Урок гісторыі ў музеі

Незвычайны ўрок гісторыі прайшоў надоечы ў 8 класе сярэдняй школы № 2 Магілёва. Тэму “Вехі Вялікай Айчыннай вайны на Магілёўшчыне” хлопчыкі і дзяўчынкі вывучалі ў абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р.Раманава.

Заняткі прахо­дзілі ў рамках рэгіянальнага праекта #МаяЗямляПрыдня­проўе і насілі практыка-арыентаваны характар. Урок праводзілі настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 Магілёва С.А.Быструшкіна і музейны работнік Г.В.Анісімава. Галоў­най асаблівасцю заняткаў стала тое, што навучэнцы маглі разглядаць змястоўныя аспекты вучэбнай тэмы не ў класе па падручніках, а на прыкладзе “жывых” экспанатаў, праз непасрэдны дотык да гісторыі.

— Мэта такіх урокаў і праекта #Мая_Зямля_Прыдняпроўе —
пазнаёміць навучэнцаў з гістарычным мінулым і сучаснасцю Прыдняпроўскага краю. Дзеці павінны праз уласны вопыт, з дапамогай прафесіяналаў, музейных работнікаў глыбей спасцігаць самабытныя асаблівасці свайго рэгіёна, — адзначыла намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама А.В.Клімянкова.

Адметны ўрок гісторыі васьмікласнікам другой гарадской школы запомніцца надоўга, бо яны ўбачылі шмат знакавых экспанатаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, даведаліся шмат цікавых, малавядомых фактаў пра баі на тэрыторыі роднага краю, пра абаронцаў Радзімы. Падобныя музейныя ўрокі праводзяцца ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.