Захавальнікі памяці

Напярэдадні Міжнароднага дня музеяў Гомельскі гарадскі цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і абласное аддзяленне Беларускага фонду міру традыцыйна ганаравалі юных актывістаў школьных музеяў. У гэтым годзе ўзнагароджанне прайшло ў абласным Музеі ваеннай славы пры ўдзеле ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аэліты Іванаўны Самсонавай, кіраўнікоў гомельскіх музеяў сістэмы культуры, намесніка начальніка па ідэалогіі ваенна-транспартнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Ігара Георгіевіча Маруняка.

Значком “Захавальнік памяці” ўзнагароджаны 31 навучэнец горада. Сярод іх пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу экскурсаводаў школьных музеяў, лепшыя члены савета музеяў, фатографы, члены пошукавых, лектарскіх груп і груп перапіскі.
Ідэя ўзнагароджання юных музейшчыкаў Гомеля нарадзілася ў ходзе правядзення гарадскіх аглядаў-конкурсаў школьных музеяў. Яе падтрымалі музеі сістэмы культуры, якія аказваюць метадычную дапамогу школам. 17 мая 2012 года першых актывістаў узнагароджвалі ў сценах найстарэйшага гомельскага музея — Палацы Румянцавых і Паскевічаў.

У кожнага школьнага музея Гомеля (іх у горадзе 28 ) свой кірунак, свае ўнікальныя экспанаты. Яны нагадваюць аб гісторыі школ і выпускніках, вайсковых часцях і злучэннях, якія ўдзельнічалі ў вызваленні нашага горада, героях вайны і мірнага дня, культурных і адукацыйных традыцыях рэгіёна.
Больш за 6 тысяч экспанатаў захоўваюць школьныя музеі баявой і працоўнай славы сярэдніх школ №№ 2, 4, 25, 27, 30, 32, 33, 44, 47, гімназій №№ 36, 46, 51. Напрыклад, у фондах музея сярэдняй школы № 2 матэрыялы пра першага Героя Савецкага Саюза Гомельскай вобласці Г.М.Склязнёва; сярэдняй школы № 4 — матэрыялы аб самым юным удзельніку ўзяцця рэйхстага, 14-гадовым сыне палка 150-й стралковай Ідрыцка-Берлінскай, ордэна Кутузава 2-й ступені дывізіі гамяльчаніне Георгіі Арцемянкове.
Вывучэнне традыцый народа, яго спадчыны дапамагае ўваскрасіць у памяці ўчынкі і справы людзей, выхоўвае любоў да Радзімы, роднай мовы. Залы музея гімназіі № 36 імя І.Мележа здзіўляюць прадметамі ганчарства і дрэваапрацоўкі, музеі школ №№ 1, 43 — ручнікамі, музей школы № 72 “Бацькава хата” — стравамі нацыянальнай кухні. Умацаванне сувязі пакаленняў, лёсу чалавека і краіны ў цэлым выдатна дэманструюць экспазіцыі гістарычных музеяў сярэдніх школ №№ 7, 12, 21, 28, 30, 41, 48.

Школьны музей — жывы арганізм, які развіваецца. Яго фонды пастаянна папаўняюцца новымі матэрыяламі, у яго сценах праводзяцца экскурсіі, урокі мужнасці і тэматычныя заняткі. І ў гэтым вялікая заслуга кіраўнікоў школьных музеяў. Так, Таццяна Мікалаеўна Калеснік стварыла адзіны на Гомельшчыне музей хлеба (сярэдняя школа № 1), Кацярына Адамаўна Мохарава на аснове асабістай калекцыі адкрыла тры музеі ў розных установах горада (сярэдніх школах №№ 52, 38, 27), імя Веры Іванаўны Лазаравай прысвоена музею гісторыі сярэдняй школы № 21.
У самы бліжэйшы час ва ўстановах адукацыі Гомеля з’явяцца новыя музеі. У гімназіі № 71 пры падтрымцы Гомельскай епархіі адкрыецца музей “Гомель: духоўная спадчына”, у сярэдняй школе № 27 — музей міратворчасці (4-ты музей у школе).

Людміла ПРЫСКОКА,
намеснік дырэктара Гомельскага гарадскога цэнтра
турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.