Зімовая казка сваімі рукамі

Зіма пачала сваю творчую дзейнасць – малюе мудрагелістыя ўзоры на вокнах, стварае вытанчаныя сняжынкі, дэкарыруе наваколле серабром. Следам за марознай спадарыняй за творчыя справы бяруцца і дзеці. Вынікі абласнога этапу дзвюх выстаў-конкурсаў былі падведзены на Міншчыне.

У Барысаве заззяла “Калядная зорка” — там прайшоў абласны этап XVIII Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў. Напярэдадні ў Валожыне, Стоўбцах, Салігорску і Барысаве прайшлі выставы ў рамках рэгіянальнага этапу конкурсу. Больш за 1200 работ прадставілі хлопчыкі і дзяўчынкі Мінскай вобласці на першым этапе. Лепшыя работы былі выбраны і выстаўлены ў Палацы культуры Барысава. З іх экспертная камісія, якая складалася са спецыялістаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, адабрала ўсяго 50 работ, якія паўдзельнічаюць у заключным этапе конкурсу.
На выставе здавалася, што зімовая казка ўзяла ўсіх у палон: навагоднія і калядныя героі запаланілі ўсё наваколле. Тут і там распушылі свае бароды Дзядулі Марозы, уборы Снягурак зіхацелі і пераліваліся, снегавікі дэманстравалі свае насы-морквы, калядоўшчыкі, здавалася, зараз заспяваюць свае песні. І, зразумела, сімвалы года — козы і баранчыкі — былі ўсюды. Саламяныя і гліняныя, тканыя і вышываныя, намаляваныя на палотнах і шкле, створаныя з нітак, тканіны, дрэва, сена, сурвэтак — усяго не пералічыць. Удзельнікі конкурсу здзівілі не толькі разнастайнасцю выкарыстаных матэрыялаў, але і мноствам тэхнік. Побач з традыцыйнымі выцінанкамі і вырабамі з гліны можна было знайсці работы ў тэхніцы пэйп-арт і нітачнага дызайну, якія пакуль не надта распаўсюджаныя.
Эстафету па стварэнні навагодніх цудаў і святочнага настрою прыняла выстава работ, зробленых у рамках Рэспубліканскай выставы-конкурсу фітадызайну “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Абласны этап праводзіўся ў Шчомысліцкай сярэдняй школе.
У адрозненне ад “Каляднай зоркі”, удзельнікі конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія” павінны былі выкарыстоўваць прыродныя матэрыялы. Праўда, такая ўмова фантазію творцаў не толькі не абмежавала, а, здаецца, наадварот, падштурхнула.
Тут зноў не абышлося без рагатых сімвалаў года, толькі авечкі і козы былі зроблены з шышак, кветак, лісткоў і пялёсткаў. Дэманстраваліся яны ў намінацыі “Фларыстычная цацка”.
Вакол ёлак, прадстаўленых у намінацыі “Святочная ёлка”, проста хацелася вадзіць карагоды, любавацца прыгажосцю і не пераставаць здзіўляцца фантазіі і вынаходлівасці майстроў. Звычайныя шары і гірлянды саступілі месца на крэатыўных ёлках ракавінкам, засушаным пладам, цукатам, моху, сену, пер’ям і кветкам.
Вытанчанымі былі калажы, прадстаўленыя ў намінацыі “Пасланне зімы”, створаныя ў тэхніцы фларыстычнага жывапісу — ашыбана. На карцінах, намаляваных не пэндзлем і фарбамі, а засушанымі кветкамі, травінкамі, лісткамі, ажывалі жывёлы і птушкі, красаваліся зімовыя пейзажы.
У хуткім часе ўсе гэтыя цуды можна будзе ўбачыць у рамках рэспубліканскага этапу конкурсаў. “Калядная зорка” будзе дарыць святло творчасці ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Выстава “Лёд. Кветкі. Фантазія” размесціцца ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Наведайце выставы — гэта стане цудоўным падарункам да свята і падорыць вам сапраўдны навагодні настрой!

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.