Знакамітыя выпускнікі выхоўваюць новыя пакаленні

На працягу ўсяго навучальнага года на Міншчыне працавалі над праектам “Знакамітыя выпускнікі”. Галоўная мэта гэтага праекта — сабраць і сістэматызаваць інфармацыю, якая ў далейшым дазволіць навучэнцам пазнаёміцца з гісторыяй і традыцыямі ўстаноў адукацыі, жыццём і дзейнасцю знакамітых іх выпускнікоў — людзей, якія маюць высокія прафесійныя дасягненні ў галіне навукі, адукацыі, спорту, культуры, аховы здароўя, прамысловасці, народнай гаспадаркі, грамадскага жыцця. Рэалізацыя праекта спрыяе выхаванню ў дзяцей патрыятызму, любові і павагі да сваёй Радзімы.

Ва ўстановах адукацыі створаны творчыя групы па рэалізацыі праекта. Да работы далучыліся сённяшнія і былыя навучэнцы, педагогі, бацькі, мясцовае насельніцтва. Разам яны карпатліва вывучалі матэрыялы і дакументы гарадскіх і раённых архіваў, музеяў, фота- і відэаматэрыялы з асабістых архіваў знакамітых людзей, педагогаў, сустракаліся і гутарылі з імі. Словам, выкарыстоўвалі ўсе магчымыя крыніцы для збору цікавых і карысных звестак.
Інфармацыя, сабраная падчас рэалізацыі праекта, размяшчаецца ў спецыяльна створанай рубрыцы “Знакамітыя выпускнікі”, якая з’явілася на сайтах аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, а таксама на сайтах устаноў адукацыі. Былі аформлены і абноўлены інфармацыйныя куткі, стэнды “Гонар школы”, “Імі ганарыцца школа”, створаны і папоўнены музейныя экспазіцыі. Таксама выпушчаны школьныя газеты, брашуры, кнігі, буклеты, відэафільмы, прэзентацыі аб выпускніках, чыё жыццё можа служыць прыкладам для маладога пакалення. Праект выйшаў за межы школ, ліцэяў, каледжаў: матэрыялы аб жыцці і дзейнасці знакамітых выпускнікоў устаноў адукацыі Міншчыны друкаваліся ў рэгіянальных перыядычных выданнях.

Натхнёныя прыкладам знакамітых выпускнікоў

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі праекта сталі навучэнцы. Яны хутка ўключыліся ў работу: сустракаліся са знакамітымі выпускнікамі, запісвалі іх успаміны. Гэтыя сустрэчы натхнілі дзяцей на стварэнне сачыненняў, эсэ, інтэрв’ю, даследчых работ. Так, напрыклад, навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага каледжа прысвяцілі пошукава-даследчую работу “Подзвіг у імя жыцця” выпускніку каледжа Герою Савецкага Саюза Міхаілу Ільічу Марозаву. Таксама традыцыйнымі для дзяцей, якія вучацца ў каледжы, сталі сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, якія скончылі гэтую ўстанову адукацыі, Раісай Данілаўнай Пятрышча і Таццянай Сцяпанаўнай Рашэўскай.
Сустрэчы і мерапрыемствы з удзелам вядомых выпускнікоў былі асабліва цікавымі для дзяцей. Навучэнцы сярэдняй школы № 2 Смалявіч, напрыклад, запрасілі на сустрэчу ў школу яе выпускніцу Антаніну Уладзіміраўну Кошаль, чэмпіёнку XX Алімпійскіх гульняў па гімнастыцы ў Мюнхене. Антаніна Уладзіміраўна расказала аб сваёй галоўнай у жыцці перамозе і няпростым шляху да яе. Сусветна вядомая гімнастка была прыемна здзіўлена тым, што вучні так многа ведаюць пра яе жыццё, а ў школе створаны стэнд, прысвечаны ёй і яе перамогам.
Леанід Віктаравіч Танін, вядомы вучоны ў галіне галаграфіі і біямедыцынскай оптыкі, акадэмік Міжнароднай інжынернай акадэміі, — выпускнік сярэдняй школы № 1 Жодзіна. Леанід Віктаравіч не толькі сустрэўся з вучнямі сваёй роднай школы, але і зрабіў падарунак усім навучэнцам горада, арганізаваўшы ў Жодзіне выставу-семінар мастацкіх галаграм. Для жодзінскіх хлопчыкаў і дзяўчынак гэта была магчымасць не толькі атрымаць эстэтычную асалоду, але і пазнаёміцца са знакамітымі навукоўцамі нашай краіны, паслухаць іх лекцыі.
Многа новай інфармацыі даведаліся вучні дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава на сустрэчы з вандроўнікам і таксідэрмістам Генадзем Пузанкевічам. Генадзь Канстанцінавіч расказаў пра свае незвычайныя прыгоды ў розных кутках свету. Ён пабываў у Малайзіі, Кеніі, на Цэйлоне, Дальнім Усходзе, Салавецкіх астравах. Босым узняўся на гару Кіліманджара і пабываў у племені афрыканскіх канібалаў. Не менш цікавай, чым падарожжы, аказалася і справа, якой займаецца Генадзь Канстанцінавіч. Ён стварае чучалы жывёл і птушак, выканаў больш за 7 тысяч работ для музеяў, заалагічных інстытутаў і сам валодае ўнікальнай калекцыяй.

