Музейная педагогіка ў дзіцячым садзе

Узаемадзеянне Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і ясляў-сада № 29 Полацка ажыццяўляецца на працягу 19 гадоў. Пастаяннае ўдасканаленне прафесійнага майстэрства педагогаў, павышэнне якасці адукацыйнага працэсу сталі галоўнымі задачамі нашай работы. З 2015 года мы разам рэалізуем даследчы праект “Фарміраванне творчай сацыяльнай актыўнасці асобы дашкольніка сродкамі музейнай педагогікі”, разлічаны на 3 гады.

Сутнасць мадэлі праекта — у комплексным падыходзе да адукацыйнай работы з дашкольнікамі. Наша дзейнасць вызначаецца двума ўзаемазвязанымі блокамі: “Музейная педагогіка ў дашкольнай установе” і “Дашкольная ўстанова ў прасторы музея”. Мы вызначылі наступныя задачы супрацоўніцтва: стварыць умовы для развіцця творчай актыўнасці асобы дашкольніка; сфарміраваць у юных палачан патрэбу ў вывучэнні культурнай спадчыны нашага горада; выхаваць гуманнае стаўленне да сябе і навакольнага свету; забяспечыць імкненне самім актыўна ўдзельнічаць у стварэнні прадметаў рукатворнага свету; забяспечыць магчымасць дзіцяці ў будучыні самастойна выбраць свой узровень удзелу ў грамадскім жыцці ў залежнасці ад здольнасцей; спрыяць мэтанакіраванаму ўзаемадзеянню музея, дашкольнай установы і сям’і ў сацыялізацыі і развіцці дзіцяці; забяспечыць пераемнасць паміж дашкольнай адукацыяй і першай прыступкай агульнай сярэдняй адукацыі; сфарміраваць устойлівую цікавасць у дашкольніка да гісторыі і культуры роднага горада.

Кансультантам праекта з’яўляецца старшы выкладчык кафедры педагогікі, псіхалогіі і прыватных методык Віцебскага абласнога інстытута развіцця Ніна Аляксандраўна Куксава.

Рэалізацыю праекта курыруюць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Афанасьеўна Драздова і дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Аляксандраўна Джумантаева. Вядучым навуковым супрацоўнікам музея-запаведніка Таццянай Рафаілаўнай Смірновай разам з намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада Вольгай Уладзіміраўнай Хаткевіч распрацавана структура ўзаемадзеяння па чатырох кірунках: адукацыйная, выставачная, экскурсійная і праектная дзейнасць.

Блок “Музейная педагогіка ў дашкольнай установе” ўключае правядзенне розных форм работы з выхаванцамі 4—5-гадовага ўзросту, якія рыхтуюць дзяцей да ўспрымання музейнага прадмета і наведвання экспазіцыі; работу з бацькамі па фарміраванні музейнай культуры; работу педагогаў па пашырэнні ведаў аб экспазіцыях музеяў горада і калекцый з фондаў музея-запаведніка. Музейна-адукацыйная праграма адаптавана творчай групай педагогаў разам з Таццянай Рафаілаўнай да патрабаванняў вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і ўмоў дашкольнай установы, распрацавана перспектыўнае планаванне на год. Асноўны акцэнт зроблены на інтэграцыю прадметных галін ведаў. Заняткі з дзецьмі 4—5 гадоў вырашаюць задачы вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і музейнай праграмы “Вучымся глядзець і бачыць, слухаць і чуць”. Праводзяць іх выхавальнікі разам з музейным супрацоўнікам раз у тыдзень у рамках адукацыйнай галіны “Дзіця і грамадства”.

