Зрабіць першы крок разам

Сям’я і дзіцячы сад — гэта два “дамы”, у якіх адбываецца сацыялізацыя асобы дзіцяці. І ад таго, наколькі паспяхова ўзаемадзейнічаюць іх гаспадары, шмат у чым залежыць будучыня юных грамадзян, якія жывуць у гэтых дамах. Менавіта ў сям’і дзіця праходзіць першую школу чалавечых адносін, засвойвае норму паводзін, каштоўнасці, культурныя традыцыі свайго народа. Сям’я, як ніякі іншы сацыяльны інстытут, здольная забяспечыць дзіцяці эмацыянальную абароненасць, перажыванне пачуцця самакаштоўнасці свайго існавання, шчырай зацікаўленасці ў ім і многае іншае.

Мэта адукацыйнай мадэлі “Першы крок” — падрыхтаваць дзіця да жыцця ў зменлівым свеце, сфарміраваць устойлівае імкненне і жаданне вучыцца самастойна. Таму дзейнасць педагога істотна змянілася — сёння яна грунтуецца на варыятыўным рознаўзроўневым навучанні, з улікам індывідуальных здольнасцей, узроставых магчымасцей, гендарных асаблівасцей дашкольнікаў. Адукацыйная работа з дзецьмі нацэлена на развіццё актыўнай, ініцыятыўнай творчай асобы дзіцяці.
Нярэдка, аддаўшы дзіця ў дзіцячы сад, бацькі проста самаўхіляюцца ад выхавання дзяцей. Як змяніць такое становішча? Як зацікавіць бацькоў у рабоце дзіцячага сада, дапамагчы ўсвядоміць важнасць адзіных патрабаванняў сям’і і дашкольнай установы? Вырашэнне гэтай праблемы я бачу ў актыўным прыцягненні бацькоў у жыццё групы, у стварэнні атмасферы супрацоўніцтва. Для гэтага запрасіла бацькоў, каб расказаць пра адукацыйную мадэль “Першы крок” і зацікавіць іх.
З мэтай першаснага азнаямлення з сям’ёй, сацыяльна-жыллёвымі ўмовамі, метадамі выхавання і праблемамі выхавання дзіцяці было праведзена анкетаванне “Давайце пазнаёмімся”, “Якія вы бацькі?”, “Ці разумеем мы сваіх дзяцей?”, “Які вы выхавальнік?” і інш.

Аднак даныя ўсіх анкет не далі дастатковых уяўленняў аб сем’ях выхаванцаў. Таму я выкарыстала індывідуальную работу з сем’ямі, наведванні сям’і. Гэтыя наведванні далі мне канкрэтныя ўяўленні пра бацькоў, дзяцей у дамашняй абстаноўцы. Высветліла, хто з дарослых больш за ўсіх у сям’і аддае ўвагу дзіцяці, з кім дзіця больш кантактуе, праводзіць час і г.д. Бацькі расказалі пра сваё дзіця ў дамашняй абстаноўцы нашмат больш, чым у анкетах. Прыйшоўшы ў сям’ю, гутарыла не толькі з дарослымі, але і з самімі дзецьмі, гуляла з імі. Усё гэта давала магчымасць наладзіць даверлівыя адносіны. Бачачы памылкі ў выхаванні, падбірала патрэбную літаратуру і давала чытаць бацькам, прапаноўвала кансультацыі, праводзіла індывідуальныя гутаркі. Усё гэта рабілася ненадакучліва, паважліва. Вялікі матэрыял для педагагічных высноў па характары сямейнага выхавання, эмацыянальнага становішча дзіцяці ў сям’і далі мне мэтанакіраваныя назіранні. Для гэтага выбіраліся сітуацыі, якія адлюстроўваюць узаемаадносіны бацькоў з дзецьмі, спосабы іх зносін.

