Жывая спадчына

Стварыць ва ўстанове адукацыі ўмовы, у якіх кожны вучань за час навучання зможа сфарміраваць набор кампетэнцый, якія дапамогуць яму актыўна ўключыцца ў жыццядзейнасць сучаснага соцыуму, — такую задачу паставіў перад сабой калектыў сярэдняй школы № 10 Барысава.

Так узнікла ідэя аб’яднаць інтарэсы настаўнікаў, кіраўнікоў гурткоў, прадметных факультатываў клубаў, навуковых таварыстваў; адкрыць факультатывы музычнай, мастацкай, тэатральнай і харэаграфічнай накіраванасці; стварыць новае інфармацыйнае асяроддзе ў школе. Для рэалізацыі гэтай ідэі неабходна было арганізаваць цеснае ўзаемадзеянне з соцыумам — бацькамі, шэфамі, пісьменнікамі, СМІ, Цэнтрам пазашкольнай адукацыі, музычнай школай, Праваслаўнай царквой.
Творчай групай педагогаў распрацаваны праект “Укараненне мадэлі сацыяльнага партнёрства ў інтарэсах развіцця дзіцяці праз музычна-мастацкую і тэатральна-харэаграфічную дзейнасць на аснове нацыянальнай культуры і традыцый беларускага народа”, мэта якога — стварэнне прадметна-этнічнага асяроддзя, якое дазваляе рэалізоўваць інтарэсы, магчымасці і патрэбы навучэнцаў з дапамогай далучэння іх да багацця нацыянальнай культуры і духоўна-маральнага выхавання.
Чаму выбрана гэтая тэма? Напэўна, таму, што з кожным годам усё менш становіцца носьбітаў беларускай культуры, знікаюць традыцыі і прадметы ўжытку, якія былі прывычныя для беларусаў яшчэ не так даўно, у сярэдзіне XX стагоддзя. Работа па захаванні матэрыяльных і духоўных нацыянальных каштоўнасцей даўніны вядзецца, але неабходнасць удзелу ў гэтым працэсе моладзі відавочная. Традыцыйная культура, як правіла, успрымаецца маладым пакаленнем у лепшым выпадку як музейная, у горшым — як далёкая ад сучаснага жыцця, малапрывабная і непатрэбная рэальнасць. Зварот да фальклору, родных каранёў з дапамогай сучасных тэхналогій мяняе такі погляд на мінулае і нацыянальныя традыцыі: жывая спадчына набывае новыя сэнсы, гаворыць пра сябе на мове, зразумелай пакаленню электроннай культуры.
З 2012 года сярэдняя школа № 10 Барысава працуе як рэсурсны цэнтр па тэме “Сацыяльнае партнёрства ў інтарэсах развіцця дзіцяці праз музычна-мастацкую і тэатральна-харэаграфічную дзейнасць на аснове нацыянальнай культуры і традыцый беларускага народа”. Мэта праекта — развіццё прадметна-этнічнага асяроддзя, якое дазваляе рэалізоўваць інтарэсы, магчымасці і патрэбы навучэнцаў з дапамогай далучэння іх да багацця нацыянальнай культуры і духоўна-маральнага выхавання, распаўсюджванне перспектыўнага педагагічнага вопыту.
Дзейнасць рэсурснага цэнтра ажыццяўляецца па некалькіх напрамках. Мэта работы кірунку “Народныя рамёствы” — рэалізацыя творчых здольнасцей навучэнцаў праз вывучэнне вытокаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, асваенне тэхналагічнага працэсу стварэння вырабаў з драўніны, тканіны і іншых матэрыялаў. Напрамак рэалізоўваецца праз работу факультатываў і аб’яднанняў па інтарэсах: “Гаспадынька”, “Бісерапляценне”, “Свята і традыцыі”, “Прапільная разьба і выпальванне на драўніне”, “Мастацкае тачэнне драўніны”, “Скрапбукінг”, “Беларускі сувенір”, “Пруткі ў руках майстрыхі”. Нашы навучэнцы штогод з’яўляюцца пераможцамі алімпіяды па працоўным навучанні і творчых конкурсаў.
У рамках напрамку “Краязнаўства” навучэнцы вывучаюць родны край праз факультатывы і актыўную экскурсійную дзейнасць на працягу навучальнага года і праз работу профільнага лагера “Дзясятачка”.
