На карысць Бацькаўшчыны

Дзіцячыя маладзёжныя ініцыятывы як сродак фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму

Полацк — самы старажытны горад Беларусі, калыска беларускай асветы. І мы годна працягваем традыцыі, закладзеныя першымі асветнікамі полацкай зямлі. Год навукі праходзіць яшчэ і пад знакам нашага вялікага земляка Францыска Скарыны.

Сёлета мы адзначаем 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У 2012 годзе Полацк стаў удзельнікам глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”. За час яе рэалізацыі была праведзена поўнамаштабная работа па забеспячэнні паўнавартаснага развіцця дзяцей і стварэнні неабходных умоў для іх шчаслівага дзяцінства.

Пры выбудоўванні алгарытму паспяховай рэалізацыі задач выхавання падрастаючага пакалення мы разумеем: без памяці няма гісторыі, без гісторыі няма культуры, без культуры няма духоўнасці, без духоўнасці няма выхавання, без выхавання няма чалавека, без чалавека няма народа.

Менавіта моладзь — гэта стратэгічны рэсурс, будучыня нашай роднай Полаччыны і краіны. Прынцыпова новым падыходам у рабоце з моладдзю з’яўляюцца маладзёжныя крэатыўныя падзейныя праекты, пра якія ведае не толькі вобласць, але і ўся краіна.

Актыўная грамадзянская пазіцыя фарміруецца праз усведамленне дзецьмі і падлеткамі сваёй уключанасці ў грамадскае жыццё свайго рэгіёна. І сёння мне б хацелася падзяліцца найбольш удалымі і цікавымі ідэямі, формамі і метадамі, сістэмай падтрымкі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, якія склаліся ў Полацкім раёне. Работа маладзёжнага парламента пры Полацкім раённым Савеце дэпутатаў дазваляе маладым людзям фарміраваць лідарскія якасці, вучыцца камунікацыі, рэалізоўваць сацыяльна значныя праекты. Навучэнцам прапануецца прайсці некалькі прыступак самакіравання: ад сяброўства ў піянерскім атрадзе, дружыне да сяброўства ў маладзёжным парламенце горада. У Полацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі пры маладзёжным парламенце працуе школа маладога парламентарыя “Дзейнічай!”. У мінулым навучальным годзе рэалізаваны профільныя праекты на ўзроўні ўстаноў адукацыі: “Зваротны адлік” па вывучэнні інтэрнэт-залежнасці сярод навучэнцаў і далучэнні іх да актыўных форм вольнага часу, валанцёрскі праект “Маленькай дапамогі не бывае”, накіраваны на аказанне дапамогі прытулку для бяздомных жывёл, сацыяльны праект “Пад крыламі Перамогі”, накіраваны на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, “Маршрут № 7” па дэталёвым вывучэнні гісторыі мікрараёна, “Адходы ў даходы. Фарміраванне фінансавай дасведчанасці праз павышэнне экалагічнай свядомасці і прывіцця навыкаў рэсурсазберажэння”, па прыцягненні ўвагі грамадскасці і падрастаючага пакалення да праблем забруджвання навакольнага асяроддзя цяжкімі металамі. На ўзроўні раёна рэалізаваны прафілактычны праект “Крок наперад” па ўключэнні дзяцей і падлеткаў, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку, у актыўны вольны час і валанцёрскую дзейнасць, здароўефарміруючы праект “Мы і здароўе заўсёды побач”, пазнавальна-творчы праект “Фантазія дзяцінства”, праект па духоўна-маральным выхаванні “Адраджэнне”, дабрачынны праект “Вялікія крокі маленькага сонейка” па арганізацыі творчай работы з дзецьмі з сіндромам Даўна, сацыяльны праект “Стаянка забаронена!” па выхаванні ў насельніцтва Полацка культуры аўтапаркоўкі, сацыяльна значны праект “Мы — разам” па ўзаемадзеянні з былымі вязнямі канцлагераў.

Праект “Мы — у тэме!” стаў унікальным. Ён складаўся з 9 этапаў, у якіх прынялі ўдзел 35 прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Полаччыны. Праект змог рэалізаваць 3 асноўныя ідэі: распавесці пра моладзь і сваё прадпрыемства, пра моладзь і сваю родную Полаччыну, пра моладзь і сваю краіну. На цяперашні час распрацоўваецца адукацыйна-эканамічны пілот-праект “Маладзёжная бізнес-школа”, мэтай якога стала стварэнне і прасоўванне маладзёжнага бізнесу ў Полацкім рэгіёне. Многія праекты знаходзяць далейшае развіццё і атрымліваюць выхад на новы ўзровень дзякуючы Полацкаму раённаму Савету дэпутатаў, падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама.

Юныя парламентарыі актыўна папулярызуюць сваю дзейнасць праз рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі: на старонках газеты “Полацкі веснік”, тэматычных маладзёжных старонках “Слова за намі!” і “Гарадскія агні”. Тут рэгулярна выходзяць публікацыі членаў маладзёжнага парламента, у якіх яны дзеляцца з чытачамі сваім бачаннем развіцця роднага горада. Многія з іх займаюцца ў студыі журналістыкі “Медыямікс” Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, дзе асвойваюць асновы журналісцкага майстэрства і выпускаюць сваю малатыражную газету “Слова за намі!”. Газета была адзначана дыпломам Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” за перамогу ў конкурсе газет і часопісаў фестывалю дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер”. Нам удалося выйсці на ўзровень супрацоўніцтва з рэспубліканскімі выданнямі “Переходный возраст” і “Зорька”, “Настаўніцкая газета”.

У рамках прафілактычнага праекта “Крок наперад”, мэтай якога з’яўляецца стварэнне прасторы альтэрнатыўнага вольнага часу мэтавай групы — падлеткаў, якія патрабуюць павышанай педагагічнай увагі, запускаецца відэапартал “Цяжкі падлетак”, дзе будзе весціся сумесная работа над стварэннем відэаролікаў сацыяльнай накіраванасці і відэасюжэтаў з жыцця полацкіх школьнікаў, а падлеткі змогуць выступіць у якасці сцэнарыстаў і рэжысёраў, акцёраў, відэааператараў. У кожнай установе адукацыі працуюць прэс-цэнтры, якія выпускаюць свае малатыражныя выданні, удзельнічаюць у падрыхтоўцы рэкламных буклетаў грамадскіх аб’яднанняў. Праз школьныя выданні мы маем магчымасць прыцягнуць больш шырокае кола навучэнцаў да працы ініцыятыўных груп па рэалізацыі праектаў, расказаць аб планах і перспектывах работы маладзёжнага парламента.

У 2017 годзе Полацк абвешчаны маладзёжнай сталіцай Рэспублікі Беларусь. Перамога ў прэстыжным конкурсе — гэта заслуга і нашых навучэнцаў. Горад стаў галоўнай маладзёжнай пляцоўкай для рэспубліканскіх і міжнародных акцый, фестываляў. Так, 1 верасня 2017 года адбыўся Рэспубліканскі дзіцяча-маладзёжны форум “Нам жыць i працаваць на роднай зямлi” ў рамках Скарынаўскіх дзён у Полацку — 2017 з удзелам рэспубліканскага каардынацыйнага Савета маладзёжнага парламента Рэспублікі Беларусь. Мы чарговы раз паказваем, што разам мы сіла, разам мы каманда, і толькі разам нам усё па плячы на карысць нашага падрастаючага пакалення, на карысць роднай Беларусі!

Ірына СТРАЛЕНКА,
дырэктар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ.