Віртуальны БукКлуб

Выкарыстанне тэхналогіі Web 2.0 дазваляе зрабіць працэс навучання мабільным, займальным, дыферэнцыраваным і індывідуальным. Для мяне сеткавыя сэрвісы прывабныя менавіта магчымасцю арганізацыі сумеснай працы з дзецьмі.

Комплексна выкарыстоўваць сэрвіс Web 2.0 дапамагае створаны блог. Гэта сучасны інфармацыйна-камунікацыйны сродак узаемадзеяння, які стварае асяроддзе для самаадукацыі і зносін педагога і навучэнцаў, забяспечвае высокую інтэрактыўнасць і ўзаемадзеянне.

Адзін з маіх блогаў называецца “Віртуальны БукКлуб “Чытаючыя дзеткі”, які створаны для папулярызацыі дзіцячай кнігі, павышэння чытацкай актыўнасці вучняў і бацькоў майго класа, а таксама аказання дапамогі дзецям у выбары кніг.

На старонках блога дзеці не чытаюць электронныя кнігі, а толькі выконваюць заданні, звязаныя з прачытанымі кнігамі, альбо атрымліваюць інфармацыю пра кнігу, якую хочуць прачытаць. Блог складаецца з 10 рубрык, якія раскрываюць асноўную задачу — стымуляваць чытацкую актыўнасць малодшых школьнікаў. У блог выкладваюцца матэрыялы, заданні, дадатковая інфармацыя, вынікі сумеснай творчасці. Даюцца адказы на пытанні “Што чытаць?” і “Як чытаць?”.

“БукКлуб” з’яўляецца сумесным пазнавальным асяроддзем не толькі для дзяцей, але і для бацькоў. Узаемадзеянне класнага кіраўніка і сям’і — гэта найбольш эфектыўны шлях далучэння дзіцяці да чытання. А галоўны кірунак гэтай работы — арганізацыя сямейнага чытання дзяцей і бацькоў праз педагагічную асвету з выкарыстаннем блог-тэхналогіі. Сёння многія бацькі не ведаюць, якія кнігі можна парэкамендаваць свайму дзіцяці, а калі рэкамендуюць, то тыя творы, якія самі чыталі ў дзяцінстве, але яны не заўсёды цікавяць сучасных дзяцей. Менавіта таму на старонцы “Сямейнае чытанне” ў розных формах падаецца інфармацыя пра карысць сумеснага чытання. Даюцца рэкамендацыі і падказкі аб арганізацыі чытання дома, бо дзіця ўсяму вучыцца перш за ўсё ў сям’і, таму неабходна спачатку данесці да бацькоў важнасць зносін з кнігай.

На папулярызацыю дзіцячай кнігі накіраваны некалькі старонак “БукКлуба”. Так, старонка “БукЮбіляры” знаёміць дзяцей з кнігамі, якія адзначаюць розныя юбілеі. Тут можна ўбачыць не толькі вокладку кнігі, але і даведацца цікавую інфармацыю пра яе, прагледзець мультфільм, створаны па гэтым творы, выканаць розныя заданні. Можна таксама, перайшоўшы па спасылцы, праслухаць інфармацыю пра кнігу ад вокі-героя.

На старонцы “БукТрэйлер” можна прагледзець кароткі відэаролік, асноўная задача якога — расказаць пра кнігу, зацікавіць і заінтрыгаваць чытача. На ўкладцы “БукАўтары” сабраны відэаролікі, якія ў займальнай форме знаёмяць дзяцей з жыццём і творчасцю дзіцячых пісьменнікаў.

Выконваючы заданні на старонках “БукЗаданні” і “БукКрыжаванкі”, якія створаны ў сэрвісе LearningApps, дзеці могуць праверыць, наколькі ўважліва яны прачыталі тую ці іншую кнігу. Развіццё чытацкіх уменняў прадугледжвае не проста чытанне, а здольнасць разумець прачытанае, аналізаваць, рабіць высновы, дзяліцца ўражаннямі. Менавіта таму дзеці выконваюць розныя творчыя заданні, якія сабраны на старонцы “БукШэдэўры”. На анлайн-дошцы размешчаны сінквейны, казачныя аб’явы, створаны сумесныя прэзентацыі.

Каталог “Аўдыяпадкасты”, выкананы дзецьмі па розных творах, збіраецца на ўкладцы “БукРадыё”. Менавіта тут прадастаўляецца магчымасць навучэнцам самастойна анлайн працаваць над творамі ў сваім тэмпе.

Адным са спосабаў самаарганізацыі навучэнца з’яўляецца вядзенне чытацкага дзённіка. Дзеці чытаюць творы для таго, каб вынесці нейкую думку, даведацца нешта новае для сябе. Электронны варыянт зручны тым, што настаўнік можа кантраляваць чытацкую актыўнасць сваіх вучняў, можа каменціраваць напісаныя водгукі аб прачытаным творы. І дзіця ніколі не забудзе яго дома.

Чытацкія дзённікі ў нашым “БукКлубе” называюцца “БукКейсы”. Яны створаны на базе Google-прэзентацыі, якія дзеці запаўняюць па меры чытання кніг. Старонкі “БукКлуба” пастаянна абнаўляюцца, папаўняюцца новымі заданнямі, створанымі ў розных вэб-сэрвісах. На старонках клуба няма электронных твораў, бо задача стаіць не проста ў атрыманні інфармацыі, а менавіта ў прачытанні дзіцячай кнігі.

Блог як сучасны інфармацыйны сродак дапамог вырашыць задачу павышэння чытацкай актыўнасці вучняў майго класа.

Святлана ЛАБКОВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні.