“Калекцыя” — гэта не толькі пазнавальна, але і цікава

Напэўна, кожны ў сваім жыцці збіраў якую-небудзь калекцыю — фанцікаў, каляндарыкаў, значкоў, манет…. Нават самае дзіўнае збіральніцтва не з’яўляецца пустым заняткам, бо яно ўзбагачае чалавека, пашырае яго кругагляд, выпрацоўвае пільнасць, якая дазваляе бачыць тое, чаго не бачаць іншыя, фарміруе навыкі сістэматызацыі.

Цяпер займацца калекцыяніраваннем стала прасцей: пры жаданні можна набыць серыі часопісаў, дадаткам да якіх ідуць вельмі цікавыя прадметы. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць падобныя серыі ў якасці падарункаў на дні нараджэння, іншыя святы.

Сабраўшы калекцыю, хочацца абмеркаваць яе, паказаць сваім сябрам і знаёмым. Бібліятэка полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны вырашыла прадаставіць сваім чытачам такую магчымасць і арганізавала зменныя экспазіцыі хатніх калекцый.


Першая выстава праекта “Калекцыя” была створана ў сярэдзіне верасня. Яе прадставіла вучаніца 2 “В” класа гімназіі Міласлава Сідарава. Гэта былі лялькі ў касцюмах народаў свету, часопісы, да якіх яны прыкладаліся. Бібліятэка дапоўніла выставу кнігамі і часопісамі з фонду бібліятэкі, што распавядаюць аб розных краінах і народах. 24 верасня прайшла прэзентацыя праекта, якая насіла назву “Мы такія розныя”. Вучні азнаёміліся з асаблівасцямі нацыянальных касцюмаў, зачыталі цікавыя факты пра звычаі прадстаўленых краін, успомнілі казкі, літаратурныя творы гэтых краін.

На сайце бібліятэкі з’явілася аб’ява: “Калі ў вас дома ёсць калекцыя прадметаў, цацак, калі вы гатовы прадставіць гэтую калекцыю чытачам нашай бібліятэкі — запрашаем паўдзельнічаць у нашым праекце “Калекцыя”! Умовы: папярэдняя дамоўленасць, калекцыя павінна змяшчаць не менш за дзесяць прадметаў, вы павінны прадставіць прапановы па сувязі калекцыі з кнігамі і часопісамі”.

Літаральна на наступны дзень да пятнаццаці лялек першай экзпазіцыі дадаліся яшчэ пятнаццаць, якія прадставіла вучаніца 8 класа Настасся Пашута, што ўдзельнічала раней у прэзентацыі.

Зацікаўленых выставай было вельмі шмат. Хтосьці разглядаў лялек, хтосьці адкрыў для сябе часопіс “Планета”, нехта чытаў краіназнаўчыя выпускі “АіФ” “Дзіцячая энцыклапедыя”. Сярод малодшых школьнікаў асаблівую цікавасць выклікала кніга Ады Чумачэнка “Чалавек з месяца”, а сярод старшакласнікаў — этнаграфічныя нарысы Я.Руднева “Народы свету” 1928 года выдання.

З жадаючых прадставіць свае калекцыі на экспазіцыі арганізавалася чарга. Гэта былі не толькі навучэнцы гімназіі, але і многія педагогі і бацькі. І закруцілася!

У самым пачатку кастрычніка ў праекце “Калекцыя” з’явілася новая экспазіцыя “Аўтамабілі на службе”, якую сабраў вучань 3 “А” класа Кірыл Прыбачэнка. Падчас выставы папулярнасцю карысталіся не толькі часопісы—дадаткі да калекцыйных аўтамабіляў, але і літаратура па правілах дарожнага руху, асновах бяспекі жыццядзейнасці, бо галоўную частку экспазіцыі складалі аўтамабілі хуткай дапамогі, міліцэйскія аўтамабілі, аўтамабілі пажарнай службы. Паглядзець на выставу вучні прыводзілі сваіх малодшых братоў і сясцёр, бацькоў. Асаблівую цікавасць выстава выклікала, вядома ж, у татаў.


Наступнай стала калекцыя лагічных гульняў намесніка дырэктара гімназіі Наталлі Міхайлаўны Навумавай і вучаніцы 10 класа Ганны Навумавай. Сказаць, што гэтая выстава карысталася вялікай папулярнасцю, — нічога не сказаць. Ужо з раніцы выстройвалася чарга з вучняў розных класаў. Для многіх педагогаў скласці некаторыя галаваломкі было проста справай гонару. І кнігі па дадзенай тэме ў бібліятэцы таксама знайшліся. Дарэчы тут былі паведамленні пра шахматную дуэль з “Гары Потэра” Д.Роўлінг, дзіўныя пытанні і адказы з казак Льюіса Кэрала, выдатныя зборнікі загадак і цікавых пытанняў, якія ёсць у фондзе бібліятэкі.