Прааналізаваўшы ўсю праведзеную работу, я намеціла задачы па рабоце з бацькамі: працягваць наладжваць цесную сувязь з бацькамі, накіраваную на павышэнне іх педагагічнай культуры ў рэалізацыі творчых магчымасцей іх дзяцей; больш актыўна ўключаць бацькоў у адукацыйны працэс.
У сваёй рабоце ўлічвала адукацыю бацькоў, сферу іх дзейнасці, узрост. Маючы зносіны з бацькамі, штодня даведвалася аб хвалюючых іх пытаннях, а затым адпаведна давала кансультацыі, рэкамендацыі. На працягу ўсяго года ўзбройвала бацькоў прынцыпамі і метадамі выхавання, раскрывала ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці дзяцей, будавала супрацоўніцтва з сям’ёй па прынцыпе сумеснай дзейнасці ў выхаванні дзіцяці, пры адкрытасці дзіцячага садка сям’і. Бацькі прыходзілі ў любы час знаходжання дзіцяці ў дзіцячым садзе, назіралі за сваім дзіцем і яго стасункамі з іншымі дзецьмі падчас гульняў, заняткаў, прагулак.
Далучаючы бацькоў да педагагічнага працэсу, задзейнічала іх у святах, забавах і іншых відовішчных мерапрыемствах, прыцягвала да ўдзелу ў спецыяльна арганізаваных відах дзейнасці, конкурсах, выставах сумеснай дзейнасці, сумесным стварэнні праектаў для вывучэння дзецьмі, дзе ўлічвалася пажаданне бацькоў, што ім хацелася б, каб дзеці даведаліся, удзельнічаючы ў праекце.
Правёўшы бацькоўскі сход “Мы сталі старэйшымі”, высветліла, што бацькоў больш за ўсё хвалююць праблемы маральнага выхавання. Для абмеркавання і вырашэння пытанняў, якія іх цікавілі, мы стварылі клуб “Святло ў акне”. Бацькі ў папку “даверу” і ў канверт “Наша пошта” пісалі хвалюючыя пытанні, а я старалася дапамагчы выра-шыць іх на пасяджэннях клуба. Цікава праходзілі дыскусіі “Как старики поют, так молодёжь чирикает”, “Чым патлумачыць, што ў адных бацькоў вырастаюць розныя дзеці? Ці сведчыць гэта пра бяссілле бацькоў?”.

З мэтай павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнцыі бацькоў у групе арганізавала “Бібліятэку для бацькоў”, куды змясціла кнігі, часопісы, артыкулы, парады, рэкамендацыі, дзіцячую і метадычную літаратуру.
Для распаўсюджвання вопыту сямейнага выхавання мы завялі папку “Абмен вопытам сямейнага выхавання” (бацькі раяць), дзе бацькі пісалі парады з асабістага вопыту, як дасягнуць найлепшых вынікаў у выхаванні дзяцей.
У групе старалася як мага больш асвятляць работу з дзецьмі, іх жыццё і справы ў дзіцячым садзе. З гэтай мэтай арганізавала наступныя рубрыкі: “Аб нашых дзецях”, “Нашы цікавыя справы ў гэтым месяцы”, “Абмяркуем з дзецьмі”.
Наша работа з бацькамі мела не “спажывецкі” характар, гэта значыць, не абмяжоўвалася просьбамі да бацькоў дапамагчы вырабіць тыя ці іншыя дапаможнікі для нашых заняткаў, а мы разам вучыліся і шукалі шляхі для лепшага выхавання і развіцця нашых дзяцей. Разам вырашалі праблемы, якія хвалююць нас: як любіць і разумець дзяцей, як вырасціць актыўную творчую асобу. Стараліся зразумець кожнае дзіця як асобу, паважаць яго жаданні і інтарэсы.
Працуючы з бацькамі па адукацыйнай мадэлі “Першы крок”, я пераканалася, што нашы сумесныя намаганні далі добры вынік. Выкарыстоўваючы формы актыўнага ўзаемадзеяння з сям’ёй (семінары-практыкумы, сумесныя ранішнікі, спартыўныя, фальклорныя святы, уд зел у адукацыйным працэсе і інш.), мы развіваем у дзяцей пачуццё абароненасці, спакою, дабрабыту. Бацькі нашых выхаванцаў прыцягваюцца да ўдзелу ў жыцці дашкольнай установы ў цэлым і групы ў прыватнасці. Яны сталі не фармальнымі ўдзельнікамі, а актыўнымі памочнікамі.
Дзіцячы сад не павінен падмяняць бацькоў, не аддаляць іх ад дзяцей, а злучаць іх адно з адным, даваць магчымасць для іх багатых і тонкіх зносін і ўзаемадзеяння. “Разам” — гэта ключ да вырашэння ледзь не ўсіх бацькоўскіх праблем.

Святлана АШКІНАЗІ-ІСАЧЭНКА,
выхавальнік ясляў-сада № 66 Магілёва.