Экспедыцыя на “Крыжоўкі”

Напрыканцы мінулага тыдня, 26—27 ліпеня, удзельнікі краязнаўчага гуртка Terra incognita Пастаўскай гімназіі разам з сябрамі Таварыства беларускай мовы здзейснілі двухдзённую экспедыцыю ў паўднёвую частку Пастаўскага раёна. Мэта вандроўкі — вывучэнне прыродна-гістарычнага комплексу “Крыжоўкі” каля азёр Доўжа і Варанец, на невялікай тэрыторыі якога размяшчаецца шэраг рэдкіх і ўнікальных для Беларусі аб’ектаў.

Удзельнікі экспедыцыі даехалі на аўтобусе да вёскі Чарняты, а потым рушылі па старамядзельскай дарозе ў напрамку вёскі Пятроўшчына. На шляху давялося фарсіраваць раку Мядзелка, выпрабоўваць моц ног асцём скошанай збажыны, прадзірацца праз беларускія джунглі з зарасніку вольхі, лазы і крапівы пад пагрозлівы гул камароў і аваднёў.

Пасля ўсталявання лагера і абеду група зрабіла радыяльны выхад, падчас якога былі абследаваны руска-германскі могільнік часоў Першай сусветнай вайны, папуляцыя капавых асін, паміраючы дуб-волат, былая гідратэхнічная сістэма Варанец-Мядзелка з падмуркам млына, бабровая імперыя, маляўнічыя берагі возера Варанец. Вечарам удзельнікі экспедыцыі адпачывалі: гулялі ў валейбол, купаліся, спявалі песні пад гітару, гулялі ў стратэгію.

На наступны дзень вывучалася ўсходняя частка прыродна-гістарычнага комплексу “Крыжоўкі”. Былі абследаваны з фіксацыяй дакладных каардынат праз навігатар такія адметныя аб’екты, як германскі ўмацаваны раён Першай сусветнай вайны з сістэмай траншэй, акопаў і жалезабетонных бліндажоў, месца былога сельскагаспадарчага вучылішча, падмурак маўзалея-капліцы У.Друцкага-Любецкага, помнік на месцы бою часоў Другой сусветнай вайны, унікальная сістэма з трох невялікіх рознаўзроўневых Сарочынскіх азёр. Вечарам група вярнулася ў Паставы.

У выніку праведзеных даследаванняў удалося сабраць дадатковы матэрыял пра цікавыя аб’екты комплексу “Крыжоўкі”, вызначыцца з ніткай турыстычна-экскурсійнага маршруту, які плануецца ў найбліжэйшы час здзейсніць.

Ігар ПРАКАПОВІЧ,
кіраўнік экспедыцыі.