“Калі цябе спаткае казка…”

У Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі сучасных казачных гісторый “Калі цябе спаткае казка…” пісьменніцы, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі, кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Ганны Віктараўны Навасельцавай.

Кніга складаецца з шэрага аўтарскіх казак і казачных апавяданняў, дзе ўвасоблена мастацкая рэканструкцыя матываў і вобразаў з беларускага і сусветнага фальклору. Галоўнымі героямі выступа­юць вядомыя чарадзейныя персанажы, міфалагічныя істоты, якія праходзяць дзівосныя выпрабаванні, спазнаюць сябе і вучацца разумець іншых. Прадставіўшы кнігу, Ганна Віктараўна расказала аб вытоках, вобразах і сімвалах беларускай і славянскай міфалогіі, сувязі міфа і чарадзейнай казкі, уплывах вуснай народнай творчасці на мастацкую літаратуру. Удзельнікі прэзентацыі пагадзіліся з тым, што казкатворчасць выступае плённай эстэтычнай стратэгіяй для аўтараў, якія працуюць у літаратуры фэнтэзі. Так, у свеце цудаў трэба задумацца, чаму Ліска-чарадзейка шкодзіць дзеду з бабай, каго палохае Шэры Воўк, да чаго імкнецца не зусім і злая Снежная каралева, на якія ўчынкі здатная сучасная Золушка. “Можна скептычна ставіцца да таго, што свет трымаецца на трох кітах, але цяжка аспрэчыць тое, што мастацтва слова — гэта трыадзінства міфалогіі, вуснай народнай творчасці і прыгожага пісьменства”, — пераконвае аўтар і рэкамендуе сучасную аўтарскую казку як дзецям, так і дарослым. Несумненна, што казка выхоўвае дзяцей, але і дарослым трэба часам нагадваць пра светлае і цёмнае, станоўчае і адмоўнае, добрае і злое.

Удзельнікам прэзентацыі спадабалася тэатралізаванае выступленне па матывах адной з казак Ганны Віктараўны, якое было падрыхтавана студэнтамі філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Стала яркім момантам прэзентацыі гульня ў асацыяцыі па малюнках фэнтэзійнага зместу. Шмат цёплых і шчырых слоў прагучала ад калег Ганны Віктараўны: Ірыны Вацлаваўны Саматой, якая шмат гадоў узначальвала літаратурны музей універсітэта; доктара філалагічных навук прафесара кафедры літаратуры Ванды Юлья­наўны Бароўка; кандыдата філалагічных навук, дацэнта, паэтэсы Вольгі Іванаўны Русілка; загадчыцы кафедры літаратуры, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Вольгі Віктараўны Лапацінскай.

Аліна КАРПЫЗІНА,
студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.