Зімовая прагулка — заўсёды свята

Зіма — дзівосная пара года, доўгачаканая і любімая для нашых дзяцей. Прагулка для дашкольнікаў — заўсёды свята, а зімовая прагулка — свята ўдвая. Гэта час для забаў і выдатны спосаб аздараўлення. Асабліва радуюць зімовыя дні, калі на дварэ ляжыць снег. У Ракаўскім яслях-садзе “Сонейка” Валожынскага раёна прагулкі ў такія дні праходзяць з максімальнай карысцю для выхаванцаў. Так, у цяпер ужо мінулым 2016 годзе на тэрыторыі сада з’явілася сапраўдная выстава вырабаў са снегу пад адкрытым небам “Снежны гарадок”.

Не сакрэт, што для фізічнага развіцця, умацавання дзіцячага арганізма неабходна як мага больш часу праводзіць на свежым паветры. І зіма — не выключэнне з гэтага правіла. А каб холад прынёс карысць і не перашкодзіў дзецям атрымаць задавальненне ад прагулкі, яны павінны быць занятыя цікавай справай. Таму нядаўна ўсе разам мы будавалі “Снежны гарадок”. Перад намі стаяла некалькі задач: эстэтычнае афармленне зімовых участкаў дашкольнай установы, стварэнне камфортных умоў для развіцця рухальнай актыўнасці, працоўнай і гульнявой дзейнасці, назіранняў у прыродзе.
Педагогі і выхаванцы нашага ясляў-сада некалькі дзён працавалі над стварэннем снежных фігур, ляпілі і афарбоўвалі лёд. Усе ўдзельнікі з вялікай цікавасцю займаліся калектыўнай творчасцю.

Тэрыторыя дашкольнай установы змянілася літаральна на вачах: асноўнымі элементамі “Снежнага гарадка” сталі снежны куфар з ледзянымі ізумрудамі, Дзед Мароз і Снягурка. На пляцоўках з’явіліся не толькі навагоднія героі, але і любімыя дзецьмі Белы кот і мядзведзь Патапыч. Снежныя фігуры павінны былі мець не толькі прывабны і эстэтычны знешні выгляд, але і спрыяць фізічнаму развіццю дзяцей. У некаторыя пабудовы былі ўнесены фізкультурныя элементы. Так, напрыклад, у крэпасць можна было кідаць снежкамі, а па велізарных вусенях хадзіць, захоўваючы раўнавагу.

Пабудовы атрымаліся выдатныя. Ужо і не верыцца, што ўсё гэта хараство было створана са снегу! І хоць нашы снежныя вырабы ў хуткім часе расталі, яны падарылі нам мноства пазітыўных момантаў, дапамаглі стаць здаравейшымі. З нецярплівасцю чакаем чарговага снегападу, каб рэалізаваць іншыя “снежныя задумкі”.

Тамара КАРТЫННІК,
загадчыца Ракаўскага ясляў-сада “Сонейка” Валожынскага раёна.