Мы — разам

Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі — важная дата ў жыцці Саюзнай дзяржавы. Асаблівы сяброўскі і дзелавы настрой панаваў на сустрэчы, што прайшла ў рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве і сумеснай дзейнасці ў галіне грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў муніцыпальнай бюджэтнай дашкольнай адукацыйнай установы “Дзіцячы сад № 73 “Малыш” Смаленска і Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна.

Беларускі бок прадставілі дырэктар нашай установы адукацыі Т.А.Аланцьева, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці І.М.Філіповіч, настаўніца пачатковых класаў Л.У.Лабусава, выхавальнік дзіцячага сада Я.А.Шумай. Педкалектыў і выхаванцы дзіцячага сада № 73 “Малыш” зрабілі ўсё,каб суст­рэча прайшла ярка і была запамінальнай. З прывітальным словам выступіла загадчыца дзіцячага сада № 73 Жанна Аляксандраўна Фёдарава. Яна падзякавала за сяброўскі візіт і цеснае супрацоўніцтва, выказала спадзяванне на далейшую і плённую сумесную працу. У сваю чаргу Таццяна Анатольеўна Аланцьева запрасіла ўсіх удзельнікаў мерапрыемства наведаць дзіцячы сад у Беларусі. Праграма сустрэчы з расійскімі калегамі была насычана разнастайнымі мерапрыемствамі: святочны канцэрт, экскурсія, прэзентацыя вопыту работы. Нумары канцэртнай праграмы яшчэ раз падкрэслілі адзінства народаў Расіі і Беларусі. Мерапрыемства, падрыхтаванае выхавальнікамі і дзецьмі, падарыла добры, святочны настрой, зарадзіла энергіяй усіх удзель­нікаў і гасцей дзіцячага сада. З прэзентацыяй вопыту работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні пазнаёміла старшы выхавальнік А.А.Васільева. Далей быў прадстаўлены цыкл мерапрыемстваў па сумеснай дзейнасці педагога з дзецьмі па грамадзянска-
патрыятычным выхаванні ў мэтах развіцця і стварэння ўмоў для фарміравання грама­дзянскіх і патрыятычных пачуццяў дашкольнікаў праз зварот да памяці аб гістарычным мінулым дзяржавы, прыцягненне бацькоў і педагогаў да выхавання ў дзяцей пачуцця гордасці за дасягненні роднай краіны, цікавасці і павагі да яе гістарычнага мінулага, павагі і беражлівых адносін да традыцый свайго народа. Паралельна з прэзента­цыяй прайшла метадычная выстава “Я — грама­дзянін сваёй краіны”. За круглым сталом атрымалася цікавая размова аб павышэнні прафесійнага майстэрства педагогаў праз супрацоўніцтва. Такое ўзаемадзеянне вельмі важнае для абодвух бакоў: можна падзяліцца вопытам, запазычыць для сябе нешта новае, набыць новых сяброў. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі дамовіліся аб новай сустрэчы на беларускай зямлі.

Ірына ФІЛІПОВІЧ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна.