Веру ў тое, чаму вучу

У чым залог паспяховай педагагічнай дзейнасці? Сумленнасць у адносінах да навучэнцаў і жаданне педагога паспяваць за змяненнямі ў адукацыі, імкненне стварыць на ўроку сітуацыю камфорту і паспяховасці для кожнага вучня.

Больш за пятнаццаць гадоў я выкладаю гісторыю і грамадазнаўства ў гімназіі № 2 Салігорска. У апошнія гадоў 5 пачала звяртаць увагу на тое, што з кожным годам усё большая колькасць навучэнцаў з цяжкасцю запамінае даты і тэрміны, ім цяжка вылучыць асноўныя прычыны і вынікі гістарычных падзей, вызначыць іх значэнне. Назіраючы за дзейнасцю навучэнцаў на ўроках, я заўважыла, што ўвага навучэнцаў кароткачасовая, яны хутка стамляюцца і ім складана сканцэнтравацца. Акрамя таго, не толькі я, але і многія педагогі заўважылі, што навучэнцы проста не ўмеюць слухаць і чуць тое, пра што ідзе гаворка на ўроку, а таму ім цяжка адказаць на пытанне, якое тычыцца толькі што агучанага матэрыялу. Што ж рабіць? Як зрабіць вучэбныя заняткі цікавымі, займальнымі, а галоўнае, якаснымі і выніковымі? Першапачаткова я імкнулася вырашыць гэтыя праблемы, прыцягваючы дзяцей да стварэння прэзентацый, праектаў, лэпбукаў, падрыхтоўкі паведамленняў і г.д. Але, як правіла, гэта былі адны і тыя ж навучэнцы, якія былі зацікаўлены ў павышэнні сваёй паспяховасці. Акрамя таго, гэты спосаб работы мог быць выкарыстаны вельмі рэдка (асабліва гэта тычыцца 5—6 класаў), а падрыхтаваныя матэрыялы не заўсёды былі належнай якасці. Вось і прыйшла думка аб неабходнасці пошуку эфектыўных спосабаў вырашэння гэтых праблем з дапамогай анлайн-сэрвісаў, каб часцей мець магчымасць больш маштабна ацаніць работу навучэнцаў, абудзіць іх цікавасць да прадмета.

Падбіраючы сэрвісы, прытрымлівалася наступных крытэрыяў:

• яны павінны быць рускамоўныя і лёгкія ў выкарыстанні навучэнцамі;

• адсутнасць абавязковай рэгістрацыі для навучэнцаў;

• наяўнасць магчымасці ў любы час прагледзець вынікі кожнага навучэнца і выявіць пытанні, якія выклікалі найбольшыя цяжкасці;

• магчымасць выкарыстання сэрвісаў афлайн.

Усе выкарыстаныя мной сэрвісы ўмоўна можна падзяліць на тры групы: сэрвісы-трэнажоры, сэрвісы кантрольна-вымяральнага прызначэння і сэрвісы, што выконваюць дваякія функцыі.

Да першай групы адношу такія сэрвісы, як “Барабук” (карткі), LearningApps, некаторыя інструменты сэрвісу Learnis (тэрміналагічная гульня “Растлумач мне”, інтэлектуальная гульня “Твая віктарына”).

Да другой групы цалкам справядліва аднесці такія сэрвісы, як 4exam, Plikers, ZipGrade, Kahoot, інструменты сэрвісу Learnis (вэб-квест “Выберыся з пакоя”, вэб-квест “Інтэрактыўнае відэа”).

Сэрвісы дваякага прызначэння — гэта гульня ў сэрвісе “Барабук”, электронны сшытак сайта “Відэаўрок”, сэрвіс дыстанцыйнага навучання Zoom, матэрыялы свайго сайта Histroom.my 1.ru.

У першай групе сэрвісаў навучэнцы маюць магчымасць прапрацаваць матэрыял у розных відах: падабраць пару, рашыць тэст, упісаць слова, скласці сказ, рашыць крыжаванку і многае іншае. Гэта спрыяе лепшаму засваенню матэрыялу. Недахоп гэтых сэрвісаў у тым, што адсутнічае кантрольна-ацэначны механізм. Настаўнік можа толькі бачыць, хто, калі, як доўга вывучаў створаны матэрыял, і не больш за тое.

