Міхайлаў дзень

У апошнія восеньскія дні дзверы дзіцячага сада № 101 гасцінна расчыніліся для нашых шаноўных бабуль і дзядуляў, каб павіншаваць іх з Міхайлавым днём. Што гэта за свята? “Міхайла — святаў запіхайла”, — кажуць аб ім у народзе, бо яно апошняе свята ў адыходзячым годзе, запісанае ў беларускі народны каляндар.

У гэты дзень ёсць цудоўны звычай: унукі абавязкова павінны сустракацца з бабулямі і дзядулямі, каб выказаць сваю пашану, увагу, удзячнасць старэйшаму пакаленню. Мы вырашылі не адыходзіць ад традыцый і запрасілі бабуль і дзядуляў да сябе, каб змаглі яны пабыць разам з унукамі, парадавацца за іх. Вунь якія яны выраслі прыгожыя, таленавітыя!

У гонар старэйшага пакалення гучалі вершы і песні, ладзіліся жартоўныя мініяцюры і танцавальныя нумары. Дзеці неслі да сваіх родных усю любоў і пяшчоту, на якія былі здатныя. Ад імя бабуль і дзядуляў узялі слова Маргарыта Міхайлаўна і Міхаіл Леанідавіч Валп’янскія. У вершаванай форме з гумарам і самаіроніяй яны расказалі, як прыемна і адначасова складана быць бабуляй і дзядулем. Прагучала песня на музыку Міхаіла Леанідавіча, якую ён з удзячнасцю прысвяціў калектыву дзіцячага сада.

Падрыхтавалі свята выхавальнікі старэйшых груп І.А.Шаева, Н.М.Любчанка, М.В.Яснюк, Г.І.Вераб’ёва, Л.К.Высагорац, В.М.Касцянка і музычны кіраўнік Л.П.Казлова.

Аляксандра КРАСОЎСКАЯ.
выхавальнік ясляў-сада № 101 Віцебска.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*