“Не голас, а сэрца гаворыць”

“А што такое бацькаўшчына для кожнага з нас?” — запыталіся адзін у аднаго полацкія школьнікі на пачатку Года малой радзімы. Адказам на пытанне стаў праект “Краіна майго дзяцінства”, рэалізаваны па ініцыятыве ўпраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама ў 2018 годзе.

Апытанне людзей на вуліцах Полацка паказала, што для кожнага сімвалам малой радзімы з’яўляецца нешта сваё, сакральнае, блізкае: бацькоўскі дом, дзе тата навучыў калоць дровы, помнік Скарыну, ля якога адбылося першае спатканне, пах бэзу на першым экзамене. А вось сярод жывых істот найчасцей згадвалі бусла. Можа, таму, што птушка гэтая сваімі крыламі разам з усёй краінай аберагае і Полаччыну? Цікавую задачу — увасобіць уяўленне аб малой радзіме ў арт-аб’ектах — дзеці і настаўнікі паставілі на пачатку сакавіка. Нават летнія канікулы не сталі перашкодай на шляху руплівай працы творцаў.


Адзін са шматлікіх полацкіх музеяў носіць назву “Прагулка па Ніжне-Пакроўскай”. Прагуляемся ж і мы і паназіраем, якія выявы сталі для полацкіх школьнікаў і педагогаў сімвалам малой радзімы, аб якой у кожнага з нас сваё ўяўленне. Але для кожнага сапраўднага беларуса Радзіма ў сусветным маштабе — гэта Беларусь, зямля пад белымі крыламі, зямля, сімвалам якой з’яўляецца белакрылы бусел. Буслянка — гняздо сям’і — засцерагае ад няшчасцяў, дае дзецям магчымасць падрасці, набрацца сіл, “стаць на крыло”. Як расказваюць аўтары праекта, магутны дуб, на якім будзе размешчана буслянка, — сімвал сілы і непераможнасці Беларусі, а ўся кампазіцыя размесціцца на зялёных абрысах карты сінявокай Беларусі, перарэзанай ніткамі рэк і азёр. На імправізаванай карце размесцяць шэсць снапоў пшаніцы — шэсць абласцей Беларусі, кожная з якіх штогод уносіць свой уклад у агульны беларускі каравай, якім здаўна сустракаюць дарагіх гасцей. Гэта тэма стала асновай цэнтральнай экспазіцыі.


Кожны з 50 арт-аб’ектаў уваходзіць у адзін з чатырох тэматычных блокаў: “Усе мы людзі вясковыя”, “Гісторыя і геаграфія малой радзімы”, “Малая радзіма вачыма дашкольнікаў”, “Школа — самы яркі ўспамін”. Нават звычайная вясковая сядзіба як увасабленне малой радзімы для кожнага свая: для аднаго — ціхая прызба, дзе чутна рохканне парсючка і цягне прысесці адпачыць пасля цяжкай працы; для другога — дыхтоўны падворак, дзе бачна рука моцнага гаспадара, які лішнюю хвіліну не адпачне. Хтосьці ўспамінае пра імклівую і дынамічную малую радзіму ўзімку, іншыя паказваюць задуменнасць малой радзімы вясной, падчас свята Юр’я, якое некалі надзвычай уразіла.


Малая радзіма — гэта яшчэ і людзі, лёс якіх непарыўна звязаны з яе гісторыяй. Полацк — сапраўдны музей пад адкрытым небам з мноствам помнікаў выдатным палачанам. Нават самі месцы, дзе стаяць помнікі, таксама знакавыя: помнік Францыску Скарыну — месца спатканняў, сквер ля помніка Сімяону Полацкаму — месца прагулак маладых мам, бюст Кандраценкі — старт у жыццё выхаванцаў Полацкага кадэцкага вучылішча. Таму і сталі ў гэтым годзе гэтыя помнікі асновай для сюжэту творчых работ.


…Успамінаючы пра дзяцінства, можна пакруціць любімую дзіцячую цацку — рознакаляровыя кубікі і скласці з іх выраз “Полацк — мая малая радзіма”. Інтэрактыўны характар — іскрынка праекта. Усе аб’екты “жывыя”. З імі можна пагуляць, дакрануцца да іх, выканаць пазнавальныя заданні, якія дапамогуць лепш даведацца пра свой край — Полаччыну. І які б з 50 арт-аб’ектаў ні стаў для вас самым блізкім, памятайце: “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець і не страціць святое штосьці…”

Ірына СТРАЛЕНКА.
Фота аўтара.