У сэрвісах другой групы настаўнік мае магчымасць ацаніць узровень ведаў навучэнца па канкрэтнай тэме, паколькі ёсць механізм ацэньвання ў балах або ў працэнтах. Пасля выканання задання навучэнцамі настаўнік атрымлівае вынікі ў асабістым кабінеце ў выглядзе справаздачы ці журнала. Ён мае магчымасць прагледзець кожны адказ навучэнца і скарэкціраваць адзнаку ў бок павелічэння, калі сістэма не залічыла адзін з трох адказаў на пастаўленае пытанне з множным выбарам або з-за наяўнасці граматычнай памылкі.

Сэрвісы трэцяй групы могуць быць выкарыстаны і як трэнажоры, і як кантрольна-ацэначныя ў залежнасці ад таго, якой мэты хоча дасягнуць педагог.

Трэба адзначыць, што большасці дзяцей такая сістэма работы падабаецца. Я таксама задаволена вынікам. Выкарыстанне анлайн-сэрвісаў дазваляе вырашыць праблемы, пералічаныя вышэй. Так, сэрвіс “Барабук” даступны ў афлайн-рэжыме, і дзеці могуць рыхтавацца да ўрокаў абагульнення, алімпіяд, не выкарыстоўваючы інтэрнэт. Аднойчы загружаныя наборы ў далейшым даступны афлайн.

Сэрвісы LearningApps, Learnis, Plikers і ZipGrade даюць магчымасць разнастаіць спосабы атрымання ведаў на ўроку, праводзіць паэтапнае замацаванне матэрыялу.

Электронны сшытак, “Барабук-гульня”, Kahoot, Learnis могуць быць выкарыстаны для кантролю ведаў аддалена, паколькі навучэнцы могуць выконваць заданні дома, а настаўнік атрымлівае канкрэтны вынік кожнага навучэнца ў выглядзе статыстычнай справаздачы ў асабістым кабінеце сэрвісу. На ўроках абагульнення, асабліва ў 5—7 класах, навучэнцы з задавальненнем рашаюць заданні ў сэрвісе “Барабук-гульня”. Дзякуючы таму, што гульня камандная, дзеці вучацца ўзаемадзеянню, калектыўнаму вырашэнню праблемы і радуюцца агульнаму поспеху. Гэта дазваляе нават слабаму навучэнцу адчуць сябе паспяховым і патрэбным членам каманды. У сэрвісах Kahoot і Learnis ёсць магчымасць абмежаваць час выканання заданняў, што робіць немагчымым спісванне. Дзякуючы інтэрактыўнаму відэасэрвісу Learnis, дзеці вучацца слухаць і чуць неабходную для адказу інфармацыю. Нельга сказаць, што ўсё ідэальна гладка, ёсць і цяжкасці: 

• не ўсе навучэнцы хочуць працаваць у сэрвісах, як правіла, гэта навучэнцы, якія слаба паспяваюць;

• адсутнасць планшэтаў ці ноўтбукаў на рабочых месцах у класе, дзе б гэтыя сэрвісы былі ўстаноўлены і заўсёды даступны;

• неабходнасць выкарыстання мабільных тэлефонаў, на якіх сэрвіс не заўсёды функцыянальны;

• адсутнасць устойлівай сеткі Wi-Fi і г.д.

Тым не менш маніторынг паспяховасці навучэнцаў паказаў наступную заканамернасць: у тых класах і ў тых навучэнцаў, якія актыўна працуюць у анлайн-сэрвісах, бал паспяховасці вышэйшы, чым у тых, хто гэтым відам работы грэбуе. Таксама адрозніваецца паспяховасць у залежнасці ад арганізацыі вучэбнага працэсу. Ва ўмовах пандэміі найлепшы вынік навучэнцы паказвалі тады, калі мелі магчымасць карыстацца шырокім спектрам крыніц, у тым ліку і тымі, што знаходзяцца ў інтэрнэт-прасторы, і наадварот, пазбаўленыя такой магчымасці значна знізілі паказчык.

Вядома, у сваёй дзейнасці выкарыстоўваю розныя метады арганізацыі работы навучэнцаў на ўроку і кантролю ведаў, але глыбока пераканана, што ў сучасных умовах, калі нас на кожным кроку акружаюць гаджэты і інтэрнэт-прастора, школа павінна навучыць навучэнцаў разумна і з карысцю іх выкарыстоўваць.

Людміла ЛАРЧЫК,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 2 Салігорска.