Змяняючы сябе, змяняем свет

На базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў рамках міжнароднага праекта “Беражом рэсурсы — эканомім грошы — клапоцімся пра нашчадкаў” адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Змяняючы сябе, змяняем свет”. У канферэнцыі прынялі ўдзел кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі, супрацоўнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей і Мінска.

Рэалізацыя праекта пачалася ў студзені 2013 года па ініцыятыве гімназіі № 19 Мінска, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, грамадскага аб’яднання ўстойлівага развіцця “Наш след” пры падтрымцы Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау.
Удзельнікі міжнароднага праекта ставілі на мэце пры дапамозе школ энергазберажэння прапагандаваць і распаўсюджваць веды па асновах рацыянальнага энергаспажывання сярод жыхароў нашай краіны.
Школа энергазберажэння — гэта комплекс разнастайных форм і метадаў навучання дарослых і дзяцей эфектыўнаму выкарыстанню энергарэсурсаў. Уключэнне такіх школ у работу Рэгіянальных рэсурсных цэнтраў Партнёрскай сеткі школ устойлівага развіцця, устаноў адукацыі і тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дазволіла пашырыць веды па энергазберажэнні ў людзей розных узростаў. Навучанне ажыццяўляецца падрыхтаванымі ў рамках праекта мультыплікатарамі, спецыялістамі ў галіне энергетыкі, педагогамі і валанцёрамі.
Ажыццяўленне праекта “Беражом рэсурсы — эканомім грошы — клапоцімся пра нашчадкаў” і работа канферэнцыі былі накіраваны на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі па вырашэнні энергетычных праблем, фарміраванне ў членаў грамадства неабходных кампетэнцый у галіне рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя. Навукова-практычная канферэнцыя таксама дазволіла прадставіць вынікі рэалізацыі міжнароднага праекта.
У час пленарнага пасяджэння выступілі Аляксандр Эдуардавіч Войтка, прадстаўнік Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь; Таццяна Віктараўна Паніна, супрацоўнік Міністэрства працы і сацыяльнай абароны; Уладзімір Іванавіч Талкачоў, рэктар Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны; Уладзімір Пятровіч Нісцюк, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі “Аднаўляльная энергетыка” і інш. Яны прадставілі міжнародны вопыт вырашэння праблем эфектыўнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў і шляхі навучання энергазберажэнню педагогаў, навучэнцаў і дарослага насельніцтва краіны.
Праблематыка пленарнага пасяджэння атрымала развіццё падчас работы секцый. Так, удзельнікі секцыі “Энергазберажэнне: адукацыя і практыка” адзначылі важнасць арганізацыі асветніцкай дзейнасці па пытаннях энергазберажэння, прадставілі вопыт прыцягнення валанцёраў. Кіраўнікі і педагогі ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі абмеркавалі магчымасці забеспячэння пераемнасці ў фарміраванні кампетэнцый вучняў у галіне энергазберажэння. Напрыканцы работы секцыі адбылося ўзнагароджванне пераможцаў акцыі “Новае жыццё старых рэчаў”.
Прадметам абмеркавання ўдзельнікаў секцыі “Дзейнасць “Школ энергазберажэння”: вопыт і перспектывы развіцця” стала ўключэнне пытанняў энергазберажэння ў змест адукацыйнага працэсу падчас навучання біялогіі, хіміі, геаграфіі, замежнай мове, а таксама вопыт арганізацыі работы па энергазберажэнні ва ўмовах сельскай школы. Педагогамі адзначаны даклад Марыны Адамаўны Канарскай, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў Маладзечанскага раёна. Яе выступленне было прысвечана сістэме работы ўстановы адукацыі па фарміраванні ў вучняў кампетэнцый у галіне рацыянальнага прыродакарыстання і энергазберажэння.
Работа секцыі “Энергазберажэнне — рэальны сектар эканомікі” прайшла ў форме круглага стала. Педагогі абмеркавалі пытанні арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў па праблемах энергазберажэння на вытворчасці, у побыце і інш. У канцы работы адбылося ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу метадычных распрацовак “Школа энергазберажэння”.
Удзельнікі і госці падкрэслілі актуальнасць тэматыкі, навуковую і практычную значнасць канферэнцыі, адзначылі высокі ўзровень яе правядзення. Матэрыялы канферэнцыі будуць уключаны ў электронны дадатак да вучэбна-метадычнага комплексу “Школа энергазберажэння”.

Вольга ГЛІНСКАЯ,
начальнік навукова-метадычнага аддзела аналізу, прагназавання
і развіцця адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.