Распрацаваныя канспекты музейна-педагагічных заняткаў уключаюць у сябе рытуал прывітання, інтэлектуальную размінку, практыкаванні для развіцця маўлення (гульні, накіраваныя на актывізацыю слоўніка дашкольнікаў, гульні на развіццё фанематычнага слыху); знаёмства з музейным прадметам (яго прызначэннем, гісторыяй знаходкі, сучаснымі аналагамі і інш.); фізкультхвілінкі, дыдактычныя гульні; прадукцыйную дзейнасць (маляванне рознымі матэрыяламі, лепка, ручная праца: выраб цацак, пляценне, работа з цестам, паперай).

Асноўнымі формамі адукацыйнай работы з’яўляюцца “Клуб выхаднога дня” і бацькоўскія сходы. Не менш цікавы фармат — правядзенне выстаў індывідуальных і групавых калекцый нашых дашкольнікаў у музеі. Адміністрацыі ясляў-сада і дзіцячага музея (філіяла музея-запаведніка) забяспечваюць умовы для вырашэння задач па ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый педагогаў у галіне далучэння дашкольнікаў да гісторыі і культуры роднага горада. Для гэтага праводзяцца аглядныя экскурсіі па горадзе, па экспазіцыях музеяў, тэматычныя экскурсіі на базе аднаго з музеяў, а таксама навукова-практычныя семінары па вывучэнні калекцый з музейных збораў.

Работа па праграме для дзяцей 4—5 гадоў “Вучымся глядзець і бачыць, слухаць і чуць” дае магчымасць дзецям 5—6 гадоў больш плённа і самастойна ўспрымаць экспазіцыі музеяў на занятках па праграме “Музейны калейдаскоп”. А мы канстатуем, што ў нашых дзяцей сфарміраваны навыкі свабоднай арыентацыі ў музеях любога тыпу, беражлівых адносін да музейнага прадмета як часткі матэрыяльнай і духоўнай культуры, веды аб калекцыях як спосабе спасціжэння свету і аснове любога музея.

Другі блок — “Дашкольная ўстанова ў прасторы музея”. Правядзенне музейна-педагагічных заняткаў ажыццяўляецца па праграме “Музейны калейдаскоп” для дзяцей 5—6 гадоў на базе музеяў горада музейнымі супрацоўнікамі і нашымі выхавальнікамі. Заняткі адрозніваюцца незвычайнай формай правядзення: дэманстрацыяй арыгінала (музейнага прадмета), выкарыстаннем займальных апавяданняў, цікавай прадукцыйнай дзейнасцю дзяцей. Незвычайная форма патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі выхавальніка, які павінен вывучыць музейны прадмет, сабраць аб ім навуковую інфармацыю, пазнаёміцца з экспазіцыяй, прадумаць план правядзення, ажыццявіць папярэднюю работу з выхаванцамі; узгадніць сваю дзейнасць з музейным супрацоўнікам. Традыцыйнымі формамі работы сталі тэматычныя заняткі да Дня Перамогі, Вялікадня, Новага года (арганізуюцца выхавальнікамі і музейнымі супрацоўнікамі); выязныя выставы “Там, на невядомых дарожках”, “Казкі з музейнага куфара”, “Хто ты, марка?” (на базе ясляў-сада з музейных збораў музея-запаведніка); тыдзень музейнай педагогікі (у рамках якога арганізуецца сумесная работа музейных супрацоўнікаў, педагогаў дзіцячага сада, дзяцей і бацькоў); дзень імянінніка ў музеі. Вынікам сумеснай работы музейных педагогаў і калектыву нашай дашкольнай установы стала распрацоўка і рэалізацыя дзіцячых праектаў рознай тэматыкі.

Спадзяёмся, што сумесная праца педагогаў дашкольнай установы і супрацоўнікаў музея дапаможа дзецям засвоіць простыя нормы маралі, што пераходзяць з пакалення ў пакаленне, прыняць у спадчыну каштоўнасці роднай культуры і вырасці сапраўднымі патрыётамі.

Таццяна СМІРНОВА,
вядучы навуковы супрацоўнік дзіцячага музея;
Вольга ХАТКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 29 Полацка.