Крыніца творчасці

Крыніца — пачатак жыцця і жывога, пачатак новага і неспазнанага. Невядома, што цябе чакае за наступным паваротам, крутым схілам, высокай гарой ці спакойнай далінай…

Працу настаўнікаў музычнай і харэаграфічнай накіраванасці сярэдняй школы № 6 Полацка можна параўнаць з крыніцай, свежай і бадзёрай, спакойнай і бурлівай, за якой заўсёды рушыць шэраг адкрыццяў, ведаў і поспеху. Крыніца нараджае маленькую рэчку і ставок з прэснай вадой, наравістае мора і бурны акіян. А настаўнік нараджае новыя ідэі, смелыя адкрыцці, чыстыя намеры, шчодрыя душы і пазітыўныя чаканні. І складваецца гэта ўсё са штодзённай карпатлівай працы, са штодзённых заняткаў, з кожнай хвіліны размовы нават з адным вучнем, са “шматслоўнай” хвіліны, з погляду і маўчання, якое будзе зразумела ўсім.

Толькі за апошнія чатыры месяцы творчыя калектывы сярэдняй школы № 6 Полацка дасягнулі высокіх перамог у вакальнай і харэаграфічнай творчасці. Узорны харэаграфічны калектыў REMIX пад кіраўніцтвам Марыны Шэндэль заваяваў на Міжнародным танцавальным чэмпіянаце ў Рызе Dance of Europе, што праходзіў сёлета ў лютым, дыпломы ІІ і ІІІ ступені. У сакавіку разам з харэаграфічным калектывам “Аквамарын” (кіраўнік Наталля Башлыкова) прынялі ўдзел у V Міжнародным конкурсе мастацтваў “Дняпроўскiя хвалi” ў Магілёве і вярнуліся таксама пераможцамі: REMIX — лаўрэаты ІІІ ступені, “Аквамарын” — дыпламанты ІІ ступені.

Малады харэаграфічны калектыў “Аквамарын” у адкрытым тэлевізійным міжнародным праекце “Таленты Расіі” кваліфікацыйнага конкурсу-фестывалю “Прасоўванне” ў Смаленску стаў лаўрэатам ІІ ступені. На гэтым жа конкурсе Лізавета Лапуцэвіч, салістка ўзорнай эстраднай студыі “Трэлькі” пад кіраўніцтвам Таццяны Навумавай, атрымала два дыпломы лаўрэата І ступені.

Юная таленавітая вакалістка не перастае радаваць свайго педагога па вакале і бацькоў высокімі творчымі вынікамі. У Рэспубліканскім фестывалі сучаснай хрысціянскай культуры “Дабравест” у Мінску, які праходзіў пад патранатам Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Лізавета зноў стала лаўрэатам І ступені. Але гэта яшчэ не вяршыня яе перамог. На II Нацыянальным конкурсе мастацтваў “Вышыня” ў Магілёве дзяўчына заваявала гран-пры, на ХI Міжнародным конкурсе-фестывалі музычна-мастацкай творчасці “Славянскія сустрэчы” — гран-пры і падарункавы сертыфікат на бясплатную паездку на Міжнародны конкурс-фестываль музычна-мастацкай творчасці “Руская казка” ў Санкт-Пецярбургу. Лізавета, гонар нашай школы, прадэманстравала сваю музычную творчасць у тэлепраекце нацыянальнага тэлеканала “Беларусь 2” — “Пін-код”. А 30 сакавіка на Міжнародным конкурсе-фестывалі маладых выканаўцаў эстраднай песні “Дзве сястры — Беларусь і Расія” ў рамках міжнароднага праекта Art-Panorama дзяўчына зноў атрымала дыплом лаўрэата І ступені і спецыяльны прыз журы.


У конкурсе прынялі ўдзел юныя вакалісткі ансамбля ўзорнай эстраднай студыі “Трэлькі” і таксама не засталіся без узнагарод, заваяваўшы званне лаўрэатаў ІІ ступені. Аляксандра Мілаш, неаднаразовая пераможца міжнародных конкурсаў, атрымала дыплом лаўрэата ІІ ступені, а Алекса Яфішанка стала дыпламантам ІІІ ступені.

На кожным з конкурсаў педагогу гэтага цудоўнага калектыву Таццяне Навумавай былі ўручаны спецыяльныя прызы журы ў намінацыі “Лепшы кіраўнік”. Віншуем нашых юных талентаў з высокімі вынікамі на міжнародных конкурсах і фестывалях! Менавіта тут крыніца творчасці бярэ свой пачатак і адпраўляецца ў адкрытае мора поспеху.

Таццяна ДУБКО,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6 Полацка.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*