Зорная эстафета для ноўкінскіх школьнікаў пачалася…

У нашай школе няма людзей, абыякавых да тэмы астраноміі, зорак, космасу, таму мы не змаглі застацца безуважнымі, атрымаўшы па электроннай пошце Палажэнне аб конкурсе навуковых і мастацкіх праектаў “Зорная эстафета”, арганізатарам якога з’яўляецца ЦПК імя Ю.А.Гагарына.

Адразу з’явілася актуальная тэма праекта — транзіт Меркурыя. Назіранне планавалася ажыццявіць 9 мая 2016 года. Ну і, канечне, праект “Праграма для планетарыя “АстраНоўка — куток Сусвету”. Кіраваць праектам пра рух Меркурыя ўзяўся старшы выкладчык кафедры агульнай фізікі і астраноміі ВДУ імя П.М.Машэрава У.А.Голубеў, які не першы год назірае за зорным небам разам з нашымі навучэнцамі, выбраўшы сабе ў вучні аднаго з самых здольных старшакласнікаў — Мікіту Горнака. Асістэнтам Уладзіміра Аляксандравіча стала малады педагог настаўніца фізікі і астраноміі Лілія Вікенцьеўна Сівіцкая, а аўтарам творчага праекта “АстраНоўка — куток Сусвету” — навучэнка 9 “А” класа нашай школы Хрысціна Панцюхова, якая неаднаразова ўдзельнічала ў навукова-практычных канферэнцыях у секцыі астраноміі. Яе суаўтарам і кіраўніком — а ў нечым і ідэйным натхняльнікам — стала маладая дзяўчына, настаўніца беларускай мовы, выхавальнік ГПД і проста чалавек, захоплены тэмай космасу, Вольга Уладзіміраўна Гніліцкая. Папрацаваць над праектамі прыйшлося нямала. Самым цяжкім было тое, што асноўная работа па афармленні, вылічэннях прыпала на летнія месяцы, калі і педагогам, і дзецям больш ахвота адпачыць, чым займацца навукай. Але справа вышэй за ўсё. У чэрвені — ліпені работа кіпела. Нарэшце праекты былі аформлены і адпраўлены поштай на адрас Зорнага гарадка.

Хрысціна і Мікіта як фіналісты конкурсу былі запрошаны на спецыялізаваную аэракасмічную змену Усерасійскага дзіцячага цэнтра “Арляня”, якая адбывалася ў кастрычніку. Змена “Аб’яднаныя космасам” была для Хрысціны незабыўнай. “Я пазнаёмілася з дзецьмі з розных гарадоў і краін і знайшла надзейных сяброў. Жыццё ў лагеры было вельмі цікавым. Я ўдзельнічала ў розных конкурсах і мерапрыемствах, арганізоўвала для дзяцей “Бібліягульню”, прадстаўляла Рэспубліку Беларусь перад гасцямі, наведвала гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці па астраноміі, давала інтэрв’ю. У час знаходжання ў цэнтры “Арляня” мне пашчасціла сустрэцца з цудоўнымі людзьмі. Сярод іх былі касманаўты Алег Арцем’еў, Андрэй Фядзяеў, лётчык-касманаўт Антон Шкаплераў, касманаўт-выпрабавальнік Сяргей Кудзь-Свярчкоў, Герой Расіі лётчык-касманаўт Юрый Шаргін. Я нават задавала пытанні пра космас астранаўту NASA Дагласу Уілаку. Сустрэча з вядомым акцёрам Аляксандрам Міхайлавым, які сыграў ролю Васі Кузякіна ў фільме “Каханне і галубы”, таксама пакінула незабыўнае ўражанне. А яшчэ мне вельмі запомніліся вячэрнія аганькі ля агню з хлопцамі і дзяўчатамі дзясятага экіпажа. Там мы маглі падзяліцца ўражаннямі мінулага дня. Гэта вельмі прыгожая традыцыя лагера. У “арляняцкай” школе я таксама паказвала сябе актыўна. У маім 9 “Е” класе мяне нават выбралі старастай. У перадапошні дзень у нас адбылася цырымонія ўручэння значкоў “Арляня”. Гэта быў вельмі хвалюючы момант, які застанецца ў памяці на доўгія гады. У апошні дзень, калі рэчы былі сабраны, мы доўга стаялі ў агульным коле і спявалі песні. Гледзячы на хлопцаў і дзяўчат, я зразумела: нас аб’ядноўвае з імі не толькі сяброўства, але і адна агульная мэта — наведаць “Арляня” яшчэ раз… Так!”Новыя сябры, уражанні ад сустрэч з незвычайнымі людзьмі, мора, прырода — усё гэта пакіне на доўгі час след у памяці юнай дзяўчыны. Ну, а кіраўніцтва школы, у сваю чаргу, ганарыцца тым, што нашы дзеці могуць паказаць сябе і ў навуцы, і ў грамадскім жыцці не толькі ў звычайных і знаёмых ім умовах, але і ў цалкам іншай, зорнай атмасферы. Там, далёка за межамі сцен нашай школы, іх роднай вёскі, яны адчуваюць сябе ўпэўнена і годна прадстаўляюць нашу Радзіму. Спадзяёмся, што супрацоўніцтва нашай установы з ЦПК імя Ю.А.Гагарына стане доўгатэрміновым і плённым. Хочацца верыць, што для нашых дзяцей гэта толькі пачатак іх зорнай эстафеты.

Святлана КАНСТАНЦІНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.