Лэпбук стварай, творчыя здольнасці развівай!

Лэпбук, калі перакладаць даслоўна, — гэта кніжка на каленях. Фактычна лэпбук — гэта самаробная тэматычная папка. З лэпбука можна даставаць патрэбнае на цяперашні момант, перакладаць, паступова дапаўняць. Такім чынам складваць меркаванне па пэўнай тэме.

У залежнасці ад формы лэпбукі могуць мець выгляд кніжкі з двума разваротамі, папкі з 3—5 разваротамі, кніжкі-гармоніка, фігурнай папкі. Арганізацыя прадстаўленага матэрыялу — гэта фігурныя канверты, кішэнька-гармонік, акенцы і дзверцы, дынамічныя дэталі, карткі з пытаннямі і адказамі. Матэрыялы для стварэння лэпбука: кардон-аснова, папера (белая, каляровая), ручкі, алоўкі, фламастары, фарбы, нажніцы, клей, пры неабходнасці дэкаратыўныя элементы (гузікі, бліскаўкі). І, канечне, трэба дабавіць шмат фантазіі і добрага настрою. Рэкамендуемы ўзрост для заняткаў па стварэнні лэпбукаў — ад 6 гадоў. Дзеці старэйшага ўзросту ўжо могуць самастойна рабіць свае лэпбукі.

Пачынаю з таго, што паказваю майстар-клас, а дзеці з маёй дапамогай робяць свой лэпбук. Яшчэ трэба памятаць, што ў пачатку выбіраецца тэма, ствараецца аснова для лэпбука, якая далей дапаўняецца, удасканальваецца педагогам разам з дзецьмі. Вырабу лэпбука папярэднічаюць групавыя тэматычныя заняткі, абмеркаванне рубрык.

У перыяд летняга адпачынку пры стварэнні лэпбука навучэнцы гімназіі выкарыстоўвалі наступныя тэмы: “Кветкі”, “Матылі”, “Ягады”, “Вітаміны”, “Захапленні”, “Птушкі”, “Жывёлы”, “Падарожжа маёй мары”, “Адпраўляемся ў паход”, “Правілы паводзін у лесе” і гэтак далей. Дзеці з захапленнем даюць волю сваёй фантазіі і сваім творчым здольнасцям.

Формы заняткаў могуць быць як індывідуальныя, так і групавыя. Перад пачаткам работы над лэпбукамі яшчэ раз нагадваю дзецям пра правілы стварэння і тое, што па выніках іх творчай працы будзе праводзіцца конкурс на лепшы лэпбук у некалькіх намінацыях: “Самы інфармацыйны”, “Самы цікавы”, “Самы прыгожы”, “Самы вынаходніцкі”, “Самы крэатыўны”.

Такім чынам, ствараючы лэпбук самастойна ці ў группе, дзеці могуць карысна і цікава правесці вольны час, штосьці зрабіць сваімі рукамі, адарвацца ад гаджэтаў і камп’ютараў. Вельмі значна, што пры такім відзе дзейнасці развіваюцца як творчыя здольнасці, так і камунікатыўныя навыкі навучэнцаў. А добрыя вынікі сваёй працы дзеці могуць прадставіць і сябрам, і бацькам.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.