Ведаць і шанаваць

Што значыць выхоўваць? Напэўна, дапамагчы дзіцяці вырасці чалавекам, грамадзянінам і патрыётам, які ведае і выконвае законы сваёй краіны, жыве па маральных прынцыпах і правілах. Каб вырашыць гэтую задачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснасці, настаўнікі павінны займаць сацыяльна-актыўную пазіцыю, знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку.

Грамадзянскае выхаванне — iнтэграванае па сваёй прыродзе паняцце, бо яно не можа быць лакалiзавана ў якой-небудзь адной сферы дзейнасцi чалавека i па сваёй сутнасцi з’яўляецца адзiным напрамкам сiстэмы выхавання, непасрэдна звязаным з усiмi яе кампанентамi. Адным з найважнейшых кiрункаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання з’яўляецца фармiраванне нацыя­нальнай свядомасцi. Менавіта пачатковая школа — гэта тая прыступка, дзе ў працэсе навучання і выхавання дзіця далучаецца да багаццяў нацыянальнай культуры, спазнае скарбонку народнай мудрасці.

Пачынаючы з 1 класа я спрабую навучыць дзяцей разумець беларускі фальклор. Казкі, загадкі, лічылкі, скорагаворкі — гэта найбольш блізкае і цікавае дзецям. Яны іх лёгка запаміна­юць. У 2—4 класах вучні знаёмяцца з народнымі прыметамі, прыказкамі, святамі. У сваёй рабоце выкарыстоўваю разнастайныя формы i прыёмы выхавання: конкурсы на лепшае апавяданне, вершы аб Ра­дзіме; экскурсii, правядзенне каляндарных народных свят, гульняў.

Адным з самых эфектыўных сродкаў фармiравання нацыянальнай свядомасцi з’яўляецца краязнаўства. Кожнае дрэва мае карані, з ручаін пачынаюцца рэкі, а чалавечая годнасць і вартасць нараджаюцца з глыбокай адданасці сваёй Радзіме, з пашаны да спадчыны, з ведання сваёй гісторыі, з любові да матчынай мовы. Пра ўсё гэта нельга не гаварыць.

Як навучыць гэтаму разуменню? Тры гадзіны на тыдзень — невялікі час для таго, каб азнаёміць дзяцей з народнымі традыцыямі і абрадамі, навучыць любіць тую зямлю, на якой мы жывём. Навучыць любові да зямлі бацькоў — што можа быць больш пачэсным для настаўніка?

Асаблівае задавальненне адчуваем я і мае вучні ў час падрыхтоўкі да свят, вячорак. Стылізуем клас пад сялянскую хату, рыхтуем касцюмы для ўдзельнікаў, развучваем беларускія песні, танцы, прапеўкі, загадкі, прыказкі, гульні, інсцэніруем казкі. Вельмі спадабаўся вучням абрад “Хрэсьбіны. Бабіна каша”. Дзеці з захапленнем рыхтуюць беларускія народныя святы Калядкі, Масленіца, Гуканне вясны, фальклорнае свята “Перазовы роднага краю”, прымаюць удзел у конкурсах “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, праз якія бліжэй знаёмяцца з абрадамі, звычаямі і традыцыямі нашых продкаў-беларусаў.

На жаль, у многіх сем’ях на сённяшні дзень згублена сувязь паміж пакаленнямі, яны не ведаюць сваіх каранёў, сямейных каштоўнасцей. У нашай школе праводзіцца шмат разнастайных мерапрыемстваў па адраджэнні сямейных традыцый, народных абрадаў.

Сёння толькі ад нас залежыць, ці захаваецца спадчына нашым  нашчадкам. Ад майго стаўлення да заняткаў залежыць, ці бу­дуць мае вучні спяваць беларускія песні, чытаць беларускую літаратуру і цікавіцца гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны. Я буду імкнуцца да таго, каб дапамагчы дзецям убачыць багацце традыцый народа, адчуць яго высокі гуманізм, мудрасць, таленавітасць. Хочацца верыць у тое, што сваёй працай я змагу запаліць у сэрцах дзяцей агеньчык любові да беларускай культуры.

Алена КАВАЛЁВА,
настаўніца пачатковых класаў
Барсукоўскага дзіцячага сада — базавай школы Клімавіцкага раёна.