Дзякуючы рабоце праекта і рэсурснага цэнтра, у нашай школе развіваюцца тэатральна-харэаграфічны і мастацка-музычны напрамак. Гэта факультатывы “Музычныя і тэатральныя гульні”, “Рытміка і танец”, “Асновы тэатральнай дзейнасці”, праекты “Святло роднага слова”, “Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва”, “Ад народных вытокаў праз творчасць у будучыню”. Мастацка-выканальніцкія здольнасці навучэнцы рэалізоўваюць, наведваючы аб’яднанні па інтарэсах “Нотка”, “Ліхтарык”, займаючыся ў вакальным ансамблі і танцавальным калектыве “Рунь”. Калектыў выступае на школьных і раённых мерапрыемствах, удзельнічае ў творчых конкурсах.
Стварэнню прадметна-этнічнага асяроддзя ва ўстанове адукацыі спрыяла адкрыццё Цэнтра нацыянальнай культуры, дзе сабраны работы навучэнцаў і работнікаў школы, што адлюстроўваюць самабытнасць і творчасць людзей, якія ўпрыгожваюць побыт сваімі рукамі. Цэнтр пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі.
Важным напрамкам дзейнасці нашай установы з’яўляецца рэалізацыя педагагічных праектаў у рамках работы рэсурснага цэнтра. Адзін з іх — праект “Ад народных вытокаў праз творчасць у будучыню” (кіраўнік Н.С.Гаўрусева), мэта якога — фарміраванне духоўнага свету асобы, патрыятычных пачуццяў на аснове ведаў пра гістарычнае мінулае, традыцыйную культурную спадчыну беларусаў.
Дзеці вывучаюць народную песенную творчасць, святы беларускага народнага календара, збіраюць матэрыял для падрыхтоўкі сцэнарыяў і іх правядзення. Так, у гэтым навучальным годзе прайшлі тэатралізаваныя святы “Багач”, “Пакроўскія пасядзелкі”, “Святыя дзяды, прыходзьце да нас!”, “Ехала Каляда ў чырвоным вазку!”.
Вучні пачатковых класаў удзельнічаюць у рэалізацыі праекта “Святло роднага слова” (кіраўнік Р.В.Грынь). На занятках вядзецца слоўнікавая работа, дзеці знаёмяцца з творчасцю беларускіх дзіцячых пісьменнікаў, вывучаюць традыцыі беларусаў, сустракаюцца з пісьменнікамі, ствараюць свае творы на беларускай мове, якія паспяхова публікуюцца ў дзіцячых часопісах і газетах.
Для таго каб выклікаць у дзяцей цікавасць да чытання, абудзіць іх літаратурныя таленты, жаданне і ўменне выказвацца, дзяліцца ўражаннямі, расказваць пра набалелае і разам з тым навучыцца працаваць з пісьмовымі крыніцамі, у школе арганізавана выдавецкая дзейнасць. У пачатковай школе працуе праект “Кніга сваімі рукамі”, у рамках якога выдаюцца літаратурныя зборнікі, альбомы, кніжкі-малышкі і часопіс “Стрыж”.
Падлеткі пад кіраўніцтвам педагогаў выдаюць часопіс “Погляд”, які з цікавасцю чытаюць і вучні, і педагогі, і бацькі. Для папулярызацыі нямецкай мовы, фарміравання гатоўнасці навучэнцаў да міжкультурнай камунікацыі навучэнцы і настаўнікі нямецкай мовы выдаюць часопіс на нямецкай мове Deutsches Pro10t. Кіраўнікі праектаў, напрамкаў дзеляцца вопытам з калегамі на школьных і раённых мерапрыемствах, у СМІ. На сайце ўстановы па спасылцы “Рэсурсны цэнтр” можна знайсці пералік публікацый і напрацаваных матэрыялаў.
У гэтым навучальным годзе калектыў нашай школы ўключыўся ў новы інавацыйны праект “Укараненне мадэлі “Прадпрымальная школа” ў дзейнасць установы агульнай сярэдняй адукацыі”. Яго мэты — распрацоўка арганізацыйна-кіраўніцкіх механізмаў укаранення ў дзейнасць установы мадэлі “Прадпрымальная школа” праз стварэнне сістэмы комплекснай падтрымкі працэсу станаўлення актыўнай грамадзянскай пазіцыі ўдзельнікаў школьнай суполкі”.
Работа па інавацыйных праектах у нашай установе дае магчымасць дзіцяці раскрыцца ў поўным аб’ёме: яно шчаслівае ад таго, што яго прымаюць і разумеюць, суперажываюць яго пачуццям, падтрымліваюць у дзіцяці імкненне больш бачыць, даведвацца, шукаць больш зразумелую і выразную мову гукаў, рухаў, ліній, фарбаў, форм. Так стымулюецца творчасць. Бо ўсім вядома ісціна: поспех параджае поспех.

Валянціна ІПАЦЬЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 10 Барысава.