З Расіі — з перамогай

Сярэбраны медаль XV Усерасійскай каманднай алімпіяды школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні заваявалі прадстаўнікі Віцебска.

Алімпіяда была арганізавана Міністэрствам адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, Санкт-Пецярбургскім нацыянальным даследчым універсітэтам інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі, Алтайскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, Грузінскім універсітэтам, Ташкенцкім універсітэтам інфармацыйных тэхналогій і праходзіла 29—30 лістапада ў Санкт-Пецярбургу, Барнауле, Алматы, Ташкенце, Тбілісі, Крэмянчугу і Ерэване. Пасля папярэдніх завочных і рэгіянальных адбораў у фінал спаборніцтваў выйшлі 223 каманды з 10 краін свету: Расіі, Латвіі, Украіны, Беларусі, Таджыкістана, Узбекістана, Казахстана, Грузіі, Кыргызстана, Арменіі. Ва Усерасійскай алімпіядзе прымалі ўдзел наймацнейшыя каманды з фізіка-матэматычных ліцэяў і гімназій, а таксама спецыялізаваных вучэбна-навуковых цэнтраў пры ўніверсітэтах.
Згодна з правіламі алімпіяды, кожнай камандзе-фіналісту ў складзе трох навучэнцаў на 5 гадзін прадастаўляўся адзін камп’ютар і набор з 11 задач. Для іх рашэння трэба было напісаць праграмы, якія вылічвалі канкрэтныя вынікі для ўваходных набораў тэставых даных. Лідарам у табліцы вынікаў станавілася тая каманда, якая змагла справіцца з большай колькасцю задач з меншым штрафным часам.
З Беларусі ў выніку адборачных спаборніцтваў, якія прайшлі ў Мінску і ў Гомелі (у склад журы гэтых чэмпіянатаў уваходзілі выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта), права на ўдзел у фінале ў Санкт-Пецярбургу атрымалі 12 лепшых каманд з Мінска, Віцебска, Мазыра, Брэста, Бабруйска, Магілёва, Гомеля, Іўя і Стоўбцаў. Па выніках спаборніцтва навучэнцы з Віцебска Барбара Кускова (гімназія № 1), Ілья Мядзянікаў і Артур Петухоўскі (гімназія № 8) пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі Веранікі Лакціной адзначаны дыпломам ІІ ступені і сярэбраным медалём. Гэта найлепшы паказчык сярод беларускіх каманд-удзельніц. Такім чынам, віцябляне ўвайшлі ў лік 12 самых моцных каманд школьнікаў з Расіі, Латвіі, Беларусі, Грузіі і Казахстана.
— Галоўныя складнікі поспеху — адпаведны ўзровень падрыхтоўкі і вера ў перамогу, — расказвае Вераніка Лакціна. — Шэсць гадоў назад мы ўпершыню паспрабавалі сябе на гэтай алімпіядзе — удзельнікі той каманды паспяхова скончылі профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі. Першы раз выступілі не вельмі ўдала — дзве задачы ўсяго рашылі. Безумоўна, эмацыянальна паражэнне цяжка перажыць, затое гэта загартоўвае характар, дае неабходныя псіхалагічныя ўстаноўкі. І нават няўдача для навучэнцаў з высокай матывацыяй — стымул паглыблена займацца, больш трэніравацца, працаваць на вынік. І гэта вельмі важна, асабліва ўлічваючы, што прыкладна ў гэты ж час дзеці ўдзельнічаюць у першым і другім этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і рыхтуюцца да абласнога, а потым — да рэспубліканскага этапу. Вяртаючыся да Усерасійскай каманднай алімпіяды школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні: на працягу некалькіх гадоў мы ўпарта спрабавалі пакарыць гэтую вяршыню, але без значных вынікаў, нават калі ў актыве каманды ўжо былі перамогі і прызавыя месцы на рэспубліцы. Паступова падрасла змена, склаўся іншы склад каманды — дарэчы, не без моцнага ўплыву папярэднікаў: старэйшыя і малодшыя ў мяне традыцыйна трэніруюцца разам, сябруюць, абменьваюцца вопытам, вучаць адно аднаго. У мінулым годзе нават я засумнявалася, пытаюся ў дзяцей: “Давайце не паедзем?” І пачула катэгарычны адказ: “Абавязкова паедзем, мы зможам!” І сапраўды змаглі — узялі дыплом ІІІ ступені. Сёлета каманда засталася тая ж, толькі ўзровень яе прыкметна падрос: Ілья і Барбара пацвердзілі, Артур — атрымаў дыплом на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, Барбара заваявала бронзавы медаль міжнароднай алімпіяды. Адпраўляючыся ў Санкт-Пецярбург, мы ведалі, што сапернікі будуць моцныя, бачылі, што і пераможцы-міжнароднікі ў камандах прысутнічаюць, нават сярод беларусаў у гэтым плане была моцная канкурэнцыя — тым больш значнай для нас стала перамога. Да “золата” не хапіла паўкрока, нават былі моманты, калі мы выходзілі на першае месца ў табліцы. Упэўнена, што патэнцыял віцебскай каманды дазваляе зрабіць гэтых паўкрока, і спадзяюся, што так яно і будзе.

Таццяна БОНДАРАВА.