Зберагчы, каб перадаць нашчадкам

У сістэме выхавання народным святам і абрадам належыць асаблівае месца. Калі варта пачынаць далучэнне дзяцей да народнай мудрасці, фарміраванне цікавасці і павагі да бацькоўскай спадчыны, гісторыі і культуры беларускага народа, роднай мовы? Кожны з нашых педагогаў на гэтае пытанне адкажа: з улікам узроставых асаблівасцей, інтарэсаў і схільнасцей выхаванцаў — як мага раней. На працягу некалькіх гадоў калектыў ясляў-сада № 4 г.п. Ушачы мэтанакіравана працуе ў напрамку грамадзянска-патрыятычнага выхавання дашкольнікаў праз вывучэнне народных традыцый і на сённяшні дзень мае пэўны метадычны вопыт.

Сістэма арганізацыі работы з дзецьмі накіравана на вырашэнне такіх задач, як знаёмства з традыцыямі беларускага народа (свят, абрадаў), выхаванне любові і павагі да іх і да роднай мовы; актывізацыя пачуцця прыналежнасці да беларускага народа; папаўненне і актуалізацыя беларускага слоўніка, фарміраванне правільнага вымаўлення, выхаванне любові і павагі да роднай мовы; пашырэнне музычнага кругагляду; фарміраванне эстэтычных пачуццяў.
На пачатковым этапе выканання праекта спатрэбілася прааналізаваць узровень падрыхтаванасці педагагічных работнікаў, прыцягнуць увагу бацькоў да праблемы супрацоўніцтва па патрыятычным выхаванні дзяцей. З гэтай мэтай мы правялі анкетаванне, вынікі якога паказалі: як педагогі, так і бацькі добра ўсведамляюць неабходнасць і значэнне патрыятычнага выхавання дзяцей і самі — у рознай ступені — валодаюць ведамі па гісторыі, традыцыях, святах Беларусі. Для ўдасканалення прафесійнага майстэрства нашых работнікаў праведзена вялікая работа ў калектыве па некалькіх напрамках: аказанне дапамогі педагогам дашкольнай установы ў пытанні далучэння да гісторыі і культуры Беларусі; стварэнне аптымальных умоў для ажыццяўлення адукацыйнага працэсу ў дашкольнай установе; вывучэнне, абагульненне, распаўсюджванне і ўкараненне перадавога педагагічнага вопыту па патрыятычным выхаванні; забеспячэнне ўзаемадзеяння дзіцячага сада і сям’і ў пытанні далучэння да гісторыі і традыцый беларускага народа; арганізацыя і правядзенне розных форм работы з педагогамі (семінары, семінары-практыкумы, круглыя сталы, творчыя групы, кансультацыі, метадычнае аб’яднанне). Побач з традыцыйнымі формамі работы шырока выкарыстоўваюцца новыя, што забяспечвае зваротную сувязь, дазваляе праявіць ініцыятыву, творчасць. Для павышэння навукова-тэарэтычнага ўзроўню педагогаў, удасканалення іх прафесійнага майстэрства з педагогамі праведзены кансультацыі: “Тэарэтычныя і практычныя задачы выкарыстання народнай песні ва ўстанове дашкольнай адукацыі”, “Арганізацыя работы з дзецьмі пры правядзенні фальклорных свят і абрадаў”, “Роля фальклору ў фарміраванні творчых здольнасцей і нацыянальнай самасвядомасці дзяцей дашкольнага ўзросту”, “Беларускi танцавальны фальклор”, “Беларускiя народныя музычныя гульнi”; 8 заняткаў семінара-практыкуму “Урокі роднай мовы”, педагагічная віктарына “Свая хатка, што родная матка”. На базе дашкольнай установы адбылося пасяджэнне раённых метадычных фарміраванняў педагогаў на тэму “Далучэнне дашкольнікаў да гісторыі, традыцый і культуры беларускага народа”. Музычны кіраўнік Таццяна Сан-дзюк разам з выхавальнікамі старшай групы арганізавалі і правялі фальклорнае свята “Гуканне вясны”. Педагогі падзяліліся з калегамі ўласным вопытам, пазнаёмілі з сістэмай метадаў, прыёмаў і сродкаў патрыятычнага выхавання. Размова пра важнасць вывучэння народных традыцый з дзяцінства была працягнута на другім пасяджэнні метадычнага аб’яднання музычных кіраўнікоў з паказальным народным святам “Камаедзiца”. Мала хто ведае, што гэта свята ў гонар мядзведзя перад Благавешчаннем. У гонар асноўнага персанажа — мядзведзя — гучалі песні, дзеці выконвалі танцы. Нашы выхаванцы паказалі дарослым удзельнікам пасяджэння гульні, у якія любілі гуляць іх бабулі і дзядулі, — “Капялюш”, “Малiнка”, “Мядок”, “Гарохавы камяк”.

