Экалагічная адукацыя для ўстойлівага развіцця

Сфарміраваць беражлівыя адносіны да прыроды, павысіць экалагічную дасведчанасць навучэнцаў дапамагае сістэма работы, якая склалася ў Ноўкінскай сярэдняй школе Віцебскага раёна.


Важная роля ў фарміраванні экалагічнай культуры ва ўстанове адукацыі адводзіцца класным ініцыятывам. Кожны клас выбірае сабе экалагічную ініцыятыву, над якой працуе на працягу навучальнага года. Напрамкі ініцыятыў вельмі разнастайныя, пры гэтым усе віды дзейнасці арыентаваны на экалагічнае выхаванне школьніка. Напрыклад, навучэнцы клапоцяцца пра птушак і вывучаюць іх, вырошчваюць пакаёвыя расліны, тым самым азеляняючы свае кабінеты, вучацца берагчы прыроду, аналізуючы старонкі Чырвонай кнігі. Складаючы экалагічны каляндар, дзеці пазначаюць даты, накіраваныя на абарону навакольнага асяроддзя ва ўмовах устойлівага развіцця. Навучэнцы з задавальненнем працуюць над вырабамі з другаснай сыравіны, робяць калажы са сваімі гадаванцамі, вывучаюць рэпрадукцыі карцін знакамітых мастакоў пра прыроду і многае іншае. Усё гэта фарміруе экалагічны светапогляд школьніка на кожным этапе развіцця ў адукацыйнай прасторы. Традыцыйным стала і правядзенне ва ўстанове адукацыі Тыдня ўстойлівага развіцця, які завяршаецца экалагічным форумам. Экафорум не толькі дазваляе навучэнцам пашыраць аб’ём сваіх экалагічных ведаў, але і дапамагае прыцягнуць увагу аднагодкаў да экалагічных праблем. На экафорум навучэнцы прадстаўляюць вынікі сваёй дзейнасці за год у выглядзе выступленняў, прэзентацый і выстаў гатовай прадукцыі. Такая дзейнасць дазваляе сфарміраваць у навучэнцаў адказнае стаўленне да навакольнага асяроддзя ў інтарэсах устойлівага развіцця.

Юлія ЦЯРЭШЧАНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.