Будаваць храм роднай мовы

Для чалавека выбар прафесіі — адзін з самых важных у жыцці. А кожны, хто вызначыўся, рана ці позна задае сабе пытанне, чым з’яўляецца для яго праца. Мне хацелася б нагадаць прытчу пра трох чалавек, якія вазілі ў тачках цяжкае каменне. У аднаго з іх запыталіся: “Што ты тут робіш?” Ён спыніўся, выцер пот і стомлена адказаў: “Цягаю каменне”. Тое ж пытанне задалі другому. Ён адказаў: “Зарабляю на хлеб”. Трэці, пачуўшы, прамовіў: “Я будую храм!” Мне заўсёды сваёй працай хацелася будаваць храм роднай мовы. І хаця веданне мовы, валоданне ёй не абяцае імклівага кар’ернага ўзлёту і звышвысокіх заробкаў, але ж не хлебам адзіным жыве чалавек. Страта аднаго з галоўных духоўных скарбаў народа прывядзе да страты нацыянальнага аблічча. У нашай гімназіі атрымалася стварыць і зберагчы атмасферу павагі да роднай мовы, захаплення яе прыгажосцю, агульнага жадання дасканала ведаць і захоўваць найважнейшую спадчыну дзяржавы.

Цвёрда ўпэўнена, што поспех — гэта лесвіца, на якую нельга падняцца, трымаючы рукі ў кішэнях. Настаўнікі нашай гімназіі пастаянна павышаюць узровень сваёй адукаванасці праз курсавую перападрыхтоўку ў Інстытуце развіцця адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, праз удзел у разнастайных семінарах, што праводзяцца Нацыянальным інстытутам адукацыі, Таварыствам беларускай школы. Выкарыстоўваюць педагогі і магчымасці дыстанцыйнага навучання: закончылі курс па стратэгіі актыўнай ацэнкі, набылі цікавы вопыт яе выкарыстання ў школах Польшчы. У мінулым навучальным годзе закончылі курс дыстанцыйнага навучання “Медыяадукацыя ў школе” і прайшлі практыку ў межах шасці навучальных модуляў, што дапамагло азнаёміцца з вопытам фарміравання медыякампетэнцый у школах Швецыі. Удзел у міжнародным семінары “Медыяадукацыя ў школе: вопыт рэалізацыі і перспектывы развіцця” таксама аказаўся плённым і даў цікавы вопыт.

Сучасны свет дынамічны: пастаянна ідзе пошук новых методык, прыёмаў, тэхналогій, стратэгій, якія маглі б павысіць матывацыю да вучэбнай дзейнасці, узровень навучанасці дзяцей, зрабіць урок цікавым, эфектыўным. Настаўнік павінен ведаць іх і валодаць імі, быць асобай грамадска свядомай і разумець сваё асяроддзе. Нашы педагогі не цураюцца інавацый. Гімназія актыўна ўдзельнічае ў эксперыментальнай дзейнасці абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Сваім вопытам мы ахвотна дзелімся на пасяджэннях рэспубліканскіх творчых груп настаўнікаў гісторыі, інфарматыкі, беларускай мовы, праводзім майстар-класы для настаўнікаў раёна і вобласці. У першым паўгоддзі бягучага навучальнага года на базе нашай установы адукацыі прайшоў абласны семінар дырэктараў. Акрамя таго, мы ўдзельнічалі ў абласным семінары па беларускай мове, прымалі ў сябе настаўнікаў беларускай мовы з Шаркаўшчынскага раёна. З ахвотай запрашаем у гімназію лектараў, навукоўцаў. З задавальненнем слухалі дырэктара базавай школы “Враціслава” Прагі Іржы Трунда. Самі наведваем міжнародныя семінары.

У перыяд з 2012 па 2017 год гімназісты атрымалі 30 дыпломаў на ІІІ і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры і матэматыцы. Выпускнікі нашай установы паспяхова здаюць экзамены і цэнтралізаванае тэсціраванне: сертыфікаты ў 100 балаў маем штогод, летась іх было 4 — па беларускай мове, гісторыі, грамадазнаўстве. Вынікам плённай працы калектыву з’яўляецца паступленне нашых вучняў у прэстыжныя ўстановы вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь (гэты паказчык звычайна складае каля 90 працэнтаў, у мінулым годзе — 96 працэнтаў).

Школа тады з’яўляецца цэнтрам духоўнага жыцця, калі, акрамя выдатных урокаў, практыкуе разнастайныя формы развіцця навучэнцаў у пазаўрочны час. У нас гэта найперш традыцыйныя мерапрыемствы, такія як месячнік прадметных алімпіяд, інтэлектуальны марафон, конкурс “Вучань года”. Актыўна ўдзельнічаюць гімназісты ў навукова-даследчай дзейнасці. За апошнія 5 гадоў 22 вучні сталі пераможцамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцый. Штогод больш за 40 працэнтаў гімназістаў становяцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі розных творчых і інтэлектуальных турніраў, алімпіяд, конкурсаў. Гімназічная газета “Жаўраначка” неаднойчы была пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Спроба пяра”, які праводзіў часопіс “Народная асвета”.

Вучні — творчыя, смелыя асобы, і не заўсёды можна прадбачыць, што яны прыдумаюць. Толькі ім магла прыйсці ідэя павіншаваць каралеву Англіі з 90-годдзем. І наколькі было цікава, прыемна, нечакана, калі гімназія атрымала пісьмо з падзякай ад каралевы! Па-рознаму можна адносіцца, напрыклад, да конкурсу “Еўрабачанне”, але калі ведаеш, што група NAVI перамагла ў фінале з беларускамоўнай песняй, а саліст групы Арцём Лук’яненка — выпускнік нашай гімназіі, які ніколі не ўпускае магчымасці падчас інтэрв’ю падзякаваць сваім настаўнікам, то нельга не парадавацца гэтаму.

Вопыт, практыка, пошук эфектыўных шляхоў арганізацыі адукацыйнай дзейнасці, дасягнення пэўных вынікаў прывялі мяне і маіх калег да пэўных высноў. Безумоўна, падмурак поспеху навучэнца — якасныя веды, якія, вядома, могуць даць урок і настаўнік — знаўца сваёй дысцыпліны. Разам з тым поспех залежыць не толькі ад здольнасцей і ведаў, але і ад матывацыі. Важным фактарам, што ўплывае на дасягненні вучня, з’яўляецца яго самаацэнка. Спрыяльнае асяроддзе ва ўстанове адукацыі, павага, узаемаразуменне і давер, узаемападтрымка таксама абавязковыя, бо гэта нязменныя складнікі поспеху. Калі сабраць гэтыя агульныя высновы, дадаць пошук кожнага педагога свайго шляху да поспеху, то ён абавязкова будзе.

Таццяна БАРТКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Глыбоцкай раённай гімназіі.
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ.