва з Галінай і Анатолем Трафімавымі. Галіна Уладзіміраўна дапамагла ў свой час вучням у напісанні даследчай работы “Куды схавалася зорачка”. Дзеці радаваліся, што на абласной канферэнцыі работа была прызнана лепшай.

Трафімавы шмат дзе выступаюць з прэзентацыямі сваіх кніг, але сярод усіх аўдыторый асабліва вылучаюць аршанскую школу № 8. І вось чаму: калі ў іншых установах яны часцей за ўсё толькі знаёмяць будучых чытачоў са сваёй новай кнігай, то ў 8-й школе аўтары прыходзяць да падрыхтаваных ужо дзяцей, якія прачыталі кнігу і могуць задаць пытанні пісьменнікам, падзяліцца сваімі ўражаннямі. Гасцям маленькія чытачы паказваюць інсцэніроўкі асобных эпізодаў, праводзяць конкурсы, віктарыны, ладзяць выступленні мастацкай самадзейнасці. У выніку атрымліваецца ўзаемазацікаўленая размова, а не проста аўтарскі маналог. Паколькі 8-я школа з музычным ухілам, настаўнікі і бібліятэка маюць істотную падтрымку з боку выкладчыкаў музыкі, асабліва А.А.Даронінай, Н.В.Жалезняковай. Менавіта таму ўсе кніжныя прэзентацыі заўсёды суправаджаюцца ўдала падабранымі па адпаведнай тэматыцы музычнымі нумарамі. Балазе ў выканаўцах на розных музычных інструментах недахопу няма.

Словам, у пачатковай школы ўжо абазначылася сістэма работы па прапагандзе кнігі. Дапамагае ў гэтым і створаны інтэлектуальны клуб “Знайка”. Таксама спрыяе далучэнню школьнікаў да чытання шматтыражная газета “Школьнае Задняпроўе”. Яна пачала выдавацца з 2000 года ў чатырохпалосным фармаце, а сёння і васьмі палос не хапае, каб расказаць пра ўсё цікавае ў школе, надрукаваць першыя літаратурныя творы аўтараў-пачаткоўцаў. Гэта пры тым, што дзеці робяць газету сваімі сіламі. Карэспандэнцкая група не ўпускае з поля зроку ніводнага школьнага мерапрыемства. Да таго ж у газеты ёсць яшчэ адна найважнейшая задача — прапагандаваць беларускае слова, паколькі выданне з самага пачатку нязменна беларускамоўнае.

Мікалай КАМАРОЎСКІ.