Азбука эканоміі

Сёння перад нашай дзяржавай стаіць важная задача — навучыць кожнага грамадзяніна асабістай адказнасці за эканомнае выкарыстанне энергарэсурсаў. Асновы адносін чалавека да навакольнага свету, у тым ліку і да энергаспажывання, закладваюцца ў дзяцінстве. Найбольш паспяховаму вырашэнню пастаўленых задач спрыяе выкарыстанне метаду праектаў. Творчай групай ясляў-сада № 8 Полацка быў распрацаваны праект “Азбука эканоміі” (рэсурсазберажэнне), які ўключае ў сябе тры блокі: “У гасцях у Электрошы” (энергазберажэнне), “У гасцях у Цяплошы” (цеплазберажэнне), “У гасцях у Капiтошы” (водазберажэнне).


Мэта праекта “Азбука эканоміі” — фарміраванне першапачатковых звестак аб рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, элементарных правіл бяспекі і энергазберажэння. Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу педагогі выкарыстоўваюць разнастайныя метады і прыёмы. З выхаванцамі штодзень праводзяцца назіранні за рознымі з’явамі навакольнага свету, гутаркі пра ваду, паветра, электрычнасць, прыродныя выкапні. Педагогі разам з дзецьмі разглядаюць і чытаюць дзіцячыя энцыклапедыі, мастацкую літаратуру пра нежывую прыроду. У групах выраблены дыдактычныя гульні “Святло, вада, гук”, “Асновы бяспекі”, “Мой дом”, “Гісторыя лямпачкі”, “Што спачатку, што потым?”, “Што сагравае, што захоўвае?”, “Чацвёрты лішні”.

Арганізаваны цэнтр пазнавальнай практычнай дзейнасці, дзе ёсць неабходныя матэрыялы для правядзення доследаў і эксперыментаў з вадой, паветрам, святлом, глебай, магнітамі. Арганізацыя эксперыментальнай дзейнасці праходзіць у партнёрстве дарослага і дзіцяці, што спрыяе развіццю ў выхаванцаў актыўнасці, самастойнасці, умення прымаць рашэнні, спрабаваць рабіць нешта, не баючыся, што атрымаецца няправільна, спрыяе эмацыянальнаму камфорту.

Падчас рэалізацыі ў сярэдняй і старшай групах праекта “Вада” мы знаёмілі выхаванцаў з уласцівасцямі вады, выхоўвалі свядомыя беражлівыя адносіны да вады як да важнага прыроднага рэсурсу і разам з тым адмоўнае стаўленне да фактараў, якія ўплываюць на яе забруджванне. Былі разгледжаны тэмы “Чараўніца вада”, “Брудная і чыстая вада”, “Эканомім ваду”, “Як захаваць ваду чыстай”. Ва ўстанове прайшла акцыя “Не дай кропельцы ўпасці”. У пазнавальным цэнтры пяску і вады “Вясёлка”, створаным у садзе, дзеці вучыліся ачышчаць ваду. З выхаванцамі старшай групы было праведзена забаўляльнае мерапрыемства “Лічыльнік у гасцях у дзяцей”, падчас якога малышы прадэманстравалі свае веды па эканоміі і беражлівасці. Вынікам праекта стаў выраб лэпбука “Чараўніца вада”.

На базе ясляў-сада № 8 Полацка прайшло метадычнае пасяджэнне выхавальнікаў сярэдніх груп па тэме “Развіццё пазнавальнай актыўнасці дашкольнікаў з дапамогай выкарыстання доследаў і эксперыментаў”. Выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі М.Б.Старавойтава правяла заняткі “Дапаможам Капітошку”. Выхаванцы сярэдняй групы прадэманстравалі ў міні-лабараторыі доследы з вадой, якія дазваляюць даведацца пра яе ўласцівасці, агрэгатныя станы, дапамаглі Капiтошку перамагчы старую Спякоту.

У далейшым плануецца рэалізацыя праекта ў кірунках “Электраэнергія”, “Цяпло” і “Прырода просіць абароны”. Пры арганізацыі заняткаў па названых тэмах у групах педагогі выкарыстоўваюць лагатыпы гнома Эканома, Транжыры, Каплюшы, Электрошы, Цяплошы, Экошы. Так, у гульнявой форме выхаванцы набываюць навыкі разумнага спажывання электраэнергіі, становяцца актыўнымі “эканомікамі” і “берагошамі”.

Людміла ЮНІЦЫНА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 8 Полацка.