Урок у замку

Адукацыйная экскурсія па Карэліцкім раёне была арганізавана для навучэнцаў Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна. 

Як для настаўніка гісторыі для мяне важна стварыць умовы, у якіх дзеці маглі б пагрузіцца ў пэўную гістарычную эпоху і, па магчымасці, стаць сведкамі ці нават ­удзельнікамі гістарычных падзей, а не проста назіральнікамі. Дакрануцца да гісторыі дапамагаюць музейныя ўрокі. 

На ўрок па тэме “Прадметы сялянскага ўжытку” нас запрасіў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей. Дырэктар музея вітаў нас у вобразе гаспадара беларускай хаткі. Утульна размясціўшыся ў яе інтэр’еры, дзеці з задавальненнем разгадвалі загадкі, успаміналі прыказкі, прымаўкі, а потым пачалося самае цікавае… Мы перанесліся ў далёкае сярэдневякоўе і вучыліся карыстацца лучынай, прасаваць бялізну пранікам, прасці воўну…. Але ж самым складаным было малоць збожжа жорнамі. “Колькі ж у іх каштаваў хлеб, які так цяжка даставаўся?”— гэта было першае пытанне, якое дзеці задалі дарослым. Толькі ў аднаго хлопчыка хапіла сіл змалоць муку. А колькі было радасці, калі ў сваіх маленькіх руках ён перасыпаў белую, як снег, муку, якую змалоў сам! Пакуль дзяўчынкі прасейвалі яе, хлопчыкі спрабавалі ўправіцца ля печы з вілкамі, прайсціся па гаспадарцы з газавай лямпай, размеркаваць гліняныя збаны па паліцах… Урок працягнуўся на выставе “Ад Каляд да Пакроваў”, які азнаёміў нас са святочным календаром беларусаў. 

Наступны ўрок “У абарону сваёй Айчыны” праходзіў у гістарычным комплексе “Мірскі замак”. 

Супрацоўніца музея прапанавала  папрацаваць з гістарычнымі паняццямі з дапамогай магнітнай дошкі, а потым раздала кожнаму магніты з выявамі ваяроў ВКЛ. Дзеці з задавальненнем фарміравалі войска ВКЛ, распрацоўвалі баявыя аперацыі, а потым вывучалі, з чаго складаюцца рыцарскія даспехі. Яны збіралі пазлы, падпісвалі назвы, а потым адправіліся ў залы музея, каб праверыць свае веды. Калі ж мы вярнуліся ў свой імправізаваны клас, нас чакалі даспехі — усе вучні змаглі іх апрануць і з муляжом мяча прайсціся па зале. Як і на ўроку ў школе, усе атрымалі дамашняе заданне — гістарычныя крыжаванкі.

З незвычайных урокаў дадому мы вярталіся не толькі атрымаўшы новыя ўражанні, але і папоўніўшы  веды аб мінулым роднай Беларусі. Часцей падарожнічайце са сваімі вучнямі, дакранайцеся да гісторыі, бо толькі тады, калі ёсць мінулае, ёсць будучыня.

Тамара СУРАГА,
настаўніца гісторыі Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы  Навагрудскага раёна.