З перспектывай на будучыню

Выхаванне гістарычнай памяці, абавязку, патрыёта сваёй зямлі, законапаслухмянага грамадзяніна, адказнага за свае ўчынкі, — менавіта такія задачы былі пастаўлены адміністрацыяй і педагагічным калектывам школы на пачатку новага навучальнага года пры прыняцці рашэння аб адкрыцці на базе сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава ў Свіслачы класаў прававой накіраванасці. Дзякуючы сумесным намаганням Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, аддзела адукацыі, спорту і турызму Свіслацкага райвыканкама, раённага аддзела ўнутраных спраў і школы быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве. І ўжо 2 верасня вучні 5 “Б” і 6 “Б” класаў у новай форме пераступілі парог сваёй установы.

З першых дзён вучобы вучні прававых класаў змаглі адчуць сваю значнасць і ў той жа час адказнасць, бо менавіта яны — першыя, хто пачаў пісаць новую старонку ў гісторыі школы, на каго павінны і будуць раўняцца іншыя.
Класныя кіраўнікі і куратары класаў — прадстаўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў — прыклалі ўсе намаганні, каб хвіліны вучобы і вольнага адпачынку дзяцей не прайшлі дарэмна, а запомніліся на доўгія гады. Для вучняў прававых класаў адбылося ўрачыстае пасвячэнне з удзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Прайшлі цікавыя спартыўныя спаборніцтвы, віктарыны на прававую тэматыку, гульні-падарожжы па краіне Права. Вучні ўзялі шэфства над брацкай магілай супрацоўнікаў міліцыі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час пры выкананні службовага абавязку.
Дзякуючы бацькам у класах з’явіліся ў якасці падарунка новыя стэнды, а таксама была арганізавана экскурсія ў вайсковую часць 5522 у Гродна і полк патрульна-паставой службы УУС Гродзенскага аблвыканкама, дзе вучняў пазнаёмілі са зброяй і спецыяльнымі сродкамі, якія стаяць на забеспячэнні падраздзялення міліцыі асобага прызначэння.
З мэтай развіцця супрацоўніцтва з установамі адукацыі рэспублікі, у якіх адкрыты класы прававой накіраванасці, створаны сайт “Партнёрская сетка школ “Прававы клас”. Такая дзейнасць дасць магчымасць аб’яднаць прававыя класы для больш цеснага супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў, мерапрыемстваў, конкурсаў, акцый.
Калектыў школы і бацькі вучняў упэўнены, што толькі агульнымі намаганнямі можна дасягнуць станоўчых вынікаў у выхаванні маладога пакалення, сфарміраваць у свядомасці дзяцей і падлеткаў погляды і перакананні, якія забяспечаць высокую павагу да законаў дзяржавы, нецярпімасць да правапарушальнікаў, высокую прававую актыўнасць.

 

Эдуард ШАЛКЕВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы.