Экалагічная адукацыя ў мэтах устойлівага развіцця

Адной з задач работы Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна з’яўляецца стварэнне эфектыўнай мадэлі ўстойлівага развіцця ўстановы адукацыі. Важным этапам у вырашэнні пастаўленай задачы стала экалагічная адукацыя. Экалагічная дзейнасць навучэнцаў — неабходная ўмова фарміравання экалагічнай культуры.

У школе на працягу некалькіх гадоў праводзіцца тыдзень устойлівага развіцця, мерапрыемствы якога накіраваны ў першую чаргу на фарміраванне цэласнага светаадчування. Завяршаецца тыдзень школьным форумам экалагічных ініцыятыў. І гэты год для ноўкінскіх школьнікаў не стаў выключэннем. На форуме навучэнцы прадстаўлялі свае работы. Можна было ўбачыць шмат цікавага: як школьнікі клапаціліся пра птушак зімой, падкормлівалі іх, а ў пачатку вясны выраблялі і размяшчалі шпакоўні; як можна, выкарыстоўваючы другасную сыравіну, вырабіць аўтарскія кашалькі. Навучэнцы прапаноўвалі гасцям паспрабаваць фітачаі з сыравіны, вырашчанай і сабранай на ўласнай фітаградцы. Гэтак жа была арганізавана акцыя “Азелянім школу”, у выніку якой навучэнцы аднаго класа на працягу навучальнага года вырошчвалі пакаёвыя расліны, а на форуме дарылі іх усім, хто жадае азеляніць свой клас. Створаныя атрады беражлівасці пераконвалі ўсіх у неабходнасці берагчы ваду і электраэнергію, пацвярджаючы свае словы вынікамі даследаванняў, праведзеных на базе школы.

Падобныя мерапрыемствы спрыяюць фарміраванню ў вучняў экалагічнай культуры і актыўнай пазіцыі ў вырашэнні экалагічных праблем, ствараюць умовы для бесперапыннага вывучэння экалагічнай абстаноўкі, дапамагаюць у распаўсюджванні эколага-краязнаўчых ведаў і захаванні свайго здароўя.

Юлія ЦЯРЭШЧАНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.