Лідар–мен запрашае

Аздараўленчы лагер “Лідар” мастацкага профілю з дзённым знаходжаннем дзяцей Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі арыентаваны на фарміраванне і развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах, задавальненне індывідуальных патрэб у творчым развіцці і самаўдасканаленні. Арганізацыя адпачынку і аздараўлення дзяцей у лагеры дае ім унікальную магчымасць працягнуць заняткі любімай справай у аб’яднанні па інтарэсах у новым сацыяльным асяроддзі — прасторы дзіцячага аздараўленчага лагера.


“Лідар” — гэта сістэма навучальных, развіццёвых і выхаваўчых мерапрыемстваў, якія арганічна аб’яднаны агульным гульнявым сюжэтам. Педагогі будуюць сваю работу з дзецьмі пад дэвізам: “Навучаць у гульні”. Сюжэт змены, як і напаўненне заняткаў, кожны раз ствараецца нанова. Нязменным застаецца жаданне навучэнцаў спазнаваць новае, удзельнічаць у развіццёвых занятках, дэманстраваць тое, чаму яны навучыліся за год у сваіх аб’яднаннях па інтарэсах мастацкага профілю, абменьвацца вопытам і вучыцца самастойна рэалізоўваць свае творчыя задумы. У такіх дзяцей вельмі шмат ідэй, яны маюць пэўны вопыт арганізатарскай дзейнасці, знаходзяцца ў пастаянным пошуку новага і цікавага. Падчас змены педагогі ствараюць умовы для ўзаемаабагачэння, перадачы гэтага вопыту, арганізацыі сумеснай дзейнасці.


Сімвал лагера — Лідар-мен — вясёлы і гарэзны хлопчык. Ён кожнае лета “збірае” вакол сябе самых таленавітых і вясёлых навучэнцаў, прыдумляючы для іх усё новыя і новыя таямнічыя прыгоды. У мінулыя гады Лідар-мен запрашаў хлопчыкаў і дзяўчынак у віртуальныя падарожжы (рэалізацыя гульнявога модуля) “Акадэмія поспеху”, “Вясёлкавае ззянне”, “18 дзён вакол свету”, “Лідар TV”, “Ад мары да прафесіі”. У атрадах дзеці запаўнялі дзённік віртуальнага падарожжа, дзе запісвалі свае ўражанні і цікавыя факты.

Вялікая ўвага ўдзяляецца фарміраванню лідарскіх якасцей удзельнікаў, што праяўляецца у самастойнай падрыхтоўцы мерапрыемстваў (КТД): афармленні насценгазет, падрыхтоўцы мультымедыйных прэзентацый, правядзенні свят. У сацсетцы “Укантакце” ў групе “Творчыя арэлі” асвятляюцца ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў лагеры.


Поспех работы лагера шмат у чым залежыць ад узроўню падрыхтоўкі педагагічных кадраў. За многія гады работы ў Віцебскім гарадскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі склаўся “атрад” прафесійных педагогаў, якія маюць не толькі вялікі практычны вопыт, але і псіхолага-педагагічныя веды і ўменні. План работы лагера прадугледжвае наступныя асноўныя віды дзейнасці навучэнцаў: пазнавальную (экскурсіі, віктарыны, інфармацыйныя гадзіны), творчую (конкурсы-выставы дзіцячай творчасці, заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах), гульнявую (гульні-падарожжы, сюжэтна-ролевыя гульні), камунікатыўную (гульні і практыкаванні на знаёмства і ўзаемадзеянне, на згуртаванне часовага дзіцячага калектыву, трэнінгі). Адукацыйны кампанент змены рэалізоўваецца на занятках аб’яднанняў па інтарэсах. Знаходжанне ў лагеры, у свабоднай нефармальнай абстаноўцы, садзейнічае развіццю арганізатарскіх навыкаў, стымулюе дзіцячую творчасць, умацоўвае міжасобасныя сувязі, стварае спрыяльныя ўмовы для фарміравання згуртаванага дзіцячага калектыву.

Аксана МЯШКОВА,
метадыст аддзела ДПТ, начальнік лагера “Лідар”.