Зоркі, бачныя здалёк

Трыумфам юнай вакалісткі з Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Дар’і Крупскай завяршыўся ў Санкт-Пецярбургу Міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці “Натхненне восені”.

Беларуска пакарыла сэрцы гледачоў і атрымала самую высокую ацэнку журы. Дадому таленавітая дзяўчына прывезла не толькі дыплом І ступені, але і гран-пры фестывалю.
Для Дар’і гэта не першы вопыт паспяховага ўдзелу ў конкурсах рознага ўзроўню. Летась яна перамагла на фестывалі дзіцячай творчасці “Полацкая мазаіка”. Удалымі былі і выступленні на міжнародных конкурсах дзіцячых, юнацкіх, дарослых і прафесійных творчых калектываў у рамках праекта “Берагі надзеі”: па выніках ХІХ конкурсу “Парад зорак на Няве” ў Санкт-Пецярбургу наша зямлячка стала лаўрэатам ІІІ ступені, а ў мінулым годзе ў Анапе (XXI конкурс “Мора. Натхненне. Тэатр”) здолела яшчэ на крок наблізіцца да творчай вяршыні, атрымаўшы дыплом лаўрэата ІІ ступені. Гэты год прынёс новыя перамогі. Спачатку быў Міжнародны фестываль юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі” ў Мазыры — і дыплом за высокае выканаўчае майстэрства ў вакальным мастацтве. На ІІІ Міжнародным конкурсе (аматарскай і прафесійнай) дзіцячай і юнацкай творчасці “Ружа вятроў у Беларусі”, які праходзіў у Оршы, Дар’я заваявала дыплом І ступені, зусім нядаўна на “Ружы вятроў” у Маскве (заключны этап) — дыплом ІІІ ступені. У фінале гэтага конкурсу нашу рэспубліку прадстаўлялі юныя артысты з Мінска, Магілёва і Оршы. Аршанцы, дарэчы, выступілі больш чым паспяхова: вакалістка ўзорнай студыі эстраднай песні “Рафлезія” гарадскога Цэнтра культуры Дар’я Літоўчык і навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў №1 Оршы Настасся Салодкая і Арсеній Траскоўскі былі адзначаны дыпломамі І ступені. А зорны час Дар’і Крупскай надышоў літаральна праз некалькі дзён у Санкт-Пецярбургу. Калі на сцэне фестывалю-конкурсу “Натхненне восені” прагучалі “Жанна Д’Арк” і “Нараджэнне зорак” у выкананні вакалісткі з Беларусі, адразу стала ясна: на творчым небасхіле ўспыхнула зорка першай велічыні.
Зараз Дар’я зноў рыхтуецца пакараць расійскую сталіцу. У снежні яе чакае ўжо знаёмы конкурс у рамках праекта “Берагі надзеі” — цяпер ён будзе называцца “Віват, Масква!”. У творчых планах спявачкі на найбліжэйшую перспектыву — фестываль у Балгарыі, паездка ў Санкт-Пецярбург на суперфінал праекта “Я магу”, конкурсы “Балтыйская вясна” (Фінляндыя — Швецыя) і “Ружа вятроў” у Сочы, заняткі танцамі ў заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь тэатры танца “Прэм’ер-Спанайд” пад кіраўніцтвам Веранікі Навіцкай і… вывучэнне на паглыбленым узроўні любімых хіміі і біялогіі: Дар’я марыць прадоўжыць сямейную дынастыю і стаць медыкам. Яе маці і анёл-ахоўнік, а па сумяшчальніцтве бясконца адданы фанат і самы строгі суддзя, Святлана Крупская працуе ўрачом-касметолагам у цэнтральнай гарадской паліклініцы. Менавіта маці прапанавала навучэнцы сярэдняй школы №1 Полацка паступіць на эстраднае аддзяленне (клас вакалу) Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў да педагога Алены Сазонавай. На заняткі палачанка штораз ездзіць за некалькі дзясяткаў кіламетраў, але адлегласць для творчага трыа не перашкода — і вынікі сумеснай работы гэта пацвярджаюць. Трэба сказаць, што аддзяленне вакалу з’явілася ва Ушацкай ДШМ амаль 15 гадоў назад і доўгі час заставалася адзіным у вобласці сярод такіх навучальных устаноў. Разам з нашай гераіняй у Алены Анатольеўны вучацца выканаўцы не менш таленавітыя, чым Дар’я. Лізавета Жарнасек, Ганна Ларчанка, Галіна Бурак, Яўген Жалязноў, Святлана Полазава, Кацярына Падвойская, Наталля Філімонава — зорачкі з Ушаччыны добра вядомыя аматарам дзіцячай і юнацкай творчасці і журы прэстыжных рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, дзе юныя выхаванцы ДШМ неаднойчы станавіліся пераможцамі і прызёрамі. І гэтае сузор’е абавязкова папоўніцца новымі імёнамі.

Таццяна БОНДАРАВА.