Упрыгажэнні з малака

Даследчая дзейнасць у дзіцячым садзе

Арганізацыя даследчай дзейнасці выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі развівае дапытлівасць розуму, фарміруе ўстойлівую пазнавальную цікавасць. Задача выхавальніка — заўважыць, падтрымаць і развіць цікавасць да даследаванняў, адкрыццяў, стварыць неабходныя для гэтага ўмовы.

Часцей за ўсё дзеці самі падказваюць тэму дас­ледавання. Менавіта так атрымалася сёлета і ў нас. Падчас экскурсіі на мясцовы малочны камбінат выхаванцы ясляў-сада № 1 Жыткавіч даведаліся не толькі аб карысных і смачных малочных прадуктах, але і са здзіўленнем пачулі ад экскурсавода, што з малака можна зрабіць упрыгажэнні.

Гэтая інфармацыя падказала тэму даследавання — паспрабаваць зрабіць упрыгажэнні з малака самастойна. Спачатку мы высветлілі, што раней існавалі цэлыя заводы па вытворчасці з малака не толькі ўпрыгажэнняў, але і грабянцоў, гузікаў. А галоўнае, галаліт, так называецца пластмаса з малака, бяспечны для нашай планеты, таму што даволі хутка раскладаецца ў зямлі. І вось у сваёй лабараторыі, як сапраўдныя навукоўцы, мы разам прыступілі да доследаў, вынікі якіх выхаванцы замалёў­валі ў журнале даследаванняў.

Упрыгажэнні з малака і лімоннага соку, зробленыя па рэцэпце, узятым на адным з сайтаў у інтэрнэце, аказаліся няўдалымі — праз некалькі дзён яны рассыпаліся. Але мы не сталі сумаваць і працягнулі пошук. Каб знайсці аптымальны рэцэпт вырабу пластмасы з малака ў дамашніх умовах, звярталіся і ў школу да настаўніка хіміі, і да тэхнолага малочнага камбіната. У рэшце рэшт нашы сумесныя намаганні далі доб­ры вынік. Пацеркі, кулоны, якія мы зрабілі з тлустага малака з дабаўленнем воцату і фарбавальнікаў, высахлі. Яны атрымаліся цвёрдымі, роўнымі і прыгожымі. Калі ж ра­зам з выхаванцамі разгле­дзелі ўпрыгажэнні праз лупу, то пераканаліся, што на іх няма ні адной трэшчынкі. Тым жа часам праверылі сцвярджэнне аб экалагічнай бяспецы малочнага пластыку. Сапраўды, кавалачак атрыманага пластыку, закапаны ў зямлю, прыкладна праз месяц разбурыўся, і мы ўпэўніліся ў бясшкодным выкарыстанні галаліту.

Падчас правядзення даследавання дзеці так зацікавіліся вырабам пацерак, бранзалетаў з малака, што сталі з дапамогай бацькоў атрымліваць галаліт дома. Цяпер не толькі дзяўчынкі, але і многія бацькі вырабілі малочныя кулоны ці бірулькі для ключоў.

Надзея АКУНЕЦ,
выхавальніца ясляў-сада № 1 Жыткавіч Гомельскай вобласці.