Знакамітыя выпускнікі ў космасе і на зямлі

Мабыць, няма такой сферы чалавечага жыцця, дзе не гучалі б імёны выпускнікоў адукацыйных устаноў Міншчыны. Такая думка становіцца відавочнай кожнаму, хто знаёміцца з праектам “Знакамітыя выпускнікі”.
Гэтыя людзі займаюць самыя высокія пасады ў нашай краіне, як, напрыклад, Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, выпускнік Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна. Чалавек, якога ведае, безумоўна, кожны чытач нашай газеты, міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў скончыў сярэднюю школу № 3 Салігорска. І кіруе вобласцю сёння таксама знакаміты выпускнік — Сямён Барысавіч Шапіра, які вучыўся ў Рэчанскай сярэдняй школе Любанскага раёна.
Пра тое, як далёка ў прамым сэнсе слова можа завесці чалавека мара і працавітасць, можна даведацца на прыкладзе выпускніка сярэдняй школы № 2 Чэрвеня Алега Віктаравіча Навіцкага. Касманаўт-выпрабавальнік у 2012 годзе прымаў удзел у касмічнай экспедыцыі, спраўдзіўшы мару мільёнаў хлопчыкаў. Яшчэ адзін “касмічны герой” — Канстанцін Канстанцінавіч Давідоўскі, які быў штурманам-навігатарам першага экіпажа “Месяцахода” і ўдзельнічаў у кіраўніцтве работай апарата на паверхні Месяца. Канстанцін Канстанцінавіч вучыўся ў Весейскай сярэдняй школе Слуцкага раёна.
На рахунку выпускнікоў школ Мінскай вобласці важкія дасягненні і ў сферы адукацыі. Варта ўзгадаць, напрыклад, Адама Антонавіча Грымаця і Івана Іванавіча Цыркуна. Іван Іванавіч, выпускнік Путчынскага ясляў-сада — пачатковай школы, узначальвае кафедру педагогікі БДПУ імя Максіма Танка. Прафесару А.А.Грымацю, які таксама быў загадчыкам гэтай кафедры, было прысвоена званне “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, а ў 1997 годзе Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый ён быў аб’яўлены чалавекам года ў галіне адукацыі. Пазней імя Адама Антонавіча Грымаця было прысвоена Ільянскай сярэдняй школе Вілейскага раёна Мінскай вобласці, якую ён скончыў.
Юныя жыхары вобласці могуць раўнавацца на шматлікіх спартсменаў — сваіх землякоў. Акрамя згаданай вышэй А.Кошаль, у спісе знакамітых выпускнікоў-спартсменаў мноства вядомых прозвішчаў. Напрыклад, Аляксандр Раманькоў, чые медалі і званні няпроста пералічыць. У 1976 годзе Аляксандр Анатольевіч выйграў “серабро” на Алімпійскіх гульнях у Манрэалі. Праз 4 гады на Алімпіядзе ў Маскве стаў сярэбраным прызёрам у камандных спаборніцтвах і бронзавым — у асабістым першынстве, а пазней — пераможцам Алімпійскіх гульняў 1988 года ў камандзе і ўладальнікам “бронзы” ў асабістым першынстве. Пяць разоў ён станавіўся чэмпіёнам свету, а чэмпіёнам СССР — 17 разоў.
Няма бар’ераў, якія немагчыма пераадолець, няма межаў патэнцыялу чалавечых сіл — гэта пастаянна даказваюць параалімпійцы. Многія з іх таксама сталі героямі праекта “Знакамітыя выпускнікі”. Напрыклад, Людміла Ваўчок, якая займаецца лыжнымі гонкамі і акадэмічным веславаннем, імкліва прайшла шлях ад удзельніцы каманды сярэдняй школы № 2 Смілавіч да члена нацыянальнай зборнай нашай краіны і чэмпіёнкі Параалімпіяды. А ў сярэдняй школе № 3 Крупак ганарацца выпускніцай Ларысай Варонай, трохразовай прызёркай Параалімпійскіх гульняў па лыжных гонках і біятлоне.
А колькі вядомых у сферы культуры імён узгадвае праект! Гэта людзі, пра якіх пішуць у кнігах, газетах і якіх паказваюць па тэлебачанні. Тут паэты і пісьменнікі, як, напрыклад, Іван Пташнікаў і аўтар гімна нашай краіны Уладзімір Карызна, зоркі тэлеэкрана Святлана Бароўская і Тэнгіз Думбадзэ, музыканты і выканаўцы, прычым абсалютна розныя — ад Уладзіміра Александровіча, саліста Фларэнтыйскай оперы, да братоў Каракіных, удзельнікаў групы Litesound, якія прадстаўлялі Беларусь на “Еўрабачанні”. Шкада, што немагчыма пералічыць усіх годных людзей, якія былі навучэнцамі ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці.

