Дэсант дырэктараў… у віцебскіх дэсантнікаў

Аб праведзеных у мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі мерапрыемствах па ваенна-патрыятычным выхаванні і вывучэнні маральна-дзелавых і сацыяльна-псіхалагічных характарыстык грамадзян дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту расказаў выконваючы абавязкі намесніка камандзіра па ідэалагічнай рабоце 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады — начальнік аддзялення ідэалагічнай работы гвардыі падпалкоўнік Дзяніс Крывянцоў. Ён праінфармаваў, што загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь № 762 ад 18 чэрвеня 2015 года “Аб замацаванні злучэнняў, вайсковых часцей, ваенных навучальных устаноў і арганізацый Узброеных Сіл за ўстановамі адукацыі Рэспублікі Беларусь” за брыгадай замацаваны Віцебскае кадэцкае вучылішча, Аршанскі політэхнічны прафесійна-тэхнічны каледж, 46 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебска, 21 — Віцебскага раёна, 4 — Жыткавіч і 16 — Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Акрамя замацаваных, у мерапрыемствы ўключаны шэраг іншых устаноў адукацыі рознага ўзроўню, у тым ліку ўніверсітэты і нават дзіцячыя сады.

Фота да матэрыяла: Дэсант дырэктараў… у віцебскіх дэсантнікаў.— Мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве, таму што перавыхаваць намнога складаней, чым выхаваць, — адзначыў Дзяніс Анатольевіч. — Здаецца, што будзе рабіць салдат у дзіцячым садку, каго і як ён зможа там выхаваць? Што пакажа карыснага, каб дзеці гэта засвоілі? У адказ мне адразу прыгадваюцца словы маленькага хлопчыка, выпадкова пачутыя пасля паказальных выступленняў у дашкольнай установе: “Мама, я хачу, каб наш тата быў такім, як салдат”. Зразумела, найперш мы працуем з тымі навучэнцамі, хто заўтра прыйдзе ў армію. Работа, накіраваная на выхаванне патрыятызму і падрыхтоўку будучых абаронцаў Айчыны, ажыццяўляецца комплексна і ў адпаведнасці з зацверджаным сумесна з аддзеламі па адукацыі і ўстановамі адукацыі гадавым планам.

Па словах Дзяніса Крывянцова, 103-я асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада задзейнічана або ўваходзіць у склад арганізатараў розных сумесных з сістэмай адукацыі мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Напрыклад, толькі за год на экскурсіях па тэрыторыі легендарнай вайсковай часці з праглядам тэматычных кінафільмаў, наведваннем пакоя баявой славы, сустрэчамі з дзеючымі афіцэрамі і ветэранамі Узброеных Сіл пабывалі больш за 1900 навучэнцаў. На базе злучэння праведзены ваенна-палявыя зборы для навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебска, раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” (Кастрычніцкі раён Віцебска) і абласны этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”. Акрамя таго, прадстаўнікі брыгады прынялі ўдзел у дзясятках бацькоўскіх сходаў, урачыстых лінеек, ранішнікаў, урокаў мужнасці, сумесных з установамі адукацыі спаборніцтваў па ваенна-прыкладных відах спорту, майстар-класаў з выпускнікамі, прафарыентацыйных сустрэч па прапагандзе ваеннай службы. Летам на базе вайсковай часці традыцыйна арганізуецца работа дзіцячага спартыўна-патрыятычнага лагера. Асабліва цеснае супрацоўніцтва наладжана з кадэтамі: ніводнае ўрачыстае мерапрыемства ў кадэцкім вучылішчы не праводзіцца без удзелу ваеннаслужачых. Традыцыйным стала запрашэнне кадэтаў на актыўныя фазы вучэнняў, спаборніцтваў. Асноўнымі напрамкамі развіцця супрацоўніцтва камандаванне брыгады бачыць павелічэнне колькасці практычных мерапрыемстваў, а таксама пашырэнне прафарыентацыйнай дзейнасці, накіраванай на падрыхтоўку навучэнцаў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту да службы ва Узброеных Сілах, фарміраванне ўстойлівай матывацыі да службы ў сілах спецыяльных аперацый.

Падчас абмеркавання даклада ўдзельнікі пасяджэння выказалі шэраг актуальных заўваг і прапаноў. Так, дырэктар Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Уладзімір Шыцько акцэнтаваў увагу, што за 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадай замацаваны (а значыць, узаемадзеянне з імі больш цеснае) толькі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, за выключэннем Аршанскага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. А між тым выпускнікі ўстаноў прафесійнай і, у прыватнасці, сярэдняй спецыяльнай адукацыі — значны рэсурс папаўнення Узброеных Сіл. Неабходна скарэкціраваць сумесную работу. Другое пажаданне, якое агучыў Уладзімір Уладзіміравіч, тычылася арганізацыі дапрызыўнай падрыхтоўкі: бясспрэчна, больш эфектыўна і вынікова выкладаць яе могуць прафесійныя ваенныя, а знайсці выкладчыка-афіцэра складана, таму для вырашэння гэтага кадравага пытання варта аб’яднаць намаганні. Начальнік аддзела прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка прапанаваў для сумеснага абмеркавання пытанне аб мэтазгоднасці прадастаўлення адтэрміноўкі вайсковай службы для выпускнікоў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На падрыхтоўку кожнага маладога спецыяліста дзяржава выдаткоўвае вялікія сродкі, а пасля службы многія з іх не толькі не вяртаюцца працаваць па месцы размеркавання, але і мяняюць спецыяльнасць, а то і прафесійную сферу. Праблему, безумоўна, з улікам дзяржаўных інтарэсаў і пункту погляду ўсіх зацікаўленых бакоў, трэба вырашаць.

Другая частка работы пасяджэння прайшла ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы. Яго дырэктар, старшыня савета кіраўнікоў Аляксандр Ласякін, азнаёміў калег з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы адукацыі і ўмовамі падрыхтоўкі навучэнцаў да ўдзелу ў спаборніцтвах WorldSkills, вопытам работы па дапрызыўнай падрыхтоўцы, эканоміі бюджэтных сродкаў, будаўніцтве гаспадарчым спосабам, інфарматызацыі адукацыйнага працэсу. Падводзячы вынік сустрэчы, Аляксандр Міхайлавіч падкрэсліў важнае значэнне грамадзянскага і патрыятычнага выхавання моладзі, неабходнасць укараняць новыя формы, метады і методыкі гэтай работы, выходзіць на новыя ўзроўні супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.