Калектыў нашай дашкольнай установы вызначыў асноўны пералік святочных мерапрыемстваў, якія штогод праводзяцца ў дзіцячым садзе. Гэта народныя і фальклорныя святы — Каляды, Масленіца, Саракі, Гуканне вясны, Вялікдзень, Купалле, Дажынкі, Восеньскі кірмаш (Вячоркі). Святы традыцыйна суправаджаюцца спецыяльна падабранымі нацыянальнымі кампазіцыямі, цікавай сюжэтнай гульнёй, рознымі сюрпрызамі. Актыўна ўдзельнічаючы ў святочных дзеяннях, эмацыянальна перажываючы іх, дзіця адчувае сябе часцінкай культуры і мовы свайго народа.
Паглыбленае знаёмства з народнымі традыцыямі арганізавана музычным кіраўніком Таццянай Сандзюк на занятках гуртка па аўтарскай праграме “Купалінка”. Праграма носіць каляндарны характар: святы і абрады прадстаўлены адпаведна порам года. Згодна з планам былі праведзены такія абрады, як “Завiванне Вянка”, “Іван Літасцiвы” (у гэты дзень неабходна што-небудзь падарыць, чым-небудзь падзяліцца), “Камаедзiца” (абуджэнне мядзведзя), “Жанiцьба комiна”, “Саракi”. У сваёй рабоце музычны кіраўнік шырока выкарыстоўвала розныя фальклорныя формы (казкі, быліны, песні, гульні, прыказкі, прымаўкі, карагоды). Бясспрэчна, што такія заняткі становяцца невычэрпнай крыніцай духоўнага развіцця дзяцей. Вялікае значэнне надаецца стварэнню прадметна-развіццёвага асяроддзя ў групах, паколькі яно з’яўляецца адной з вядучых умоў выхавання ў дзяцей пачуцця прыналежнасці да беларускага народа. У кожнай групе арганізаваны “беларускі куток”, дзе размешчаны сцяг, герб, карта Рэспублікі Беларусь, альбомы “Наша сям’я”, “Наш дзіцячы сад”, падабраная па тэматыцы мастацкая літаратура, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі, лялькі ў беларускіх касцюмах.

Сучасныя ўмовы патрабуюць новых падыходаў да правядзення метадычнай работы. У першую чаргу — стварэння спрыяльных умоў для росту актыўнасці і ініцыятывы педагогаў, абуджэння і заахвочвання іх творчага пошуку. Таму з мэтай рэалізацыі і развіцця творчай ініцыятывы педагогаў было прынята рашэнне арганізаваць творчую групу з найбольш вопытных педагогаў, якія праявілі цікавасць да работы ў акрэсленым напрамку. Узначаліла аб’яднанне педагог з вышэйшай катэгорыяй і стажам работы больш за 30 гадоў Наталля Іванюк. На сёння ўдзельнікамі групы распрацавана перспектыўна-тэматычнае планаванне па маральна-патрыятычным выхаванні для ўсіх узроставых груп, план работы з бацькамі, канспекты заняткаў, сцэнарыі народных свят; сабрана інфармацыя пра Ушачы, падабраны адпаведныя гульні, прыказкі, скорагаворкі, літаратура і ілюстрацыі, фатаграфіі і звесткі аб знакамітых земляках, у тым ліку пра Міхаіла Казіцкага, Тамару Барадзёнак, Алега Салтука, Еўдакію Лось.
Вынікі доўгай і карпатлівай работы ў рамках праекта педагогі ясляў-сада разам з маленькімі памочнікамі-выхаванцамі прадэманстравалі падчас творчай справаздачы дашкольнай установы. За аснову мерапрыемства было ўзята народнае свята “Вялікдзень”. Дзеці ў вобразе валачобнікаў выконвалі тэматычныя песні, вадзілі карагоды, прымалі ўдзел у народных гульнях. Свае артыстычныя здольнасці прадэманстравалі юныя аматары народных танцаў, а потым перад гасцямі выступіў дзіцячы аркестр пад кіраўніцтвам Таццяны Сандзюк.
Ужо зараз нашы выхаванцы маюць трывалы запас уяўленняў аб беларускім фальклоры, народных святах і абрадах, а таксама аб гісторыка-культурным і прыродным багацці Беларусі і роднай Ушаччыны. Мы ўпэўнены, што атрыманыя ў дашкольнай установе веды дапамогуць дзецям у далейшым жыцці, а цікавасць да беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі роднага краю будзе ўмацоўвацца і развівацца на наступнай ступені адукацыі. У завяршэнне хочацца прывесці словы герояў аднаго з нашых народных свят Яся і Яніны: “Звычаi народа — наша багацце. Багацце трэба захаваць, каб перадаць нашчадкам”.

Вольга ТЫЧЫНА,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 4 г.п. Ушачы.