Правільны арыенцір у жыцці

Асноўная частка работы ў рамках праекта ўжо зроблена, але гэта не значыць, што праект завершаны. Сабраны матэрыял яшчэ доўга будзе выкарыстоўвацца для выхавання дзяцей на занятках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Праект “Знакамітыя выпускнікі” прыносіць плён. Работа над ім дапамагае стварыць ва ўстанове адукацыі ўмовы для фарміравання ў вучняў палітычнай, прававой і інфармацыйнай культуры, актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Акрамя таго, дзеці ўцягваюцца ў пошукава-даследчую дзейнасць. Бясспрэчна, інфармацыя аб вядомых выпускніках таксама можа быць карыснай для фарміравання станоўчага іміджу ўстановы адукацыі. А яшчэ такая агульная праца яднае, збліжае ўсіх: бацькоў, дзяцей, педагогаў.
Ісці наперад лягчэй, калі ёсць арыенцір. Важна, каб чалавек выбіраў на жыццёвым шляху правільныя арыенціры, мэты, прыклады. І праект паказвае, што шукаць іх недзе далёка не трэба, усе яны побач з намі. Верагодна, галоўная ідэя, якую нясе праект, — гэта ідэя, што ўсё ў жыцці чалавека залежыць ад яго самога. Часам, гледзячы тэлепраграмы, чытаючы газеты і часопісы пра людзей, якія дасягнулі поспеху, думаеш: “Вось бы мне нарадзіцца ў іх сям’і, у іншым горадзе, асяроддзі, я б таксама даўно быў бы знакамітым, паспяховым”. Важна, каб змалку дзеці бачылі, што поспеху дасягнулі людзі, якія жылі і раслі ў тым жа горадзе, вучыліся ў той жа школе, магчыма, нават сядзелі за той жа партай, што і яны. Гэтая думка можа дапамагчы паверыць у сябе, расправіць крылы.
У хуткім часе сённяшнія школьнікі здадуць экзамены і таксама стануць выпускнікамі. Хочацца верыць, што яны, выхаваныя на цудоўных прыкладах сваіх знакамітых землякоў, і самі ў хуткім часе стануць гордасцю сваіх школ, каледжаў, ліцэяў і будуць натхняць новае пакаленне на выдатныя здзяйсненні.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіваў устаноў адукацыі.