“Вакол сонца ходзім, сяброў з сабою водзім”

Адкрыццё творчага праекта ў рамках Года народнага адзінства

У нашай краіне на працягу стагоддзяў побач жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, рэлігій і культур: рускія, палякі, украінцы, яўрэі, малдаване… Усе нацыі валодаюць непаўторнымі рысамі, кожны народ уносіць у сусветную спадчыну асаблівыя фарбы, дасягненні сваёй культуры і побыту. Дзякуючы гэтаму, наш свет такі цудоўны і разнастайны. У Палацы дзяцей і моладзі Наваполацка стартаваў праект “Вакол сонца ходзім, сяброў з сабою водзім”, мерапрыемствы якога прызначаны стаць адлюстраваннем творчасці і сяброўства паміж народамі. Праект накіраваны на развіццё і ўмацаванне міжнацыянальных зносін, развіццё творчасці таленавітай моладзі, наладжванне творчых кантактаў паміж беларусамі і прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей — жыхарамі нашага горада. На працягу ўсяго года навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будуць прадстаўляць выбраную нацыянальнасць у розных кірунках: фотаконкурс “Беларусь — мая краіна”, выстава-конкурс “Самабытныя ўзоры”, “Лялька народаў свету”, “Бабулін куфэрак”, “Народная цацка”, конкурс для навучэнцаў прышкольных лагераў, “АРТ-фэст”. Заключным мерапрыемствам плануецца вялікі фестываль. Шляхам жараб’ёўкі ўдзельнікі праекта выбралі адну з 15 нацыянальнасцей (па колькасці школ), прадстаўнікі якіх пражываюць у краіне: іх адметныя традыцыі і культура стануць аб’ектам вывучэння. У прывітальным слове метадыст Наваполацкага гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета Маргарыта Брыкун падкрэсліла важнасць актыўнага ўдзелу ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада ў рэалізацыі праекта.

— У межах Наваполацка пражываюць прадстаўнікі розных нацый і нацыянальнасцей, — адзначыла Маргарыта Брыкун. — Гэта сапраўдныя працаўнікі, клапатлівыя бацькі, надзейныя сябры, якія ў штодзённай працы, невычэрпнай творчасці аб’ядноўваюць свае намаганні і памкненні, таленты і здольнасці, працягваючы лепшыя традыцыі сваёй нацыянальнасці ў нашым дружалюбным і гасцінным горадзе. Удзельнікам праекта прадстаўляецца ўнікальная магчымасць пазнаёміцца бліжэй з іх культурай, фальклорам, звычаямі.

Калектывы Палаца дзяцей і моладзі, а таксама студыя танца “Журавінка” сярэдняй школы № 14 Наваполацка падарылі гасцям святочны настрой, дэманструючы свой талент і выканальніцкае майстэрства. Ніводнага ўдзель­ніка сустрэчы не пакінулі абыякавымі яркія творчыя нумары фальклорнага калектыву “Ажыначкі”, узорнага харэаграфічнага калектыву “Мадэрн”, тэатра песні “Бэбі-шоу” і іншых творчых калектываў, прасякнутыя яркімі пачуццямі і жыватворнай духоўнай сілай. Усім удзельнікам праекта жадаем невычарпальнага натхнення, творчых поспехаў і новых дасягненняў.

Вольга ПУЗЫРОВА,
метадыст аддзела арганізацыйна-масавай работы Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка.
Фота аўтара.