Будуем устойлівую будучыню разам

З 25 верасня ў Беларусі стартавалі тыдні ўстойлівага развіцця — 2017. Браслаўская гімназія як Рэсурсны цэнтр падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця трансгранічных тэрыторый прыняла актыўны ўдзел у прасоўванні ідэй, звязаных з рэалізацыяй Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2030 года (НСУР-2030) сярод насельніцтва нашага горада і раёна. Навучэнцы, іх бацькі, педагогі, слухачы клуба “Акадэмія Gold” пастараліся расказаць мясцовым жыхарам пра свае ініцыятывы па ўстойлівым развіцці і тое, які іх уклад у дасягненне 17 Мэт ААН у галіне ўстойлівага развіцця.


Удзельнікі акцыі “Пабудуем сваю будучыню разам” арганізавалі работу адкрытых інтэрактыўных пляцовак, прысвечаных розным мэтам устойлівага развіцця, і актыўна іх рэкламавалі, імкнучыся прыцягнуць увагу як мага больш наведвальнікаў да існуючых праблем і прапанаваных спосабаў іх вырашэння. Тут можна было паласавацца апетытнымі прысмакамі на пляцоўцы, прысвечанай ліквідацыі голаду, паспрабаваць свае сілы ў стварэнні мадэляў экалагічна чыстых крыніц энергіі, зрабіць фота з жывёламі ў падтрымку захавання прыродных рэсурсаў, прааналізаваць стаўленне да хлопчыкаў і дзяўчынак (у рамках мэты “Гендарная роўнасць”), завязаць новыя знаёмствы і знайсці групы падтрымкі для рэалізацыі сваіх ідэй і ініцыятыў на пляцоўцы, прысвечанай партнёрству ў інтарэсах устойлівага развіцця, а таксама паспрабаваць свае сілы ў спартыўных практыкаваннях і даведацца больш пра здаровы лад жыцця. Усе прысутныя з радасцю ўдзельнічалі ў віктарыне, прысвечанай барацьбе са зменай клімату, і распрацоўвалі спосабы абароны навакольнага асяроддзя ад негатыўнага ўплыву чалавека.


На працягу акцыі была арганізавана канцэртная праграма, прысвечаная тыдню ўстойлівага развіцця ў Беларусі. Удзел у ёй прымалі і “акадэмікі”, якія з велізарным жаданнем уключаліся ў дзейнасць кожнай з гімназічных ініцыятыў, што адкрыла магчымасць для рэалізацыі мэты “Памяншэнне няроўнасці”. Для гімназічнай супольнасці такая інклюзія не новая, аднак для гасцей свята (гараджан, навучэнцаў іншых школ) гэта стала наглядным прыкладам, як можна супрацоўнічаць з людзьмі сталага ўзросту і інвалідамі.

Як вынік свята, у навучэнцаў нарадзіліся новыя ідэі, з’явіліся новыя партнёры па рэалізацыі гэтых задумак. Такім чынам, праведзеная акцыя стала стартавай пляцоўкай на шляху да рэалізацыі мэт устойлівага развіцця ў Браслаўскім рэгіёне з прыцягненнем удзельнікаў мясцовай супольнасці.

Вольга ЛУКША,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Браслаўскай гімназіі.