Зрабіць шчаслівым кожнае дзіця

Шосты школьны дзень — важная частка адукацыйнага працэсу. Задача педагогаў — эфектыўна арганізаваць выхаваўчую работу ў гэты дзень. Наша ўстанова працуе па тэматычных тыднях, таму суботнія мерапрыемствы праводзяцца ў адпаведнасці з іх тэматыкай.

Важнае месца ў арганізацыі школьнай суботы займае сумесная работа з бацькамі вучняў. Не сакрэт, што некаторыя мамы і таты асноўную ўвагу ўдзяляюць павышэнню паспяховасці дзяцей, а не развіццю іх творчых здольнасцей. У класе, дзе я з’яўляюся класным кіраўніком, бацькі даволі актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці гімназіі і адыгрываюць важную ролю ў выхаванні вучняў.
Без цеснага ўзаемадзеяння з сям’ёй немагчыма паспяхова вырашыць пытанні ў псіхічным, фізічным, разумовым і сацыяльным развіцці дзяцей. Сёння мамам і татам неабходна кваліфікаваная дапамога з боку школы. Галоўнай умовай плённага супрацоўніцтва з’яўляецца ўсталяванне даверлівых адносін паміж педагогамі і бацькамі. Важна, каб у іх узнік інтарэс да выхаваўчага працэсу і ўпэўненасць у сваіх сілах. Сумесная дзейнасць педагогаў, бацькоў і дзяцей паспяховая толькі тады, калі ўсе настроены на ўзаемадзеянне, якое прадугледжвае адзіныя патрабаванні да дзяцей, вывучэнне іх у сям’і і школе з дапамогай спецыяльных методык.

Формы і метады работы з бацькамі, як правіла, вызначае класны кіраўнік з улікам свайго вопыту і вопыту бацькоў, спецыфікі існуючых адносін у сем’ях вучняў і г.д. Практыка паказвае, што найбольшая эфектыўнасць ва ўзаемадзеянні школы з бацькамі дасягаецца шляхам рацыянальнага спалучэння масавай, групавой і індывідуальнай форм работы, захавання пераемнасці ў яе змесце.

Для любога класнага кіраўніка вельмі важна, каб дзеці пасля ўрокаў не разбягаліся і не хаваліся адно ад аднаго. Вось чаму школе неабходны дыялог з дзецьмі і бацькамі. Як і калі ён пачынаецца? Толькі ў справе, якая захапляе ўсіх.

Магчымасці бацькоў у арганізацыі школьнай суботы розныя. Мам і татаў можна эфектыўна задзейнічаць у прафарыентацыйнай рабоце. Бацькі як спецыялісты ў пэўнай сферы расказваюць вучням пра сваю прафесію, арганізоўваюць экскурсіі ў арганізацыі і на прадпрыемствы, дзе працуюць, дапамагаюць дзецям зрабіць усвядомлены выбар профілю навучання.

Мамы і таты могуць праводзіць асветніцкую работу, напрыклад, праз арганізацыю бацькоўскіх лекторыяў. Бацькі-педагогі, бацькі-псіхолагі, бацькі-ўрачы, бацькі-інжынеры абмяркоўваюць з іншымі бацькамі і дзецьмі пытанні школьнага і пазашкольнага жыцця, рацыянальнага размеркавання часу падчас самастойнай пазнавальнай дзейнасці, здаровага ладу жыцця, псіхалагічных зносін, правільнага харчавання і інш.Асаблівая ўвага ўдзяляецца фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце па суботах, якая таксама не абыходзіцца без бацькоў — актыўных удзельнікаў спартландый і спаборніцтваў. Многія мамы і таты выступаюць на іх суддзямі.

Нельга абысціся без дапамогі бацькоў пры арганізацыі вольнага часу дзяцей. Мамы і таты дапамагаюць праводзіць Дзень ведаў, Дзень настаўніка, Дзень абаронцы Айчыны, 8 Сакавіка і Дзень Канстытуцыі, навагоднія святы, паходы і экскурсіі.

Значная частка праблем школьнікаў звязана з псіхалагічным кліматам у сям’і і характарам узаемаадносін у ёй. Даволі часта пры ўсёй любові да дзіцяці бацькі не ведаюць яго і не заўсёды могуць зразумець. Вопыт паказвае, што прыцягненне бацькоўскага актыву дапамагае класнаму кіраўніку “перавыхоўваць” цяжкіх бацькоў і дзяцей больш паспяхова. Задача педагогаў і бацькоў — зрабіць шчаслівым кожнае дзіця.

Іна ДРОБЫШАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Іванава.