Верце ў чалавека

Да нас у Акцябрскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “сонечную дзяўчынку” Насцю Рэйляну больш за 10 гадоў назад прывяла яе маці Алена Вітальеўна. Спачатку мы займаліся з ёй індывідуальна, а цяпер дзяўчынка наведвае заняткі разам з іншымі дзецьмі.

У аб’яднанні па інтарэсах “Чароўны клубок” Насця займаецца вязаннем кручком, што дазваляе развіваць творчыя задаткі, дробную маторыку пальцаў рук, сама­сцвярджацца, выяўляючы індывідуальнасць і атрымліваючы вынік сваёй мастацкай творчасці.

Пасля нараджэння Насці яе бацькі не замкнуліся ў сабе, а імкнуліся знайсці людзей, якія іх разумеюць. Жылі і прымалі жыццё такім, якое яно ёсць. Па словах мамы, Насцю з самага ранняга ўзросту адрознівае актыў­насць, няўседлівасць, свавольства і незвычайная шчодрасць. Яна адкрытая да ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з людзьмі. Насця расце ў мнагадзетнай сям’і, добра кантактуе з сястрой Нінай і братам Мікалаем і праяўляе сябе. Матуля Алена Вітальеўна падтрымлівае ўсе пачынанні дачкі.

З некаторымі хатнімі справамі Насця лёгка спраўляецца. Вядома, пад кантролем і з дапамогай, з улікам раптоўных змен настрою і асаблівасцей гаворкі. Дапамагаюць развівацца і жывёлы — у свой час бацькі памянялі добраўпарадкаваную кватэру на прыватны дом. 

“Сонечных дзетак” можна навучыць практычна ўсяму, галоўнае — займацца, верыць у іх, шчыра радавацца іх поспехам. 

Яна не ўмее крыўдзіцца і злавацца, бо цалкам пазбаўлена агрэсіі. І, як усе дзеці, любіць гуляць, танцаваць, сваволіць, пазнаваць штосьці новае. Але жыць, развівацца, вучыцца і праяў­ляць свае таленты дзеці з сіндромам Даўна здольныя толькі ў атмасферы любові. Ім трэба крыху больш дапамогі, увагі і разумення — як з боку сям’і, так і з боку грамадства.

Канечне, Насці складаней абагульняць, даказваць, разважаць, асвойваць новыя навыкі і канцэнтравацца, але ад прыроды яна атрымала вельмі каштоўны падарунак — выдатныя душэўныя якасці. Яна вельмі ласкавая, добрая і далікатная, тонка адчувае чужы боль, умее (па-свойму) спачуваць і разам з тым не ўмее крывадушнічаць, нацягваць маску абыякавасці.

Калі працуеш з такім светлым чалавекам, сам мяняешся, становішся дабрэйшым, мацнейшым і мудрэйшым. Так, з ёй трэба шмат займацца, паўтараць і замацоўваць матэрыял. Але намаганні таго вартыя. Для дзіцяці з сіндромам Даўна лепшым навучаннем з’яўляецца дзеянне, якое яно выконвае пераймаючы дарослага ці разам з ім. Мы пераканаліся, што “сонечных дзетак” можна навучыць практычна ўсяму, галоўнае — займацца, верыць у іх, шчыра радавацца іх поспехам. А яны вучаць нас любіць адно аднаго такімі, якія мы ёсць.

Ніна ВЕЖНАВЕЦ,
намеснік дырэктара Акцябрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.