Вучань 4 “А” класа Раман Афанасьеў прадставіў выставу-калекцыю “Сапраўдныя насякомыя і іх знаёмыя”. У яе ўваходзіла 39 экспанатаў — неверагодных насякомых, а таксама часопісы, якія распавядаюць аб іх жыцці і асяроддзі пражывання, кнігі серый “Я пазнаю свет” і “Зямля мая”, выдатная казачная аповесць Яна Лары “Незвычайныя прыгоды Карыка і Валі”. Выстава стала проста незаменнай памочніцай падчас правядзення ў бібліятэцы “Экалагічнай кругасветкі”, таму што экспанаты калекцыі — “насельнікі” розных кантынентаў.

“Дзень 7 лістапада — чырвоны дзень календара!” — гэтая экспазіцыя была арганізавана ў бібліятэцы напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нашы чытачы маглі пабачыць паштоўкі, выпушчаныя ў 50—80 гады мінулага стагоддзя ў гонар 7 лістапада, азнаёміцца з навукова-папулярнай і мастацкай літаратурай пра рэвалюцыйныя падзеі. Матэрыялы для выставы падрыхтавалі Маша Дзедушкова, вучаніца 1 “В” класа, і настаўніца гімназіі Алена Генадзьеўна Дзедушкова. Нават проста разгледзець і памацаць паштоўкі, многім з якіх было за 60 гадоў, расшыфраваць паштовыя штэмпелі, даведацца, як паштоўкі падарожнічалі па прасторах былога Савецкага Саюза, гімназістам было цікава.

Траваядныя і драпежныя, якія плаваюць і якія лятаюць, маленькія і гіганцкія, жудасныя або сімпатычныя… Выстава дыназаўраў і іншых дагістарычных жывёл (мне вельмі спадабалася сям’я мамантаў: бацькі і іх маманцяня) была адкрыта ў бібліятэцы ў праекце “Калекцыя” ў сярэдзіне лістапада. Экспазіцыю прадставіў вучань 4 “Б” класа Усевалад Кароль. Побач з экспанатамі наведвальнікі бібліятэкі знайшлі шмат кніг: энцыклапедыі аб дагістарычных жывёлах, прыгодніцкія аповесці Ж.Роні старэйшага “Пячорны леў” і “Барацьба за агонь”, папулярныя нарысы Мікалая Чарняўскага. Некаторыя навучэнцы прыносілі дыназаўрыкаў з дома, класіфікавалі іх, шукалі інфармацыю ў прадстаўленай літаратуры. Дзеці прыходзілі і проста пагуляць, напрыклад, у “траваядныя супраць драпежнікаў”. Усе прадметы, прадстаўленыя на выставе, можна было мацаць.

А вось экспанаты наступнай выставы пажадана было не проста патрымаць у руках, але і ўзяць у часовае карыстанне. Кожны зацікаўлены мог выкарыстаць упадабаную форму для выпякання і парадаваць сваіх блізкіх прысмакамі. Калекцыю кулінарных часопісаў і сіліконавага посуду для выпякання традыцыйных і сучасных вырабаў па рэцэптах з усяго свету — ад мяккага пячэння і апетытных тартоў да сакавітых кексаў і вытанчаных далікатэсаў (з яркімі ілюстрацыямі і прафесійнымі парадамі) — прапанавала для вывучэння Таццяна Генадзьеўна Вяршыніна, педагог-псіхолаг гімназіі. Навучэнцы прыходзілі разам з бацькамі, выбіралі формы для выпякання і рэцэпты, а на наступны дзень прыносілі фотаздымкі (шчыра прызнаюся, не толькі іх) сямейнага вячэрняга чаявання.

Наступная экспазіцыя таксама была прадстаўлена Таццянай Генадзьеўнай. Гэта была калекцыя манет і банкнот “Грошы, грошы, грошы, грошы, грошыкі…”. На гэтую тэму літаратура ў бібліятэцы таксама знайшлася. Акрамя калекцыйных часопісаў, на выставе размясціліся кнігі па эканоміцы і гісторыі. Але асноўная ўвага была звернута на кнігу Д.Круса “Цім Талер, або Прададзены смех”.

Акрамя таго, былі прадстаўлены экспазіцыі навагодніх паштовак, мінералаў, значкоў, магнітаў, сувенірных талерачак з розных краін, ферма хатніх жывёл і многае іншае.

Галоўны вынік праекта — нашым чытачам (і вялікім, і маленькім) было сапраўды цікава. Яны з нецярпеннем чакаюць новых выстаў.

Людміла БАРТАСЕВІЧ,
загадчык бібліятэкі Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны.