100 пытанняў даросламу

Ток-шоу пад такой назвай адбылося ў сярэдняй школе № 10 імя У.М.Азіна Полацка ў рамках адзінага дня інфармавання, які праходзіў пад агульным дэвізам “Школа актыўнага грамадзяніна”. Тэмай сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшынёй Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Наталляй Гуйвік сталі сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя падзеі лістапада ў нашай краіне.

Наталля Васільеўна цікава расказала пра сваю дэпутацкую дзейнасць і вялікую любоў і адданасць нашаму Полацку, роднай Беларусі. Таксама навучэнцы змаглі даведацца, як праходзяць пасяджэнні Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, як прымаюцца новыя законы і якія законапраекты зараз знаходзяцца на разглядзе. Госця змястоўна і шчыра адказала на пытанні, у тым ліку пра тое, ці падабаецца ёй быць дэпутатам, расказала, якія планы, задачы ўжо рэалізаваны.

— Моладзь — стваральны патэнцыял нашага грамадства, — падкрэсліла Наталля Васільеўна. — Менавіта ад яе залежыць будучыня краіны ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі. Я заўсёды рада магчымасці зносін. Мяне радуе, што моладзь усё больш уключаецца ў грамадскае і палітычнае жыццё краіны.

Вельмі важнае пытанне, на думку дэпутата, задала навучэнка 10 “А” класа Дар’я Вакунова — пра разгляд парламентам Беларусі законапраекта аб унясенні змяненняў у 328-ы, “наркатычны”, артыкул Крымінальнага кодэкса. Эксперт дэталёва праінфармавала пра сітуацыю па дадзеным законапраекце. Як юрыст Наталля Васільеўна не толькі ведае ўсе яго нюансы і праблемныя моманты, але і займаецца іх вырашэннем.

Адзінаццацікласнік Павел Голубеў пацікавіўся, ці звязана гісторыя камсамольскага руху з гісторыяй сям’і Н.В.Гуйвік. Дэпутат адзначыла, што ўсё, чаго яна дасягнула, удалося дзякуючы камсамолу: “З дзяцінства ў мяне актыўная жыццёвая пазіцыя. Нас выхоўвалі ў духу патрыятызму, вучылі любіць Радзіму, быць чалавечным — гэта самае галоўнае”.


У ходзе сустрэчы юнакі і дзяўчаты задалі шмат важных для іх і сацыяльна значных пытанняў. У гутарцы закраналіся тэмы актывізацыі і развіцця маладзёжнага руху, будаўніцтва мемарыяльнага комплексу “Урочышча Пяскі”, паляпшэння веладарожак у горадзе ў рамках праекта “Зялёныя гарады”, рамонту старога моста праз Заходнюю Дзвіну. Наталля Васільеўна гаварыла таксама пра тое, што неабходна пастаянна ўдасканальвацца, атрымліваць адукацыю (магчыма, не толькі па адной прафесіі — гэта дыктуе сучаснасць), чытаць рознага кшталту літаратуру, каб сфарміраваць свой светапогляд, уласнае меркаванне па тым ці іншым пытанні, асабісты пункт гледжання. А яшчэ, пераконвала госця, трэба актыўна ўдзельнічаць у грамадскай школьнай дзейнасці: менавіта гэты вопыт дапаможа адчуць і раскрыць свой патэнцыял. Падводзячы вынікі сустрэчы, Н.В.Гуйвік уручыла падарункавае выданне кнігі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь” дзесяці лепшым навучэнцам школы, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, і пажадала кожнаму поспехаў, мэтанакіраванасці, пастаяннай самаадукацыі і актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Ларыса СУХАНАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 10 імя У.М.Азіна Полацка.