Група AQUA,

або Праектная дзейнасць як аснова фарміравання актыўнай сацыяльнай пазіцыі навучэнцаў

У сучасным грамадстве творчай і крэатыўнай дзейнасці навучэнцаў надаецца вялікае значэнне. Праектная дзейнасць — найбольш эфектыўны складнік гэтага працэсу, а таксама фарміравання актыўнай сацыяльнай пазіцыі падрастаючага пакалення. Тут вельмі важным бачыцца не толькі занятасць дзяцей у вольны час, але і развіццё прафесійных кампетэнцый для самавызначэння ў дарослым жыцці.

Адным з яркіх прыкладаў работы гімназіі № 2 Віцебска ў дадзеным напрамку з’яўляецца арганізацыя і правядзенне праектнай дзейнасці ў шосты школьны дзень, у летні перыяд — у лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем дзяцей. На працягу мінулага навучальнага года васьмікласнікі Лілія Сапожнікава, Ягор Селязнёў, Таццяна Дзямідчык, Міхаіл Чапурненка пад кіраўніцтвам настаўніка геаграфіі Сяргея Докіша і настаўніцы хіміі Ірыны Шавялінскай працавалі над экалагічным праектам “Гісторыя і стан водаправоднай вады ў Віцебску”. Навуковымі кансультантамі праекта выступілі галоўныя інжынеры ТАА НДЦ “Абласная экалагічная экспертыза” Аляксандра Ганушчанка і Арцём Садоўскі.

Тэма праекта была вызначана адным з прыярытэтаў стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі — забеспячэнне насельніцтва якаснай пітной вадой. Цэнтралізаванае пітное водазабеспячэнне — найважнейшая ўмова развіцця буйных населеных месцаў, а якасць вады — вырашальны фактар, які вызначае бяспечную жыццядзейнасць грамадзян.

У працэсе работы дзеці даведаліся пра гісторыю водазабеспячэння пітной вадой жыхароў Віцебска. У горадзе яшчэ з 1892 года стаіць дом, у якім размяшчалася кантора “Таварыства віцебскіх водаправодаў”. Да нашых дзён захавалася і частка каменнага рэзервуара, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя знаходзіўся гарадскі запас вады. Навучэнцы наведалі гэтае гістарычнае месца і нанеслі на сваю карту города. Творчую групу яны назвалі AQUA і пачалі дэталёва даследаваць гісторыю віцебскага водаправода, звязаную з паляпшэннем якасці пітной вады для жыхароў горада. Наш праект закранаў не толькі вывучэнне якасці водаправоднай вады, але і асаблівасці геалагічнай будовы тэрыторыі, хімічнага складу падземных вод. Вынікам павінна стаць экспазіцыя “Гісторыя віцебскага водаправода”.

Для рэалізацыі праекта былі зроблены наступныя крокі: 1. Правядзенне і аналіз сацыяльнага апытання навучэнцаў і іх бацькоў; 2. Правядзенне хімічнага аналізу водаправоднай вады; 3. Высвятленне меркавання спецыялістаў водазабору № 1 аб якасці пітной вады; 4. Вызначэнне навукова абгрунтаваных шляхоў паляпшэння якасці водаправоднай вады.

Аўтары праекта пазнаёміліся з асаблівасцямі розных метадаў даследавання: эксперыментальным, сацыялагічным (анкетаванне), параўнальна-супастаўляльнага аналізу інфармацыйных крыніц, картаграфічным.

Праектная дзейнасць — гэта не толькі знаёмства з прыроднымі асаблівасцямі роднага краю, навуковае пазнанне навакольнага свету, але і праяўленне творчага, крэатыўнага мыслення, актыўных сацыяльных адносін да пытанняў устойлівага развіцця. Мы даведаліся, што водазабеспячэнне Віцебска ажыццяўляецца 4 асноўнымі артэзіянскімі водазаборамі, а таксама 17 міні-водазаборамі, якія маюць 1—5 артэзіянскіх свідравін. Тэрыторыя горада забяспечана воднымі рэсурсамі. Аднак ва ўмовах антрапагеннага ўздзеяння і, як наступства, забруджвання вод у сувязі з гаспадарчай дзейнасцю чалавека, выкарыстанне прыродных вод можа быць абмежавана іх якасцю. У лабараторыі кабінета хіміі былі праведзены аналізы на ўтрыманне іонаў жалеза (Fe3 +) і хлору (CL1 -), наяўнасць СПАР (сінтэтычныя паверхневыя актыўныя рэчывы), іонаў кальцыю (Ca2 +) і магнію (Mg2 +). Вынікі даследаванняў у гімназіі практычна супалі з тымі, што выканалі спецыялісты водазабору: стан якасці водаправоднай вады ў Віцебску адпавядае нарматыўным патрабаванням СанПіН 10-124 РБ 99. Разам з работнікамі лабараторыі мы даследавалі якасць вады па 7 паказчыках (у лабараторыі праводзяцца даследаванні па 44 паказчыках штодня). Адзіным прыродным недахопам артэзіянскай вады з’яўляецца перавышэнне ў ёй утрымання жалеза, солей магнію і кальцыю (так званая калянасць). Перавышэнне жалеза адзначаецца на свідравінах да 7 міліграмаў на літр.

Група AQUA правяла сацыялагічнае даследаванне аб якасці пітной вады і звычках яе спажывання. У апытанні ўдзельнічалі 65 бацькоў і 65 навучэнцаў. Вынікі паказалі, што 62% навучэнцаў і іх сем’і не давяраюць якасці вады, лічаць яе забруджанай (для піцця яны выкарыстоўваюць фільтраваную ваду ці ваду з бутэлькі), 32% выкарыстоўваюць ваду без фільтра і 6% жыхароў ваду кіпяцяць. Вывучыўшы літаратуру і пракансультаваўшыся са спецыялістамі, навучэнцы высветлілі, што для Віцебска якасць вады абумоўлена прыроднымі асаблівасцямі. Перавышэнне солей кальцыю і магнію ў вадзе тлумачыцца тым, што ваданосныя гарызонты залягаюць на той жа глыбіні, што і даламітавы, вапнавы пласты. Вынікам дзейнасці групы AQUA стала распрацоўка памяткі, дзе пазначаны навукова абгрунтаваныя шляхі, якія спрыяюць паляпшэнню якасці водаправоднай вады ў індывідуальных дамах, шматпавярховых будынках горада. Навучэнцы правялі інфармацыйныя гадзіны: у малодшых класах — “Таямніца кропелькі вады”, у класах сярэдняга звяна — “Вада, якую мы п’ём”, а для старшакласнікаў падрыхтавалі інфармацыйны бюлетэнь “Вада — наша багацце”.

Падчас працы летняга лагера група займалася пытаннямі стварэння экспазіцыі “Гісторыя віцебскага водаправода”. Экспазіцыя складаецца з трох выстаў. Першая прысвечана віцебскай водаправоднай кампаніі, другая — развіццю водаправоднай сістэмы, трэцяя — бягучаму стану водаправоднай сістэмы горада і сучасным водаправодным тэхналогіям.

Праект дазволіў навучэнцам не толькі выкарыстаць наяўныя веды, уменні і навыкі, але і набыць новыя, праявіць актыўную сацыяльную пазіцыю да сваёй малой радзімы — Віцебска.

Сяргей ДОКІШ,
настаўнік геаграфіі;
Ірына ШАВЯЛІНСКАЯ,
настаўніца хіміі гімназіі № 2 Віцебска.